Ігнат Цэйзік

беларускі музыкант, скульптар, малявальшчык, гравёр і каліграф

Ігнат Цэйзік (1779 — 1860) — беларускі музыкант, скульптар, малявальшчык, гравёр і каліграф.

Ігнат Цэйзік
Дата нараджэння 30 лістапада 1779(1779-11-30)
Месца нараджэння
Дата смерці 1858[1][2]
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці дзеяч мастацтваў

Жыццяпіс правіць

Нарадзіўся у маёнтку Лыскава (пад Ружанамі) ў сям’і каваля Міхала і Ганны Сабалеўскай (унук Якуба (прозвішча невядомае) — капітана гвардыі ВКЛ). У 1798 годзе закончыў тры класы школы, вучыўся у Віленскім ўніверсітэце жывапісу ў прафесара, доктара філасофіі (па меркаванні Соф’і Лач, даследчыцы з Беластока) Францішка Смуглевіча. Ад 1798 года Ігнат вучыўся на факультэце вытанчаных мастацтваў і літаратуры, у 1802 перайшоў на фізіка-матэматычны факультэт. Дыплом не атрымаў.

Сябраваў з мастакамі Янам Дамелем, Язэпам Аляшкевічам, доктарам Юзэфам Лібошчыцам, вядомым матэматыкам таго часу Захарыем Нямчэўскім. Маючы здольнасці да каліграфіі, Ігнат паступіў на службу ў канцылярыю Віленскага ўніверсітэта. Загаловак дыплома (8—9 радкоў) каштаваў дзесяць і болей рублёў.

Цэйзік быў аматарам тэатру. Віленскія тэатры пачатку ХІХ стагоддзя, у якіх апроч твораў сусветнай класікі («Рамэа і Джульета», «Атэла», «Эмілія Галоці» і «Скупы»), давалі спектаклі, што сцвярджалі эстэтычныя погляды Асветніцтва, былі «больш незалежныя ад цэнзуры, чым іншыя тэатры Расіі».

У 1805 Цэйзік пабраўся шлюбам з паненкай Марыяй Качынскай і пераехаў у Слонім. Грашовая нястача абвастрылася.

Справа «фальшываманетчыка Цэйзіка» правіць

Праз некаторы час Ігнат Цэйзік разам з усёй сям’ёй (з ім жылі яшчэ брат Фелікс і швагер Дамінік Тырка) змяніў месца жыхарства. Са слонімскага дома цесця Тамаша Качынскага ён перабраўся ў арандаваны пад Слуцкам фальварак Ханусаўшчызна. Там заклаў і даглядаў элітны сад ды вырабляў цацкі з гліны, раздаваў грошы жабракам і валацугам. Неўзабаве ў 1814 годзе на сядзібе Цэйзіка з’явіліся судовы прыстаў ды жандары. Быў зроблены вобшук. Жандары знайшлі ліставанне з віленчукамі і з мастаком Дамелем. А яшчэ друкарскае абсталяванне, фарбу і паперу для вытворчасці казначэйскіх білетаў. Ігната абвінавацілі ў прадукаванні фальшывых асігнацыяў імперыі на 65 000 рублёў. На Цэйзіка надзелі кайданкі і разам з памагатымі Феліксам і Дамінікам адвезлі ў вязніцу. Справа «фальшываманетчыка Цэйзіка» доўжылася не адзін год і мела на той час моцны розгалас. Дапытвалі ўвесь віленскі асяродак Ігната. Арыштаваных прывезлі ў Мінск. Прафесар матэматыкі Захарый Нямчэўскі праходзіў па справе ў якасці абвінавачанага. Мастак Ян Дамель быў сведкам, але атрымаў пяць гадоў высылкі ў Заходнюю Сібір. Пакаралі амаль усіх.

Цэйзік збег 15 ліпеня 1819 года, і праз пэўны час з’явіўся ў Аўстрыі. Вырак суда: «Пажыццёвая катаржная праца на нерчынскім рудніку» яму быў вынесены завочна ў 1820 годзе. Праз некаторы час Цэйзік вырабіў дакументы на імя Якуба Чудоўскага і перабраўся на Падол. Арандаваў ва ўладаннях Чартарыйскіх фальварак, з усіх бакоў абкружаны лесам. Хутка паліцыя знайшла яго. На паўторным разглядзе справы Цэйзік заявіў, што дзейнасць яго не была накіравана на ўласнае ўзбагачэнне. Шкоды дзяржаве як сукупнасці грамадзянаў ён не зрабіў, бо фінансавая сістэма краіны, у якой цалкам уладарыць натуральная гаспадарка, задавольвае патрэбы толькі невялікай купкі абраных, блізкіх да адміністрацыі асобаў. Сваёй жа мэтай ён ставіў пабольшваць інфляцыю і тым самым паслабляць расійскую сістэму. І такім чынам працаваць на вызваленне зняволеных народаў, дамагаючыся аднаўлення Рэчы Паспалітай і вяртання ў дзеянне Канстытуцыі 3 мая.

Ссылка ў Табольск правіць

У Табольску Ігнат жыў законапаслухмяным жыццём. Мастацкі талент і апантаная працаздольнасць так спадабаліся тамтэйшай адміністрацыі, што адпраўку ў «нерчынскі руднік» замянілі на расканвойнае ўтрыманне ў Табольску. Знайшоўся нават дабрадзей Пётр Машынскі, з былых высланых, які з уласных сродкаў прызначыў мастаку стыпендыю.

У Табольску Ігнат Цэйзік другі раз пабраўся шлюбам. Тут у яго нарадзілася двое сыноў, ён пабудаваў уласны дом. Яго выраб — дэкаратыўнае блюда (копія ў Цюменскім музеі) атрымаў цэсарэвіч Аляксандр (будучы Аляксандр ІІ), калі праязджаў праз Табольск. Усю дробную пластыку дэкаратыўна-ўжытковага характару — кубкі, вазы, блюды, шклянкі, цукроўніцы, статуэткі — Ігнат Цэйзік рабіў з гліны. Таксама, як і абразы, партрэты ды рэльефныя сюжэтныя кампазіцыі, якімі могуць ганарыцца музеі Чыты, Краснаярска, Табольска, Іркуцка, Масквы і Пецярбурга. Таксама яго працы захоўваюцца ў Музеі Нарадовым у Варшаве, Музеі Войска Польскага, Нацыянальным музеі Кракава, Віленскім мастацкім і Нацыянальным музеі Літвы, Нацыянальным музеі вытанчаных мастацтваў у Каўнасе.

Зрабіў партрэт-барэльеф дзекабрыста Аляксандра Міхайлавіча Мураўёва (1801—1853), які зараз захоўваецца ў Інстытуце рускай літаратуры («Пушкінскім доме»). У 1840-я зноў пачынае займацца фальшываманетніцтвам, за што прыгавораны да прац у Акатуйскім рудніку, «пажыццёва прыкутым да вазка» з пародай. Пасля дзясятка гадоў працы пад зямлёй, у 1857 годзе Ігнат Цэйзік «па старасці» выйшаў з шахты і атрымаў дазвол на пасяленне ў Верхнядзвінску, а неўзабаве і ў Іркуцку, дзе рабіў статуэткі Буды для мясцовых буратаў. Апрача таго ў Сібіры пачалася мода на мастака, яго тэракотавыя рэчы, ужытковыя, дэкаратыўна-ўжытковыя, а таксам мастацкія — абразы ды сюжэтныя пано — пачалі падрабляць «пад Цэйзіка» і тыражаваць іх. Лепшы з твораў Цэйзіка (шматпланава-кампазіцыйны тэракотавы аўтапартэт мастака) набыў высланы за ўдзел у нацыянальна-вызваленчым паўстанні 1863 года Козел-Паклеўскі.

Зноскі

  1. Ignacy Julian Cejzyk // NUKAT — 2002.
  2. Ignacy Julian Cejzyk // MAK

Спасылкі правіць