Інтэрнацыянальны стыль

Інтэрнацыянальны стыль — вядучы кірунак мадэрнісцкай архітэктурнай думкі перыяду 1930-1960-х гг. Піянерамі інтэрнацыянальнага стылю былі Вальтэр Гропіус, Петэр Берэнс і Ханс Хоп у Германіі, найбольш яркімі і паслядоўнымі прадстаўнікамі — Ле Карбюзье (Францыя), Людвіг Міс ван дэр Роэ (Германія-ЗША) і Якабс Аўд (Нідэрланды).

Эстэтыка інтэрнацыянальнага стылю патрабавала адмовы ад нацыянальных культурных асаблівасцяў і ўсялякіх разнавіднасцяў гістарычнага дэкору на карысць прамых ліній і іншых чыстых геаметрычных форм, лёгкіх і гладкіх паверхняў са шкла і металу. Упадабаным матэрыялам стаў жалезабетон, у інтэр'ерах шанаваліся шырокія адкрытыя прасторы. Гэта была архітэктура індустрыяльнага грамадства, якая не хавала свайго ўтылітарнага прызначэння і здольнасці эканоміць на «архітэктурных празмернасцях». Неафіцыйным дэвізам руху быў прапанаваны Людвіг Міс ван дэр Роэ парадокс: The less is more («чым менш — тым больш»).

У паваенны час тыповым увасабленнем ідэалаў інтэрнацыянальнага стылю былі па-геаметрычнаму вывастраныя небаскробы Міс ван дэр Роэ, Філіпа Джонсана і Бэй Юйміна. Ле Карбюзье эвалюцыянаваў у бок больш скульптурнага падыходу да архітэктуры, пры якім падкрэслівалася грубая структура бетону (так званы «бруталізм»). Інтэрнацыянальны стыль пракраўся ў архітэктурна кансерватыўныя краіны, дзе з'явіліся свае «паэты жалезабетону» — П'ер Луіджы Нерві ў Італіі і Оскар Німеер у Бразіліі. Аддалі даніну эстэтыцы гэтага кірунку і такія індывідуалістычныя майстры «арганічнай архітэктуры», як Фрэнк Лойд Райт і Алвар Аалта.

Адыход ад інтэрнацыянальнага стылю азначыўся ў 1950-я гг. у творах Эра Саарынена, а ў 1970-я гг. з крытыкай на абмежаванасць і «нуднасць» гэтага падыходу абрынуўся заснавальнік архітэктурнага постмадэрнізму — Роберт Вентуры.

Гл. таксама правіць