Актывацыйны аналіз

Актывацыйны аналіз — метад вызначэння складу рэчыва. Заснаваны на актывацыі атамных ядраў і даследаванні іх радыёактыўнага выпраменьвання. Актывацыйны аналіз бывае нейтронна-актывацыйны (актывацыя ў патоку нейтронаў), гамаактывацыйны (у патоку гама-квантаў), аналіз на зараджаных часцінках (у патоку зараджаных часцінак).

Археалогія і нумізматыка правіць

Для даследавання археалагічных і нумізматычных аб'ектаў скарыстоўваецца з пачатку 1950-х гадоў. Для даследавання археалагічных знаходак найбольшае значэнне мае нейтронна-актывацыйны аналіз, які вызначаецца высокай адчувальнасцю: 10-5—10-10% пры вялікіх патоках нейтронаў і 10-4—10-6% пры меншых патоках (ампульныя нейтронныя крыніцы або нейтронныя генератары).

Галоўная годнасць актывацыйнага аналізу — магчымасць вызначэння малых утрыманняў элементаў, а таксама правядзенне масавых экспрэсных аналізаў. Актывацыйны аналіз дазваляе вызначыць малыя дамешкі і зрабіць вывад аб асаблівасцях кампанентаў сыравіны і ўстанавіць радовішча, якое скарыстоўвалася. Па характэрным для кожнага рэгіёна ўтрыманні мікрадамешкаў можна вызначыць ці з'яўляюцца знаходкі вырабамі мясцовых рамеснікаў або прывезены з іншых рэгіёнаў. Як правіла, актывацыйны аналіз робіцца адразу па шматлікіх элементах. Велічыня памылкі 1—2%

Нейтронна-актывацыйны аналіз скарыстоўваецца і для колькаснага аналізу макрадоляў рэчыва (асновы), вызначэння долевага ўтрымання высакародных металаў у манетах без парушэння іх цэласнасці і скажэння вынікаў аналізу з-за каразійных працэсаў на паверхні манеты. Скарыстоўванне гама-актывацыйнага аналізу з неаднаразовым апрамяненнем адной манеты кобальтавай гарматай дазваляе зрабіць аналіз на золата за 15 мін, на серабро — за 1 гадзіну.

У музейнай справе скарыстоўваецца для экспертызы сапраўднасці аб'екта. Антыкварныя падробкі нават пры правільным утрыманні асноўных кампанентаў маюць анамальныя канцэнтрацыі дамешкаў. Недахоп усіх метадаў актывацыйнага аналізу — іх высокі кошт і малая даступнасць магутных нейтронных і гама-крыніцю

Літаратура правіць

  • Ваганов, П. А. Физики дописывают историю / П. А. Ваганов; ЛГУ им. А. А. Жданова; Под ред. Я. А. Шера. — Л.: Изд-во ЛГУ, 1984. — 215 с.: ил.
  • Раханскі, І. Я., Сінчук, І. І. Актывацыйны аналіз / І. Я. Раханскі, І. І. Сінчук // Археалогія і нумізматыка Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с. — С. 32. — ISBN 5-85700-077-7.