Іван Мінчаў Вазаў (балг.: Иван Вазов; 9 ліпеня 1850, Сопат, Асманская імперыя, сучасн. Балгарыя22 верасня 1921) — балгарскі пісьменнік, класік балгарскай літаратуры.

Іван Вазаў
балг.: Иван Вазов
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні Іван Мінчаў Вазаў
Псеўданімы Пейчин, Добринов, Ц-в, Д. Н-ров, Т. Габровски, Боянец, Белчин, Н-чев и др.
Дата нараджэння 9 ліпеня 1850(1850-07-09)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 22 верасня 1921(1921-09-22)[3][4][…] (71 год)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства  Балгарыя
Бацька Mincho Vazov[d]
Маці Saba Vazova[d]
Жонка Atina Bolyarska[d]
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці празаік, паэт, драматург
Кірунак рэалізм
Жанр лірыка, эпас, драма
Мова твораў балгарская
Дэбют верш «Борът»
Грамадская дзейнасць
Партыя
Член у
Узнагароды
Ордэн «Святыя Роўнаапостальныя Кірыла і Мяфодзій»
Ордэн «Святыя Роўнаапостальныя Кірыла і Мяфодзій»
vazovmuseum.com
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў сям'і гандляра. Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай школе. У 15-гадовым узросце выпраўляецца вучыцца ў Калофер. Праз год Вазаў вучань гімназіі ў Плоўдзіве, захапляўся паэзіяй. У 1868 г. бацька ненадоўга адклікае сына дадому, але хутка пасылае яго ў Румынію да свайго брата — на стажыроўку ў гандлярстве. Тут Іван Вазаў піша вершы, якія друкуе ў эмігранцкай балгарскай перыёдыцы, а гандлем зусім не цікавіцца. Урэшце ён перабіраецца ў горад Браіл, дзе трапляе ў асяроддзе балгарскіх рэвалюцыянераў-эмігрантаў і пераймаецца іх патрыятычнымі настроямі, ідэяй узброенай барацьбы за вызваленне Балгарыі з асманскага ярма. У Браіле, а затым у Галацы Вазаў сустракаецца з Хрыстам Боцевым, а таксама з іншымі балгарскімі пісьменнікамі-рэвалюцыянерамі. У 1872 г. Вазаў вяртаецца ў Балгарыю, нейкі час працуе на поўдні края настаўнікам, затым каля двух гадоў перакладчыкам у французскіх і нямецкіх інжынераў на будаўніцтве чыгункі Сафія — Кюстандзіл. У 1875 г. перабіраецца ў Сопат і ўступае ў адноўлены мясцовы рэвалюцыйны камітэт. Балгарыя рыхтуецца да ўзброенага паўстання. У гэты час акрэслілася творчае крэда Вазава як паэта-грамадзяніна, рэвалюцыянера і патрыёта. Паўстанне было падрыхтавана слаба, пачалося заўчасна (у красавіку 1876) і было разгромлена. Баючыся арышту, Вазаў выехаў у Румынію, дзе выдаў — пад псеўданімам Пейчын — першую кнігу вершаў «Сцяг і гусла» (1876). Праз год — пад уласным імем — зборнік паэзіі «Пакуты Балгарыі», яшчэ праз год — зборнік «Вызваленне», прысвечаны руска-турэцкай вайне, у якой удзельнічалі і балгарскія апалчэнцы. Звязваючы надзеі на вызваленне з Расіяй, Вазаў вітае прыход рускага войска вершам «Здраствуйце, братушкі!». Ён працуе пісарам пры губернатары ў Свіштове, пасля каля года пражыў у горадзе Русе, а вясной 1879 стаў старшынёй акруговага суда ў Бярковіцы. Увосень наступнага года знаходзіць прыстанішча і працу ў Плоўдзіве. Разам з Канстанцінам Валічкавым на працягу пяці гадоў выдае газету «Народны голас», выступае як публіцыст і крытык, удзельнічае ў грамадскім і культурным жыцці маладой Балгарскай дзяржавы. 3 1886 рэдагуе навукова-літаратурны часопіс «Навука».

У Плоўдзіве, Вазаў стварае «Эпапею забытых» — цыкл патэтычных одаў у гонар выдатных герояў нацыянальна-вызваленчай барацьбы. З-пад яго пяра выходзяць і класічныя ўзоры балгарскай грамадзянскай лірыкі: «Свабодзе», «Новыя могілкі над Сліўніцай», «Не гасі тое, што не гасне», «Балгарская мова». На плоўдзіускі перыяд жыцця прыпадае пачатак працы Вазава-празаіка. За прозу ён бярэцца, змушаны цяжкімі матэрыяльнымі абставінамі. Але ўжо першая аповесць «Мітрафан» (1881, пазней названа «Мітрафан і Дармідольскі»), у аснове якой — успаміны з жыцця ў гарадку Бярковіцы, засведчыла наяўнасць белетрыстычнага таленту. Асабліва гэта пацвердзілі дзве наступныя аповесці: «Беспрытульныя» — пра жыццё балгарскіх рэвалюцыянераў-эмігрантаў у Румыніі, і «Дзядзькі» — пра дзяцінства пісьменніка ў Сопаце ў акружэнні па-народнаму каларытных чалавечых характараў і тыпаў.

Увосень 1886 г. Іван Вазаў быў вымушаны пакінуць радзіму. Прычына — рэзкае ўзмацненне антырускіх настрояў у афіцыйных колах Балгарыі і небяспека быць арыштаваным. Колькі месяцаў ён жыве ў Стамбуле, пасля апынаецца ў Адэсе, дзе ў якасці палітычнага эмігранта жыве са студзеня 1887 да сакавіка 1889. 3 Адэсы ён робіць паездкі ў Кіеў, Пецярбург, Маскву, глыбей знаёміцца з жыццём Расіі і з рускай літаратурай.

У Адэсе Вазаў піша раман «У ярме». Вярнуўшыся ў 1889 годзе на радзіму, друкуе яго ў серыйным выданні міністэрства народнай асветы «Зборнік для народнай творчасці, навукі і літаратуры» (1889-90). Пад загалоўкам кнігі аўтар пазначыў: «Раман у трох частках з жыцця балгар напярэдадні Вызвалення». Гэта раман пра падрыхтоўку, пачатак і разгром Красавіцкага паўстання, нарастанне рэвалюцыйнай сітуацыі ў краіне, пра тое, як простыя людзі — рамеснікі і сяляне, настаўнікі і ўрачы — пранікаліся ўсведамленнем нацыянальна-вызваленчай барацьбы, выспявалі да ідэі паўстання і ўліваліся ў баявыя атрады. Падзеі ў рамане адбываюцца на працягу года — ад вясны 1875 да вясны 1876, калі паўстанне было задушана. У цэнтры ўвагі — лёс, учынкі, клопаты і думы маладога балгарына Бойчы Агнянава; ён прафесійны рэвалюцыянер, змагар і бунтаўнік па натуры, свядомы і перакананы вораг асманскай дэспатыі. 3 цеплынёй і любасцю абмаляваны вобразы яго паплечнікаў. У процівагу ім выразна пададзены ў рамане вобразы тых, каго доўгая няволя і падачкі чужынцаў-заваёўнікаў зрабілі халуямі і здраднікамі. У невысокай палітычнай і маральнай свядомасці многіх суайчыннікаў бачыць Вазаў адну з прычын няўдачы паўстання. У рамане маляўніча апісаны народны побыт балгараў, іх гаспадарчы ўклад, звычаі і традыцыі, фальклор, а перад усім — непаўторна-каларытныя народныя характары. Па-майстэрску абмаляваны гарадскія і сельскія дамы і падворкі, манастыры і цэрквы, заезныя дамы, корчмы, кавярні, цырульні, горы і цясніны, лясы і дубровы. Мова рамана жывая, эмацыянальная, лексічна і фразеалагічна свабодная, з пераходамі ад строгага і дакладнага рэалістычнага пісьма да фальклорна-бытавой вуснамоўнай стыхіі і да адкрытай публіцыстычнасці.[6]

3 1889 г. Вазаў пастаянна жыве ў Сафіі. Плённа працуе ў паэзіі (кнігі «Песні вандроўніка», 1899, «Пад нашым небам», 1900, «Пад гром перамогі», 1914, «Запахнуў мой бэз», 1917, «Новыя водгукі», 1917, «Не загіне!», 1920, і інш.). У вершах, напісаных на сумежжы стагоддзяў, востра праяўляецца крытычна-выкрываўчы пафас. Пасля рамана «У ярме» напісаны раманы з сучаснага жыцця балгар «Новая зямля» (1896) і «Казаларская царыца» (1903), гістарычны раман з эпохі канца XIII ст. «Святаслаў Тэрцер» (1907), аповесці «Іван Аляксандр» (1907), «Нора» (1908), кнігі апавяданняў «Драпіны і плямы» (1895, у 2-х т.), «Бачанае і чутае» (1901), «Стракаты свет» (1902) і інш. Названыя раманы і аповесці не сталі новым мастацкім дасягненнем, затое апавяданні, асабліва кароткія, вызначаюцца высокім рэалістычным майстэрствам. У гэты ж перыяд з-пад пяра Вазава выходзіць каля дзесятка п'ес, найбольш вядомыя сярод якіх — гістарычныя драмы «Да краю бездані» (1908), «Барыслаў» (1909), «Івайла» (1911), камедыі з сучаснага жыцця «Кандыдаты славы» (1901), «Шукальнікі цёплага месцейка» (1903).

Быў момант, калі пад ударамі крытыкі Вазаў быў гатоў схіліцца да таго, каб адмовіцца ад літаратурнай працы. Менавіта тады (1897) ён даў згоду стаць міністрам народнай асветы, праўда, цягнулася гэта дзяржаўная служба толькі паўтара года.

У 1920 годзе Івану Вазаву было прысвоена ганаровае званне «народнага паэта».

Ушагаванне памяці правіць

Яго імя носіць Нацыянальны тэатр Івана Вазава ў Сафіі.

Зноскі

Беларускія пераклады правіць

На беларускую мову яго творы перакладалі Н. Гілевіч, У. Аніскевіч.

Бібліяграфія правіць

  • У ярме: Раман / Пер. У. Аніскевіча; Прадм. Н. Гілевіча. — Мн: Маст. літ.. 1991. — (Скарбы сусветнай літаратуры)