Івана Банфіч (харв.: Ivana Banfić; нар. 16 лістапада 1969, Заграб, Югаславія) — харвацкая поп-спявачка і танцорка, таксама вядомая пад сцэнічным псеўданімам I Bee, каралева харвацкай клубнай музыкі. Знакамітай стала ў пачатку 90-х, у перыяд папулярнасці танцавальнай музыкі ў Харватыі[2]. Творчасць Іваны Банфіч адрозніваецца сексуальна правакацыйнымі тэкстамі песень і складанай харэаграфіяй шоу. Асноўнымі хітамі спявачкі з’яўляюцца «Šumica», «Godinama», «Lav u srcu», «Vjerujem».

Івана Банфіч
Дата нараджэння 16 лістапада 1969(1969-11-16)[1] (54 гады)
Месца нараджэння
Краіна
Музычная дзейнасць
Прафесіі спявачка, балерына, студыйны музыкант
Інструменты вакал[d]
Жанры поп-музыка
Узнагароды
ivana-banfic.com (харв.)

Дзяцінства і пачатак кар’еры правіць

Івана нарадзілася ў музычнай сям’і і з ранняга дзяцінства займалася музыкай, атрымала класічную музычную адукацыю — яна скончыла сярэднюю музычную школу па класе фартэпіяна і планавала працягнуць навучанне ў Акадэміі музыкі, але пазней вырашыла прафесійна заняцца спевам. З чатырнаццаці гадоў Івана была бэк-вакалісткай на выступах многіх Харвацкіх выканаўцаў. У гэты ж час разам са спявачкай Северынай Вучкавіч яна стала вядучай папулярнай музычнай праграмы «Top Cup» на харвацкім тэлебачанні.

У канцы 80-х Івана пачынае сольную кар’еру. У 1990 годзе яна выступае на найстарэйшым музычным фестывалі Харватыі Zagrebfest[3] з песняй «Dođi», якую напісаў спявак Дзіна Дворнік. Яшчэ праз год Івана Банфіч запісвае свой першы альбом «Vozi me polako». У 1991 годзе, у тагачаснай СФРЮ, у Сараеве на конкурсе адбору югаслаўскіх песень для Еўрабачання яна прадстаўляла Харватыю з песняй «Daj, Povedi Me» якая была спрадзюсавана ў стылі сучаснай танцавальнай музыкі «acid-house» таго часу.

Першыя музычныя поспехі правіць

У 1994 годзе Івана Банфіч пад сцэнічным псеўданімам I Bee выпусціла свой другі студыйны альбом «Istinite priče vol.1»[4]. Песня «Ti si bolji» з гэтага альбома стала першай па-сапраўднаму паспяховай у кар’еры спявачкі. Пазней выйшаў сінгл «Šumica», які стаў галоўным хітом лета ў Харватыі.

У 1995 годзе быў выпушчаны трэці студыйны альбом Іваны Банфіч — «Mala škola ABC», асаблівасцю якога былі спрэчныя правакацыйныя тэксты песень. Галоўнымі хітамі гэтага альбома становяцца песні «Cigareta» і «Šumica 2».

Пад кіраўніцтвам прадзюсара Звоніміра Дуспера ў 1996 годзе Івана Банфіч запісвае чацвёрты студыйны альбом — «Bogovi su pali na tjeme», на якім пераважаюць песні, напісаныя Дзіна Дворнікам. Галоўнымі хітамі гэтага альбома становяцца «Dream», які дасягнуў папулярнасці за межамі Харватыі і дуэт з Дзіна Дворнікам «Nag». У гэтым жа годзе Івана з песняй «Fatamorganaurokana» упершыню выступае на найпапулярным у Харватыі музычным фестывалі ў Спліце[5].

Пасля двухгадовай паўзы Івана Банфіч аб’яўляе пра запіс новага альбома, які плануецца назваць «Stvari koje znam» і ў выглядзе сінгла выпускае песню «Ja nisam ta» з гэтага альбома. Альбом выйшаў у 1998 годзе, але з-за дамінуючай на ім лацінскай музыкі, першапачатковая назва альбома была зменена на «Kalypso». Песня «Navigator» з гэтага альбома становіцца хітом лета ў Харватыі, а відэакліп на яе (рэжысёр Радзіслаў Ёванаў — Гонза) да гэтага часу лічыцца адным з лепшых музычных кліпаў Харватыі. Таксама альбом уключае ў сябе рэмікс папулярнай песні «Šumica».

«Žena devedesetih» і «Ona zna» правіць

У 1999 годзе выходзіць шосты студыйны альбом Іваны Банфіч — «Žena devedesetih», які ўяўляе сабой пераход да больш сталай фазы кар’еры спявачкі. Альбом мае вялікі поспех і становіцца «залатым» у Харватыі. З песняй «Sad» Івана выступае на фестывалі ў Спліце, дзе займае другое месца. Але галоўным хітом гэтага альбома становіцца песня «Imam te», якая 20 тыдняў узначальвае ўсе радыё- і тэлевізійныя чарты Харватыі і намінуецца на розныя музычныя прэміі, у тым ліку і вышэйшую музычную ўзнагароду Харватыі Porin у намінацыі «хіт года», аднак атрымаць узнагароду ёй не ўдаецца. Песня «Country Roads» з альбома «Žena devedesetih» становіцца першым сінглам спявачкі, які паступіў у продаж на азіяцкія музычныя рынкі — песня была ўключана ў пяць розных зборнікаў, выдадзеных у дзевяці азіяцкіх краінах.

У пачатку 2000 года Івана Банфіч сустракае спевака Дзіна Мерліна, які, будучы прыхільнікам яе вакалу, прапануе Іване супрацоўніцтва. Песня «Godinama», запісаная гэтым дуэтам, мае аглушальны поспех на тэрыторыі ўсіх краін былой Югаславіі і збірае вялікую калекцыю музычных узнагарод, у тым ліку «Хіт лета 2000», усе тры ўзнагароды прэстыжнага харвацкага радыёфестывалю (на думку музычных рэдактараў, на думку слухачоў і Гран-пры) і вышэйшую музычную ўзнагароду Харватыі Porin ў намінацыі «хіт года». Такім чынам, Песні Іваны Банфіч намінаваліся на галоўную музычную ўзнагароду Харватыі Porin два гады запар, што пацвердзіла яе статус самай паспяховай харвацкай спявачкі дзесяцігоддзя.

Пасля двух гадоў з моманту выпуску альбома «Žena devedesetih» Івана Банфіч аб’яўляе пра запіс новага альбома «Ona zna» і выпускае аднайменны сінгл. Альбом выходзіць у 2001 годзе і ўключае ў сябе старыя хіты «Godinama», «Ona zna», а таксама дзве кавер-версіі вядомых песень — «Pjevam danju, pjevam noću» — кавер-версія аднайменнай песні Здраўка Чоліча і «Predaleko» — кавер-версія песні Элвіры Рахіч «Sad znam». З песняй «Predaleko» Івана Банфіч выступае на фестывалі ў Спліце, дзе атрымлівае перамогу.

«Ona zna» — самы паспяховы альбом Іваны Банфіч за ўсю яе кар’еру, ён быў прададзены накладам больш за 60000 асобнікаў і прынёс спявачцы 11 музычных узнагарод на розных музычных фестывалях.

«Glamour» і «Vjerujem» правіць

У 2002 годзе Івана Банфіч са спявачкай Клаўдыяй Бені запісваюць дуэт «Hrvatice vas vole» з нагоды чэмпіянату свету па футболе ў Японіі. У 2004 годзе выходзяць сінглы «Nema veze zlato», «Lav u srcu» і «Navodno» (дуэт з Хары Варэшанавічам), якія папярэднічаюць выхаду новага альбома Іваны — «Glamour». З песняй «Navodno» Хары Варашановіч і Івана Банфіч перамагаюць на фестывалі ў Спліце. Альбом «Glamour» прыносіць Іване Банфіч шматлікія музычныя ўзнагароды і робіць яе самай тытулаванай спявачкай за ўсю гісторыю харвацкай музыкі.

У 2005 годзе быў выдадзены першы зборнік песень Іваны Банфіч — «Collection», які уключаў галоўныя хіты спявачкі за ўсю яе кар’еру, а таксама дзве новыя песні — «Never Know» і «Nedodirljiva». 4 сакавіка 2006 года Івана Банфіч выступіла на фестывалі Dora —адборы да Еўрабачання-2006, дзе з песняй «Kad se sklope kazaljke» заняла 5-е месца. У канцы 2006 года Івана Банфіч выпускае свой дзявяты студыйны альбом — «Vjerujem». Аднайменны сінгл і відэа на яго ўзначальваюць радыё — і тэлевізійныя чарты Харватыі. Кліп на песню «Vjerujem» (рэжысёр Дарка Дрыновіч) знаходзіцца ў ратацыі музычных тэлеканалаў розных еўрапейскіх краін.

У 2007 годзе Івана выпускае яшчэ адзін паспяховы сінгл — «To je vrijedilo čekati», дуэт з Тоні Цэцінскі. У тым жа годзе Івана Банфіч з партнёрам Сцяпанам Божычам прымае ўдзел у тэлешоў «Zvijezde pjevaju», дзе яны займаюць сёмае месца.

Еўрабачанне правіць

Івана Банфіч двойчы брала ўдзел у фестывалі Dora, які з’яўляецца харвацкім нацыянальным адборам на конкурс Еўрабачанне. У 2006 годзе ў першым паўфінале з песняй «Kad se sklope kazaljke» яна заняла 7 месца і прайшла ў фінал, дзе заняла 5 месца з 16 магчымых. У 2008 годзе з песняй «Mir» Івана Банфіч у фінале заняла 9 месца з 16 магчымых.

Асабістае жыццё правіць

Першы раз Івана Банфіч выйшла замуж за свайго былога мэнэджара Роберта Магіча, але ў 2005 годзе пара развялася. 28 мая 2008 года Івана ў другі раз выйшла замуж — за Круна Ладзішыча, ад якога ў 2009 годзе нарадзіла сына Яна.

Сучасны этап кар’еры правіць

У 2010 годзе пасля чатырохгадовага перапынку ў кар’еры, звязанага з цяжарнасцю і нараджэннем дзіцяці, Івана Банфіч вярнулася на музычную сцэну Харватыі з сінгламі «Vampir» і «Zovi me Erika»[6].

Дыскаграфія правіць

Студыйныя альбомы правіць

  • 1991 — Vozi me polako
  • 1994 — Istinite priče vol 1.
  • 1995 — Mala škola ABC
  • 1996 — Bogovi su pali na tjeme
  • 1998 — Kalypso
  • 1999 — Žena devedesetih
  • 2001 — Ona zna
  • 2004 — Glamour
  • 2006 — Vjerujem

Сінглы правіць

  • 2001 — Sad je kasno
  • 2003 — Navodno ft. Hari Mata Hari
  • 2003 — Lav u srcu
  • 2004 — Otisak prsta
  • 2004 — Ljubav trebam svaki dan ft. Goran Karan
  • 2006 — Ljubav na prvi i posljednje pogled
  • 2006 — Kad se sklope kazaljke
  • 2006 — Ničija žena
  • 2007 — I bio je red
  • 2007 — Kao cvijet iz kamena
  • 2008 — Treća sreća
  • 2008 — Mir
  • 2011 — Vampir
  • 2011 — Zovi me Erika

Зборнік правіць

  • 2005 — Collection

Зноскі

  1. Internet Movie Database — 1990. Праверана 10 ліпеня 2016.
  2. Vecernji.hr — Ivana Banfić opet je I Bee i vraća se na klupsku scenu, scena, trac. Архівавана з першакрыніцы 10 кастрычніка 2012. Праверана 20 сакавіка 2012.
  3. Hrvatsko društvo skladatelja Архівавана 5 снежня 2012 года.
  4. Ivana* — Vozi Me Polako (Vinyl, LP, Album) at Discogs. Архівавана з першакрыніцы 14 верасня 2013. Праверана 20 сакавіка 2012.
  5. http://www.splitskifestival.com/nagrade.php?y=1(недаступная спасылка)
  6. Ivana Banfić: Nemam tremu, pjevanje je kao vožnja bicikla — mJutarnji. Архівавана з першакрыніцы 15 кастрычніка 2012. Праверана 20 сакавіка 2012.

Спасылка правіць