Азартная гульня (фр.: jeu de hasard, літаральна «гульня выпадку») — гульня, у якой выйгрыш цалкам альбо ў значнай ступені залежыць не ад майстэрства гульцоў, а ад выпадку. Гульня, у якой выйгрыш у асноўным залежыць ад майстэрства гульцоў, азартнай не з’яўляецца нават пры наяўнасці элементаў выпадковасці (напрыклад, прэферанс альбо покер).

Шулеры, карціна Караваджа, 1594

Тэрмін у цяперашні час мае наступнае эканамічнае вызначэнне: заключэнне закладу на грошы або якую-небудзь матэрыяльную каштоўнасць на падзею з няпэўным зыходам з галоўным намерам атрымання прыбытку або матэрыяльных каштоўнасцей. Азартная гульня залежыць у большай ступені ад выпадковасці, чым ад мастацтва ігракоў, прычым памер ставак прызначаецца адвольна і можа быць зменены гульцамі, а галоўная цікавасць накіравана не на працэс гульні, а на яе зыход[1].

Тэарэтычныя асаблівасці правіць

Хоць зыход кожнай асобнай азартнай гульні залежыць ад выпадковасці, вынікі працяглай серыі гульняў падпарадкоўваюцца пэўным статыстычным заканамернасцям[1]. Гаспадары рулетак і іншых ігральных дамоў пры працяглай гульні заўсёды застаюцца ў выйгрышы нават у тым выпадку, калі гульня ніякім падманам не суправаджаецца. Гэта вызначаецца самімі ўмовамі гульні. Устанаўленне ўмоў, пры якіх гульня «справядлівая» або «бяскрыўдная», гэта значыць дае абодвум бакам цалкам аднолькавыя шанцы на выйгрыш, роўна як і ўмоў, якія забяспечваюць пры правядзенні гульні ў вялікім маштабе (гэта значыць пры вельмі вялікім ліку яе паўтораў) пэўны выйгрыш аднаго боку, складае прадмет матэматычнага даследавання, якое адносіцца да вобласці тэорыі імавернасцей[1].

Гісторыя правіць

 
Казіно ў Лас-Вегасе
 
Зала ігральных аўтаматаў у казіно

У Старажытнай Індыі, як і ва ўсім свеце, была вядомая гульня ў косці. Зборнік ведыйскіх гімнаў «Рыг-Веда» змяшчае паэму «Скаргі гульца», якая перасцерагае ад захаплення азартнымі гульнямі: «Не гуляй у косці, а ары сваю баразну! Знаходзь асалоду ва ўласнасці сваёй і шануй яе высока! Глядзі за скацінай сваёй і за жонкаю сваёй, нікчэмны гулец!». У кнізе «Бхавіш'я-Пурана» ёсць апавяданне, звязанае з азартнымі гульнямі: нейкі прынц страціў усё, у тым ліку ўласную жонку, гуляючы ў косці. Эпас «Махабхарата» азартнай называе гульню ў косці, якую тым не менш апісвае досыць падрабязна.

Ёсць звесткі аб захапленні азартнай гульнёй (у косці) старажытных грэкаў, асабліва карынфян. Толькі ў Спарце азартная гульня была поўнасцю забаронена[2]. Азартныя гульні таксама ўпамінаюцца ў грэчаскай міфалогіі. Паводле грэчаскай легенды, Паламед прыдумаў гульню ў косці, каб забавіць грэчаскіх салдат, якія нудзіліся ў чаканні пры аблозе Троі. Грэчаскі біёграф Плутарх згадвае пра персідскую царыцу Парысаціс, гарачую прыхільніцу гульні ў косці.

Старажытнарымскае права, цалкам усведамляючы шкодны ўплыў азартных гульняў, з усёй строгасцю аднеслася да іх і пастанавіла, што прайграныя ў недазволеныя гульні (якія ў Рыме называліся alea , у адрозненне ад дазволеных, ludi, qui virtutis causa piunt ) грошы прайграўшы можа выпатрабаваць назад[2].

Надзвычайна папулярныя былі азартныя гульні ў германцаў. Старажытны германец прайграваў не толькі сваю маёмасць, але і свабоду: таго, хто прайграў і ўжо не меў чым заплаціць, прадавалі ў рабства. Хоць ужо ў XIII стагоддзі сталі з’яўляцца заканадаўчыя абмежаванні, а ў XIV стагоддзі і ў Германіі, як і ўсюды, пачалі забараняць ігральныя дамы (упершыню ўзніклі ў XII стагоддзі ў Італіі); але да найноўшага часу ў маленькіх германскіх дзяржавах да ігральных дамоў у выглядзе рулетак і іншых прытонаў улады не толькі ставіліся памяркоўна, але і заахвочвалі іх, бо тыя плацілі небагатым казначэйствам значныя падаткі. Пры ўзвышэнні Прусіі і аб’яднанні Германіі ў гэтай галіне адбылася значная рэформа — ігральныя дамы ў германскіх землях зніклі. Да закона 1 ліпеня 1868 года аб закрыцці ігральных дамоў і наступнага аб’яднання Германскай імперыі пад агульным заканадаўствам, Германія была сумна вядомая дзякуючы сваім ігральным дамам у Бадэн-Бадэне, Бад-Даберане, Бад-Эмсе, Вісбадэне, Гамбургу і інш.[2]

Азартныя гульні ад старажытнасці, наколькі можна судзіць на аснове крыніц, практыкаваліся толькі ў выглядзе закладу і кідання костак. З вынаходствам каля 1423 года мастацтва гравіравання па дрэве і медзі, у Іспаніі і Германіі мастакі пачалі вырабляць карты, якія служылі першапачаткова для варажбы, а затым сталі прыладай гульняў, заснаваных на варажбе, г.зн. азартных гульняў. Першапачаткова картачная гульня, якая была заняткам цёмных элементаў, служыла майстэрскай формай падману, і ўжо ў 1494 годзе выходзіць трактат «Liber vagatorum», які выкрывае падманныя прыёмы картачных шулераў. Гульня вялася ў прытонах, шынках, і ў 1541 годзе ў Англіі быў выдадзены першы закон аб праследаванні гаспадароў ігральных прытонаў. Да гэтага часу па англійскаму агульнаму праву гаспадары ігральных дамоў праследуюцца як арганізатары «агульнашкодных спраў (англ.: common nuisance), якія ствараюць спакусу гультайства і збіраюць разам значную колькасць распусных людзей»[1].

Але, паступова азартныя гульні распаўсюджваюцца і пры двары, і сярод шляхты. Эпохай росквіту гэтых гульняў з’яўляецца час Людовікаў XIII і XIV ў Францыі, прычым адначасова з гэтымі гульнямі распаўсюджваецца і шулерства, на якім неаднаразова лавілі самых знатных асоб вышэйшага грамадства. Мода на азартныя гульні ад французскага двара пераходзіць і да іншых двароў Еўропы (дагэтуль большасць азартных гульняў захоўваюць свае французскія назвы), і азартная гульня становіцца любімым заняткам дваранства. Буржуазія канца XVIII стагоддзя, умацоўваючы свой уплыў у грамадстве, таксама імкнулася засвоіць «дваранскую моду», але распаўсюджанне азартных гульняў сярод буржуазіі набывае значнасць толькі з 30—40 гг. XIX стагоддзя (у Германіі і Расіі яшчэ пазней). Класавае раздзяленне ў азартнай гульні пачало знікаць толькі са стварэннем вялікіх ігральных дамоў, дзверы якіх былі адкрытыя для ўсіх. Да таго азартная гульня толькі тады лічылася ганебнаю, калі яна вялася па-за сваім класавым кругам[1].

Ігральныя «клубы» ў Расійскай імперыі, якія ўзнікалі з XIX стагоддзя, мелі рэзкі саслоўна-класавы характар («Англійскі» — для шляхты, «Купецкі», «Прыказчыцкі» і інш.)[1].

Адносіны да азартных гульняў правіць

Барацьба з пабочнымі з’явамі, звязанымі з празмерным азартам з даўніх часоў складала адну з задач адміністрацыйнай і крымінальнай палітыкі амаль ва ўсіх краінах свету. Грамадска-шкодныя праявы зводзяцца да развіцця ў насельніцтва пагоні за лёгкім непрацоўным даходам, які абяцае парою хуткае ўзбагачэнне, але часта прыводзіць да залежнасці і жабрацтва; да спакусы рызыкаваць на чужы кошт, ад чаго павялічваецца колькасць растрат і прысваенняў; да развіцця ігральных падманаў, павелічэнню колькасці асоб, якія жывуць на кошт іншых[1].

Нягледзячы на азартны характар, покер на сённяшні дзень у заканадаўчым парадку прызнаны афіцыйным відам спорту ў цэлым радзе краін. Федэральны суд Нью-Ёрка прызнаў, што покер з’яўляецца гульнёй, дзе «пераважны ўплыў на вынік аказвае майстэрства»[3]. Спартыўны брыдж афіцыйна прызнаны Міжнародным алімпійскім камітэтам у якасці віду спорту і ўвайшоў у праграму першых Сусветных інтэлектуальных гульняў у Пекіне ў 2008 годзе.

Залежнасць правіць

Прывычка да азартных гульняў можа сфарміраваць у чалавека псіхалагічную залежнасць — лудаманію. Гэтая залежнасць можа прадстаўляць як сацыяльную, так і медыцынскую праблему для грамадства. Аднымі з фактараў рызыкі з’яўляюцца асабістыя якасці: эмацыянальная няўстойлівасць, паніжаны самакантроль.

Залежныя паводзіны суправаджаюцца дэпрэсіўнымі разладамі. Даследчыкі адзначаюць прыкметы змененай свядомасці, у тым ліку, паглынутасць гульнёй, канцэнтрацыю ўвагі на гульні з адначасовай адлучанасцю ад навакольнай рэчаіснасці.

Пры абследаванні ў Маскве 96 чалавек, якія звярнуліся па дапамогу ў сувязі з паталагічнай залежнасцю ад гульні ў гульнявыя аўтаматы, у 15 выпадках былі выяўлены суіцыдальныя думкі, у 36 — астэнічныя расстройствы[4].

У рэлігіях правіць

Хрысціянская царква ставіцца адмоўна да азартных гульняў, матывуючы тым, што такія гульні правакуюць запал да хуткай беспадстаўнай нажывы, які асуджаецца царквой, і могуць мець неспрыяльныя сацыяльныя наступствы. У мінулым захапленне азартнымі гульнямі магло стаць падставай для адлучэння ад царквы. Доўгі час хрысціянская царква прылічае да азартных тыя гульні, якія ў сучасным уяўленні да такіх не адносяцца, напрыклад, шахматы.

У ісламе накладзеная забарона на азартныя гульні. Таму ў большасці ісламскіх краін азартныя гульні па-за законам[5].

У іўдаізме азартныя гульні таксама забароненыя. Хоць у Торы няма згадкі пра іх, гульні асуджаюцца ў Талмудзе[6].

У літаратуры правіць

Азартным гульням і іх уплыву на лёс захопленага імі чалавека было прысвечана некалькі твораў рускіх класікаў. У Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна на азартнай гульні завязаны сюжэт яго аповесці «Пікавая дама». Камедыйная п’еса Мікалая Васільевіча Гогаля «Ігракі» апісвае вобраз махляроў. Таксама тэму азартнай гульні ў якасці завязкі сюжэта выкарыстаў Міхаіл Юр’евіч Лермантаў у творах «Маскарад[ru]», «Штос» і «Тамбоўская казначэіха». Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі прысвяціў раман «Ігрок», які расказвае аб духоўным асляпленні чалавека, чыім сэнсам жыцця стаў азарт. Восіп Эмілевіч Мандэльштам у вершы «Казіно» вобразна апісвае свой стан, калі аказваецца ў асяроддзі ігральных апаратаў. У апавяданні «Геніяльны ігрок» Аляксандр Сцяпанавіч Грын уводзіць у сюжэт ідэю бяспройгрышных карт, якая забівае ідэю самой гульні. У апавяданні «Сістэма» Аляксандра Іванавіча Купрына расказваецца пра непераможнага гульца з Монтэ-Карла, якому, з-за яго здольнасцей, уладальнікі казіно закрылі доступ у свае ўстановы. Таксама Марк Твэн у сваім апавяданні «Апавяданне прафесара» (цыкл апавяданняў «Жыццё на Місісіпі») апісвае рэаліі ў покеры ў XIX стагоддзі, дзе з даступных для гульні былі толькі «рачныя казіно».[7]

Зноскі

  1. а б в г д е ё П. И. Люблинский. «Азартная игра» // Большая советская энциклопедия, 1 издание, — М.: Советская энциклопедия, 1926, Т. 1, С. 635—638.
  2. а б в Азардные игры // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  3. Федеральный судья признал покер игрой мастерства
  4. Малыгин В. Л., Хвостиков Г. С., Малыгин Я. В. Особенности характерологических свойств патологических азартных игроков и психопатологические феномены, сопровождающие азартную игру // Прикладные информационные аспекты медицины. — Воронежская государственная медицинская академия им. Н. Н. Бурденко, 2007. — В. 10. — С. 135-141. — ISSN 2070-9277.
  5. Отношение ислама к азартным играм(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 сакавіка 2012. Праверана 16 лютага 2015.
  6. Играми бесовскими тешатся
  7. Азартные истории писателей

Літаратура правіць

  • Азартные игры // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  • Игорный бизнес / Пер. с англ. и фр. НВЦ «Библиомаркет»; Ред.-сост. А. В. Пурник. — М., 1994. — 208 с.
  • Eliage, Mircea. The Encyclopedia of Religion. — N. Y.: Simon & Schuster Macmillan, 1995. — Vol. 5. — P. 486—474.
  • Евгений Ковтун. История правового регулирования азартных игр в России. — М.: ИПЦ Маска, 2009. — ISBN 978-5-91146-255-0.
  • Евгений Ковтун. Азарт в Стране Советов. — М.: Олимп-Бизнес, 2012. — ISBN 978-5-9693-0220-4.
  • Роберт Шиллер. Иррациональный оптимизм. Как безрассудное поведение управляет рынками = Irrational Exuberance. Second Edition Revised & Updated. — М.: Альпина Паблишер, 2013. — 422 с. — ISBN 978-5-9614-1845-3.