Ада Блэкджэк (англ.: Ada Blackjack, народжаная Дэлутук; 10 мая 1898 — 29 мая 1983) — жанчына-эскімоска, прадстаўніца народа іньюпіят, першая жыхарка незаселенага тады вострава Урангеля, якая выжывала на ім на працягу двух гадоў.

Ада Блэкджэк
Род дзейнасці падарожнік-даследчык
Дата нараджэння 10 мая 1898(1898-05-10)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 29 мая 1983(1983-05-29)[1] (85 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Ада Дэлутук нарадзілася ў аддаленым паселішчы Спрус-Крык, у васьмі мілях ад пасёлка Саламон  (англ.) на Алясцы. Бацька Ады памёр ад харчовага атручвання, калі ёй было восем гадоў, і маці адправіла яе разам з сястрой Рытай ў метадысцкую місіянерскую школу ў Номе на Алясцы[2][3]. Яе выхоўвалі місіянеры, у іх школе Ада навучылася чытаць па-англійску і шыць[4]. У 16 гадоў Ада выйшла замуж за Джэка Блэкджэка, паляўнічага і паганятага сабачых запрэжак, і пераехала на паўвостраў Сьюард[3]. У Блэкджэкаў было трое дзяцей, двое з якіх памерлі ў маленстве. Джэк жорстка абыходзіўся з Адай, у рэшце рэшт кінуў яе разам з Бенетам, іх адзіным выжылым сынам, хворым на туберкулёз[3][4]. Ада аформіла развод да таго, як яе муж з’явіўся зноў, і адправілася разам з Бенетам пешшу сорак міль да Ному, дзе жыла яе маці. Каб зарабіць на жыццё, Ада працавала прыбіральшчыцай у прыватных дамах і шыла вопратку для шахцёраў, але ёй па-ранейшаму не хапала грошай на лячэнне Бенета ад туберкулёзу[5], ёй давялося часова змясціць яго ў Прытулак для дзяцей Джэсі Лі  (англ.), дзе абяцалі падлячыць Бенета ад яго небяспечнай хваробы. Ада вырашыла зарабіць грошай, каб забраць свайго сына з прытулку і пераехаць з ім у Сіэтл, дзе, на яе думку, яму маглі дапамагчы вылечыцца ад смяротнай хваробы.

Начальнік паліцыі Нома Э. Р. Джордан быў знаёмы з цяжкай сітуацыяй у сям’і Ады, таму ён распавёў ёй, што нейкія мужчыны вярбуюць інуітаў, каб яны адправіліся з імі ў Арктычную экспедыцыю ў Чукоцкае мора на востраў Урангеля. Хоць Джордан не быў знаёмы з мэтай экспедыцыі, ён лічыў, што Ада, якая размаўляла па-англійску і была выдатнай швачкай, добра падыходзіць для гэтай місіі, для якой патрэбны быў хтосьці, хто шыў бы эскімоскую футравую вопратку  (англ.) для членаў экспедыцыі[4]. Экспедыцыю ўзначаліў канадскі даследчык Алан Кроўфард, але фінансаваў, планаваў і арганізаваў яе Вільялмур Стэфансан[6]. У самой экспедыцыі Стэфансан не ўдзельнічаў, ён застаўся на мацерыку для таго, каб сабраць сродкі для яшчэ аднаго даследавання пошукаў кантыненту на поўнач ад вострава Урангеля[3]. Ён лічыў, што Арктыка будзе цалкам прыдатная для жыцця для тых, хто захоча да яе адаптавацца.

Экспедыцыя правіць

 
Каманда экспедыцыі на востраў Урангеля 1921 года. Ада ў цэнтры, котка Вікторыя на руках справа — адзіныя выжылыя ўдзельнікі.

Стэфансан адправіў пяць пасяленцаў (аднаго канадца еўрапейскага паходжання, трох амерыканцаў еўрапейскага паходжання і адну эскімоску) у авантурнай спробе заявіць правы на востраў у інтарэсах Канады[7]. Даследчыкі былі адабраны Стефансанам на аснове іх папярэдняга вопыту і акадэмічных ведаў. Стэфансан прымаў для ўдзелу ў экспедыцыі людзей з сучаснымі перадавымі ведамі ў галіне геаграфіі і іншых натуральных навук[6].

15 верасня 1921 года экспедыцыя засталася на зімоўку на востраве Урангеля з тым, каб абвясціць востраў тэрыторыяй Канады або Злучанага Каралеўства[8]. У Ады Блэкджэк было шмат боязі з нагоды далучэння да экспедыцыі, асабліва таму, што яна была ўведзена ў зман, што яна будзе толькі адной з многіх карэнных жыхароў Аляскі, што далучыліся да экспедыцыі[4]. У каманду ўваходзілі ўсяго пяць чалавек: Блэкджэк, якую нанялі поварам і швачкай[9]; амерыканцы Лорн Найт, Мілтан Гале і Фрэд Маўрэр; і Алан Кроўфард. У 1914 годзе Фрэд Маўрэр правёў на востраве Урангеля восем месяцаў пасля крушэнне Брыганціны «Карлук»  (руск.).

Спачатку ўмовы жыцця на востраве былі здавальняючымі, але праз год яны сталі пагаршацца[6]. Запасы ежы скончыліся, а каманда не змагла здабыць на востраве дастатковай для выжывання колькасці дзічыны[4]. 28 студзеня 1923 года трое мужчын, нарэшце, паспрабавалі перасекчы змёрзлы 150-кіламетровы праліў Лонга, які аддзяляе востраў ад мацерыка, у надзеі атрымаць там дапамогу і запасы харчавання. Хворага Лорна Найта пакінулі на востраве пад наглядам Ады. Найт хварэў на цынгу, і Ада клапацілася пра яго, пакуль ён не памёр 23 чэрвеня 1923 года. Астатніх траіх мужчын больш ніколі ніхто не бачыў. Ада Блэкджэк засталася адна разам з экспедыцыйнай коткай Вікторыяй[4]. Блэкджэк выжывала ў надзвычай цяжкіх умовах, пакуль яе не выратавала амаль праз восем месяцаў, 19 жніўня 1923 года[8] былы калега Стэфансана, Гаральд Нойс[6]. Пасля цудоўнага выратавання адзінай удзельніцы прадпрыемства, якая выжыла, некаторыя газеты назвалі яе сапраўднай «жанчынай-Рабінзонам Круза».

 
Ада Блэкджэк з сынам Бенетам (1923).

Ада Блэкджэк выкарыстала заробленыя за два гады грошы, каб адвезці сына ў Сіэтл у штаце Вашынгтон для лячэння туберкулёзу. Пазней яна зноў выйшла замуж і нарадзіла яшчэ аднаго сына Білі. У рэшце рэшт яна вярнулася на Аляску, дзе пражыла да 85 гадоў.

Апошнія гады правіць

Блэкджэк была ціхім чалавекам і ненавідзела газетную шуміху, якая разгарнулася вакол яе[6], а таксама спробы Стэфансана і яе выратавальніка Нойса выкарыстоўваць яе гісторыю. За выключэннем ганарару за экспедыцыю і некалькіх сотняў долараў, якія яна зарабіла за пушніну, здабытую на востраве Урангеля, Блэкджэк не атрымала ні цэнта за перажытыя выпрабаванні і не атрымлівала ніякіх ганарараў за напісаныя пра яе кнігі.

Ада Блэкджэк памерла ў дзяржаўнай установе для састарэлых, Доме першапраходцаў (The Pioneer Home), у Палмеры ў штаце Аляска і была пахавана ў Анкарыджы.

Зноскі правіць

  1. а б в г Library of Congress AuthoritiesLibrary of Congress. Праверана 7 красавіка 2022.
  2. Caravantes, Peggy (2016). Marooned in the Arctic. Chicago Review Press Incorporated. p. 1. ISBN 978-1-61373-098-0.
  3. а б в г Caravantes, Peggy (2016). Marooned in the Arctic : the true story of Ada Blackjack, the "female Robinson Crusoe". Chicago, Illinois. ISBN 978-1-61373-098-0. OCLC 907651735.
  4. а б в г д е Hulls, Tessa (2017-12-06). "Ada Blackjack, the Forgotten Sole Survivor of an Odd Arctic Expedition". Atlas Obscura. Архівавана з арыгінала 2019-03-22. Праверана 2017-12-08.
  5. Ada Blackjack: A True Story of Survival in the Arctic, by Jennifer Niven
  6. а б в г д Rowe, Peter (2022-03-11). "Vilhjalmur Stefansson, Ada Blackjack and the Canadian invasion of Russia". Canadian Geographic: History. Canadian Geographic. Архівавана з арыгінала 2022-10-13. Праверана 2022-07-15. {{cite news}}: Пададзена больш чым адно значэнне |accessdate= і |access-date= specified (даведка)
  7. Niven, Jennifer (2003). Ada Blackjack: A True Story Of Survival In The Arctic. New York: Hyperion Books. p. 431. ISBN 0-7868-6863-5.
  8. а б "Woman Sole Survivor of Wrangle Island Party". The Tribune. 1923-09-26. p. 5. Архівавана з арыгінала 2022-10-22. Праверана 2021-08-10 – via Newspapers.com. {{cite news}}: Пададзена больш чым адно значэнне |accessdate= і |access-date= specified (даведка)
  9. Alexandra J. McClanahan, «The heroine of Wrangel Island Архівавана 23 кастрычніка 2022.», LitSite Alaska Архівавана 1 снежня 2022., University of Alaska Anchorage.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць