Ірына Анатолеўна Бонч-Асмалоўская

беларуская рэвалюцыянерка, лекарка-хірург (1882—1941)

Іры́на Анато́леўна Бонч-Асмало́ўская (9 (21) верасня 1882, м. Блонь, цяпер Пухавіцкі раён, Мінская вобласць — 30 снежня 1941, Ленінград) — рэвалюцыянерка на тэрыторыі Беларусі і Расіі, лекарка.

Ірына Анатолеўна Бонч-Асмалоўская
Род дзейнасці рэвалюцыянерка, хірург
Дата нараджэння 9 (21) верасня 1882
Месца нараджэння
Дата смерці 30 снежня 1941(1941-12-30) (59 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Бацька Анатоль Восіпавіч Бонч-Асмалоўскі
Маці Варвара Іванаўна Бонч-Асмалоўская
Муж Сяргей Карлавіч Вржосек[d]
Месца працы
Альма-матар
Партыя
Прыналежнасць Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў і Расійская імперыя
Бітвы/войны
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Нарадзілася маёнтку Блонь Ігуменскага павета Мінскай губерні ў сям’і рэвалюцыянераў-народнікаў Анатоля і Варвары Бонч-Асмалоўскіх. Браты — Іван, Радзівон і Глеб.

Дзяцінства Ірыны прайшло ў маёнтку Блонь, тут яна скончыла школу для вясковых дзяцей, якую пабудаваў яе бацька і ў якой вучыліся яе браты, потым у гімназіі ў Санкт-Пецярбургу. Пасля паступіла ў Санкт-Пецярбургскі жаночы медыцынскі інстытут.

Рэвалюцыйная дзейнасць правіць

У рэвалюцыйную дзейнасць яна была ўцягнута бацькам, маці і братамі яшчэ ў маёнтку Блонь, выконваючы рознага роду даручэнні[1]. Справе рэвалюцыйнай барацьбы Бонч-Асмалоўская прысвяціла першую палову свайго жыцця[2]. У маёнтку Блонь была створана ўнікальная на той момант сацыялістычная сялянская камуна: у ёй было аб’яднана каля дзясятка сялянскіх арцеляў, якія бязвыплатна атрымалі ад сваіх гаспадароў Бонч-Асмалоўскіх зямлю і неабходны інвентар; у гэтай камуне Бонч-Асмалоўская вяла прапаганду сярод сялян, якая дала ў выніку шэраг актыўных рэвалюцыянераў[2][3].

У 1897—1898 гадах праз неўраджаі у 18 губернях Усходу і Паўднёвага Усходу Расійскай імперыі пачаўся голад, які ахапіў 27 мільёнаў чалавек[4]. Народнікі Бонч-Асмалоўскія ўзялі ад сваёй гаспадаркі некалькі соцень рублёў, вагон жыта, сабралі ў суседзяў некалькі пудоў сала і круп, і Варвара ўдваіх з Ірынай паехалі на Волгу арганізоўваць сталовыя, карміць галодных[5]. Па дарозе спыніліся ў Маскве, Самары, знаёміліся з дзеячамі ў арганізацыі дапамогі галодным. Іх накіравалі ў сяло Макіеўку Самарскай губерні. Узятых з сабой грошай не хапала, але дапамаглі і арганізацыі, і прыватныя асобы. Акрамя двух сталовых у Макіеўцы, яны заснавалі яшчэ трэцюю і змаглі давесці свае сталовыя да новага ўраджаю[6].

Па вяртанні Бонч-Асмалоўская працягнула рэвалюцыйную дзейнасць, у 1899 годзе стала членам РСДРП. Ёй было 17 гадоў, яна вучылася на першым курсе медыцынскага інстытута. Усе ў сям’і займаліся палітыкай, рэвалюцыяй, але ўваходзілі ў розныя палітычныя партыі. З сям’і хтосьці ўвесь час быў пад следствам, у турме або ў спасылцы. Часам — усё адначасова[7].

1 сакавіка 1901 года Бонч-Асмалоўская ўдзельнічала ў маніфестацыі ля Казанскага сабора ў Санкт-Пецярбургу, дзе атрымала раненне галавы[8]. За ўдзел у дэманстрацыі Бонч-Асмалоўская была арыштаваная і выслана пад нагляд паліцыі ў Блонь, а затым за супрацьпраўную дзейнасць разам з бацькам і братам была саслана на 5 гадоў пад гласны нагляд у Сцяпное генерал-губернатарства, 2 траўня 1902 года паселеная ва Усць-Каменагорску Сяміпалацінскай вобласці (Усходні Казахстан). Далей адбывала ссылку спачатку ва Уфе, затым у Белябеі Уфімскай губерні. Уступіла ва "Уральскі Саюз с.-д. і с.-р. (сацыял-дэмакратаў і сацыял-рэвалюцыянераў)[9]. Пасля вызвалення па амністыі ў 1904 годзе Бонч-Асмалоўская выехала за мяжу, дзе ўдзельнічала ў рабоце сацыял-дэмакратычнай партыі. Вярнулася ў Блонь у 1905 годзе і зноў прыняла ўдзел у рэвалюцыйнай рабоце, хоць была пад таемным наглядам паліцыі[10].

У час Рэвалюцыі 1905 года Бонч-Асмалоўская ўдзельнічала ў выступленнях на Чырвонай Прэсні ў Маскве ў групе эсэра Міхаіла Сакалова[d][11].

Лекарка-хірург правіць

З 1908 года, пасля вялікага перапынку на рэвалюцыйную барацьбу, Бонч-Асмалоўская працягнула вучобу ў Медыцынскім інстытуце. У 1914 годзе яна вырашыла з'ехаць далей ад сталіцы, «каб прысвяціць сябе лячэнню простых людзей, захоўваючы ідэалы народнікаў і эсэраў»[12]. Але 14 кастрычніка 1915 года Бонч-Асмалоўская атрымала ад старшыні Медыцынскай выпрабавальнай камісіі пры Жаночым медыцынскім інстытуце Петраграда пасведчанне № 22 аб прысваенні ёй звання лекара і з'ехала хірургам на фронт Першай сусветнай вайны. На працягу 1915—1917 гадоў яна была ў ліку першых у гісторыі Расійскай імперыі жанчын-хірургаў на фронце.

У 1917—1922 гадах Бонч-Асмалоўская працуе хірургам у 2-й гарадской бальніцы Менска[13]. З 1922 года на кафедрах шпітальнай хірургіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1929 годзе адбыўся Першы Усебеларускі з'езд хірургаў, гінеколагаў і акушэраў, Бонч-Асмалоўская выступіла на ім з дакладам[14]. У 1932 годзе яна атрымала пасаду дацэнта кафедры шпітальнай хірургіі Медыцынскага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Аўтарка навуковых работ у хірургіі[15][16][17][18].

Пасля першага арышту ў 1930 годзе брата Радзівона (з 1925 года ён быў старшынёй сельскагаспадарчай секцыі Дзяржплана БССР і членам прэзідыума Дзяржаўнай планавай камісіі пры СНК БССР, у 1938 годзе зноў арыштаваны і забіты на допыце), Бонч-Асмалоўская з'ехала з Менска ў Леніград, каб пазбегнуць рэпрэсій. У той жа час пасадзілі яе сына, Ігара, у ліку 38 студэнтаў Ленінградскага ўніверсітэта, якія чыталі ў гуртку аматараў паэзіі забароненыя ў той час вершы Маякоўскага і Ясеніна. Увосень 1933 года быў арыштаваны яе малодшы брат Глеб.

З 1933 года і да Другой сусветнай вайны Ірына Бонч-Асмалоўская працавала хірургам у Ленінградзе. Памерла 30 снежня 1941 года ў час блакады Ленінграда ад голаду.

Сям’я правіць

Муж — Сяргей Карлавіч Вржосек[d] (1867—1957), адвакат, літаратар. Дзеці — Ігар Сяргеевіч Бонч Асмалоўскі (1912—1967) і Кіра Сяргееўна Бонч-Асмалоўская (1914—1975).

Зноскі

  1. Савіцкая Л. Група Бонч-Асмалоўскага. «Полымя». 1967, № 5.
  2. Клейн Б. С. В годину испытаний : ист.-лит. очерки / Б. С. Клейн. — Минск : Мастацкая лит., 1986. — 160 с. : ил.
  3. Бонч-Осмоловские. Воспоминания. — М.: Научная книга, 2015. — 580 с. : илл. ISBN 978-5-91393-131-3.
  4. Круглов В. Царь-голод. Факты против мифов. Архівавана 2 лютага 2020.
  5. Морозова О. Г. Одна судьба. — Л.: Сов. писатель, 1976.
  6. Бонч-Осмоловский А. О. Эпоха 1905 г. Мои воспоминания // Полымя. 1925, № 6-7.
  7. Ваховская В. И. Жизнь революционерки. — М.: Изд-во Всесоюз. о-ва политкаторжан и ссыльнопоселенцев, 1928. — 23 с. с портр. (журн. «Каторга и ссылка»)
  8. Бонч-Асмалоўскi А. Лiберальна-апазiцыйны рух на Беларусi // Беларусь. Мн., 1924.
  9. Газета «Искра», № 20, 1902 г. Статья «Хроника революционной борьбы», ссыльные Анат. Иосиф., Ирина Анат. и Иван Анат. Бонч-Осмоловские.
  10. ГАРФ, ф. 63, оп. 25, д. 280. — Дело по наблюдению за Бонч-Осмоловской Ириной Анатольевной, дворянкой Минской губ., состоявшей под негласным надзором полиции.
  11. Воробьев, А. А. Бонч-Осмоловский — семья революционеров в истории Беларуси. Архівавана 24 сакавіка 2019. / А. А. Воробьев // Романовские чтения — 12 : сборник статей Международной научной конференции, Могилев, 23-24 ноября 2016 г. / под общ. ред. А. С. Мельниковой. — Могилев : МГУ имени А. А. Кулешова, 2017.
  12. «Ирины Анатольевны Бонч-Осмоловской, слушательницы пятого курса С-Петербургского Женского Медицинского института Прошение [о приеме на работу в Вологодскую губ.]» Гос. архив Вологодской обл. (ГАВО), ф. 50, оп. 1, д. 1072, л. 12. По прошениям разных лиц о принятии в земство. 1914 г.
  13. ЭГБ 1994, с. 57.
  14. Рубашов, С. М. Первый съезд хирургов и гинекологов (9 мая 1929 г., Минск) / С. М. Рубашов // Звязда. — 1929
  15. Бонч-Осмоловская, И. А. К вопросу об оперативном лечении свищей прямой кишки / И. А. Бонч-Осмоловская // Новый хирург. Арх. — 1930. — № 20.
  16. Дульцев Ю. В., Саламов К. Н. Парапроктит. — Медицина. — 1981.—208 с., ил.
  17. Черкасов, Д. М. Кандидат медицинских наук. Место защиты диссертации: Ростов-на-Дону. Код cпециальности ВАК: 14.00.27. Специальность: Хирургия. Количество cтраниц: 164. 2009 г. Научная библиотека диссертаций и авторефератов. Архівавана 27 студзеня 2019.
  18. Малюгин В. С. Лечение экстрасфинктерных свищей прямой кишки. Хирургия. Диссертация на соискание ученой степени кандидата медицинских наук: 14.01.17 / Малюгин Вячеслав Сергеевич;[Место защиты: Ставропольский государственный медицинский университет].- Ставрополь, 2014. — 128 с.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць