Іўдаі́зм[2][3], або Юдаі́зм — найбольш ранняя агульнавядомая монатэістычная рэлігія[4] і найбольш старажытная з захаваных да цяперашняга часу[5], узнікла ў II тыс. да н.э. у Палесціне. У больш шырокім сэнсе ёсць рэлігійным, нацыянальным і этычным светапоглядам яўрэйскага народа, сярод якога ў асноўным і распаўсюджаны. Колькасць вернікаў складае каля 13,2 млн (паводле ацэнак), з іх каля 1/3 — у ЗША.

Іўдаізм
іўр.: יַהֲדוּת‎
Дата заснавання / стварэння каля V стагоддзе да н.э.
Выява
Названа ад Іудзейскае царства
Заснавальнік Аўрам[1]
Месцазнаходжанне
Месца заснавання Месапатамія[1]
Асноватворны дакумент Тора, Яўрэйская Біблія і Талмуд
Вывучаецца ў іўдаіка[d] і sociology of Jewry[d]
Піктаграма
Зона абслугоўвання сусветны[d]
Хто прадстаўляе Jewish religious community[d]
Stack Exchange site URL judaism.stackexchange.com
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Атрыбуты іўдаізму

Вернікі вераць у Яхве (адзінага Бога, Творцу і Уладара сусвету), неўміручасць душы, замагільнае жыццё, будучы прыход месіі, богаабранасць яўрэйскага народа (ідэя «запавету» — саюза, дамовы народа з Богам, у якім народ выступае як носьбіт чароўнага адкрыцця). Канон святых кніг уключае Тору («Пяцікніжжа Майсея»), кнігі прарокаў і г. зв. Пісанні. Розныя тлумачэнні і каментарыі канону сабраныя ў Талмудзе. У іўдаізме распаўсюджаныя містычныя вучэнні (кабала, хасідызм).

Гісторыя правіць

Тэрмін паходзіць ад назвы яўрэйскага племяннога аб’яднання Іуды, якое было самым шматлікім сярод усіх 12 яўрэйскіх плямён («дванаццаці кален ізраілевых»), а ў канцы ХІ ст. да н.э. стала пануючым. Іўдаізм адыграў галоўную ролю ў станаўленні старажытнай дзяржавы — Ізраільска-Іўдзейскага царства (X ст. да н.э.). Цэнтрам іўдаізму ў I тыс. да н.э. быў Іерусалімскі храм (у 586 да н.э. зруйнаваны вавіланянамі, адбудаваны; у 70 н.э. зруйнаваны канчаткова рымлянамі). У перыяд Другога Храма найбольш поўным выражэннем іўдаізму стала Галаха — сукупнасць законаў, якія вызначаюць рэлігійнае жыццё яўрэяў. Ва ўмовах рымскага прыгнёту (І ст. да н.э. — І ст. н.э.) сфарміравалася вучэнне аб будучым прыходзе Месіі — збавіцеля з роду Давіда, які павінен адрадзіць Ізраільска-Іудзейскае царства. Пасля зруйнавання Другога Храма рэлігійнае жыццё іўдзеяў засяродзілася вакол сінагог, рэлігійнымі кіраўнікамі сталі законавучыцелі — рабіны, якія не маюць такой складанай іерархіі, як хрысціянскія свяшчэннаслужыцелі.

Да V ст. склалася другая па значэнні крыніца іўдаізму — Талмуд, дзе сабраны ўсе дагматычныя, рэлігійна-этычныя і прававыя палажэнні, рэгламентуюцца складаная абраднасць і нормы паводзін кожнага верніка. 3 пашырэннем хрысціянства (з IV ст. дзяржаўная рэлігія Рымскай імперыі) і ісламу (VII ст.), якія бяруць пачатак у іўдаізме, узнік іх канфлікт: яўрэйства адмовілася прызнаць прэтэнзіі гэтых рэлігій на новыя ісціны і разглядала іх як скажэнне іўдаізму; тыя, са свайго боку, ставіліся да іўдаізму як да нейкага гістарычнага рудымента і богаадступніцтва. Доўгі час нормы Галахі садзейнічалі ізаляванасці яўрэяў сярод іншаэтнічнага і іншаканфесійнага насельніцтва ў дыяспары. У ХІХ ст. у сувязі з эмансіпацыяй яўрэяў (ураўнаванне ў правах з астатнім насельніцтвам) у шэрагу заходнееўрапейскіх краін узнікла супярэчнасць паміж неабходнасцю захавання вернасці іўдаізму і інтэграцыяй у навакольнае культурнае асяроддзе. Вынікам гэтага стала з’яўленне новых кірункаў у іўдаізме, адрозненні паміж якімі вызначаюцца адносінамі да Галахі: выкананне ўсіх яе патрабаванняў абвяшчае артадаксальны іўдаізм; за сінтэз традыцый з паступовымі рэформамі выступае кансерватыўны іўдаізм; адмаўленне ад прызнання бясспрэчнасці законаў Галахі і выкананне толькі яе асобных палажэнняў характарызуе рэфармісцкі (прагрэсісцкі) іўдаізм.

У рэлігіязнаўстве прынята адрозніваць у развіцці іўдаізму тры гістарычныя перыяды: храмавы (у перыяд існавання Іерусалімскага храма), талмудысцкі і рабіністычны (з VI стагоддзя па цяперашні час)[6]. Сучасны артадаксальны іўдаізм склаўся на аснове руху фарысеяў (прушым), які ўзнік у эпоху росквіту Макавеяў (2 стагоддзе да н.э.). У сучасным іўдаізме няма адзінага і агульнапрызнанага інстытута альбо асобы, якая мае аўтарытэт крыніцы права, настаўніцтва ці ўлады. Крыніцы права (Галах) сучаснага артадаксальнага іўдаізму — Танах (Пісьмовая Тора) і Талмуд (Вусная Тора). Галах рэгулюе, у прыватнасці, тыя сферы жыцця яўрэяў, якія ў іншых прававых сістэмах рэгулююцца крымінальным, грамадзянскім, сямейным, карпаратыўным і звычаёвым правам.

Сімвалы правіць

 
Зорка Давіда
 
Менора

У істотным сэнсе, сімвалічнае значэнне ў іўдаізме маюць малітва Шма і захаванне шабата і кашрута, нашэнне галаўнога ўбору кіпы[7]. Адзін са знешніх знакаў іўдаізму з XIX стагоддзя — шасціканцовая Зорка Давіда[8]. Больш старажытным сімвалам іўдаізму з’яўляецца сямісвечнік менора, які, згодна з Бібліяй і традыцыяй, стаяў у Скініі і Іерусалімскім храме. Дзве размешчаныя побач прамавугольныя скрыжалі з закругленай верхняй гранню таксама з’яўляюцца сімвалам іўдаізму, часцяком сустракаючыся ў арнаменце і дэкарацыях сінагог. Часам на скрыжалях выгравіраваны дзесяць запаветаў, у поўнай альбо скарочанай форме, альбо 10 першых літар яўрэйскага алфавіта, якія служаць для сімвалічнай нумарацыі запаветаў.

Біблія таксама апісвае сцягі кожнага з дванаццаці каленаў. Паколькі традыцыйна лічыцца, што сучасныя яўрэі ў асноўным паходзяць з калена Іуды і Іўдзейскага царства, якое існавала на яго тэрыторыі, леў з’яўляецца сімвалам гэтага племені, а таксама адным з сімвалаў іўдаізму. Часам леў малюецца з царскім скіпетрам — знакам царскай улады, якой надзяліў гэта калена ў сваім прароцтве прабацька Якаў. Таксама сустракаюцца выявы двух ільвоў, па абодва бакі ад скрыжаляў, так што яны нібыта стаяць на варце запаветаў.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. а б https://www.encyclopedia.com/philosophy-and-religion/judaism/judaism/judaism
  2. Баршчэўская, А. Л., Баршчэўскі, Л. П. Арфаграфічны слоўнік беларускай мовы / Аўт.-склад А. Л. Баршчэўская, Л. П. Баршчэўскі. — 2-е выд. — Мінск: Радыёла-плюс, 2011. — 560 с.
  3. Слоўнік беларускай мовы / Нац. акадэмія навук Беларусі, Ін-т мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы; уклад. Н. П. Еўсіевіч [і інш.]; навук. рэд. А. А. Лукашанец, В. П. Русак. — Мінск: Беларуская навука, 2012. — 916 с. — ISBN 978-985-08-1365-7
  4. BBC — Religion & Ethics — Judaism (англ.)
  5. The 3 Monotheistic Religions — Essays — Noel12(недаступная спасылка) (англ.)
  6. Іўдаізм Архівавана 14 красавіка 2006. на сайце «Мір рэлігій»
  7. Артыкул «Субота» у Электроннай яўрэйскай энцыклапедыі
  8. Артыкул «Маген Давід» у Электроннай яўрэйскай энцыклапедыі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць