Агафірсы (стар.-грэч.: Ἀγάθυρσοι)  — старажытны народ, што ў сярэдзіне 1 тысячагоддзя да н. э. насяляў мясцовасць на захадзе Паўночнага Прычарнамор'я.

Агафірсы
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Паўночнае Прычарнамор'е
Мова агафірская
Рэлігія політэізм
Блізкія этнічныя групы

Герадот паведамляў, што агафірсы паходзяць ад міфічнага Агафірса, сына Геракла і жанчыны-паўзмяі, брата Скіфа і Гелона[1]. Юнакі Агафірс і Гелон не здолелі нацягнуць лук Геракла, таму былі выгнаныя сваёй маці з месца нараджэння ў Паўночным Прычарнамор'і. Аднак дакладная лакалізацыя гэтага народа немагчымая. Са слоў Герадота зразумела толькі, што яны насялялі мясцовасць на захад ад Скіфіі і паўночны ўсход ад Фракіі. З зямель агафірсаў выходзіла рака Марыс, якая ўпадала ў Істр[2].

Герадот лічыў агафірсаў спешчаным племем, паколькі яны любілі залатыя ўпрыгожанні і зыходзіліся са сваімі жанчынамі разам, каб "усім братам быць як родным і не зайздросціць"[3]. У астатнім іх звычаі былі падобныя на фракійскія. Сярод уладароў агафірсаў называўся Спаргапіф, імя якога звязваецца сучаснымі даследчыкамі са скіфскім паходжаннем. Напярэдадні вайны паміж скіфамі і персамі, агафірсы адмовіліся дапамагаць скіфам, а, калі тыя паспрабавалі ўварвацца ў іх краіну, былі здольныя арганізаваць абарону[4].

Кароткае апавяданне Герадота з'яўляецца найбольш поўным аб існаванні гэтага народа. Ужо ў эліністычны перыяд агафірсы не фіксаваліся ў Паўночным Прычарнамор'і, таму Пліній Старэйшы змяшчаў іх далей на поўнач[5], а Аміян Марцэлін — на ўсход ад Азоўскага мора[6]. У IV - V стст. агафірсаў наогул узгадвалі ў Шатландыі.

Сучасныя гісторыкі вызначаюць агафірсаў ці то як фракійцаў, ці то як скіфаў[7], што, аднак, у абодвух выпадках можа быць памылкай.

Зноскі

  1. Герадот, IV:10
  2. Герадот, IV:49, 100
  3. Герадот, IV:104
  4. Герадот, IV:102, 119, 125
  5. Пліній Старэйшы, Натуральная гісторыя, IV:26
  6. Аміян Марцэлін, XXII:8
  7. Гл.: Генри Шепард, Агафирсы, Agathyrsi, North Geto-Dacians? Архівавана 23 лістапада 2013.