Акустыка (ад грэч. ἀκούω (аку́о) — слыхавы, які слухаецца) — навука аб гуку. У вузкім сэнсе слова — вучэнне пра гук, г. зн. пра пругкія ваганні і хвалі ў газах, вадкасцях і цвёрдых целах, чутныя чалавечым вухам (частоты такіх ваганняў знаходзяцца ў дыяпазоне ад 16 Гц да 20 кГц); у шырокім сэнсе — вобласць фізікі, якая даследуе пругкія ваганні і хвалі ад самых нізкіх частот (умоўна ад 0 Гц) да звышвысокіх частот (1012—1013 Гц), іх узаемадзеянні з рэчывам і ўжыванні гэтых ваганняў (хваль).

Асноўныя раздзелы акустыкі правіць

Сучасную навуку акустыку падпадзяляюць на агульную, прыкладную і псіхафізіялагічную.

Агульная акустыка займаецца тэарэтычным і эксперыментальным вывучэннем заканамернасцяў выпраменьвання, распаўсюджвання і прыёму пругкіх ваганняў і хваль у розных асяроддзях і сістэмах; умоўна яе можна падзяліць на тэорыю гуку, фізічную акустыку і нелінейную акустыку.

Тэорыя гуку карыстаецца агульнымі метадамі, распрацаванымі ў тэорыі ваганняў і хваль. Для ваганняў і хваль малой амплітуды прымаецца прынцып незалежнасці ваганняў і хваль (прынцып суперпазіцыі), на аснове якога вызначаюць гукавое поле ў розных абласцях прасторы і яго змены ў часе.

Задачай фізічнай акустыкі з’яўляецца вывучэнне залежнасці хуткасці і паглынання пругкіх хваль ад тэмпературы і глейкасці асяроддзя і іншых фактараў. Фізічная акустыка разглядае таксама ўзаемадзеянне элементарных гукавых хваль (фанонаў) з электронамі і фатонамі.

Нелінейная акустыка вывучае інтэнсіўныя гукавыя працэсы, пры якіх прынцып суперпазіцыі не выконваецца і гукавая хваля пры распаўсюдзе змяняе ўласцівасці асяроддзя. У вобласці такіх частот і тэмператур пачынаюць выяўляцца квантавыя эфекты, таму гэты раздзел фізікі называюць таксама квантавай акустыкай.

Прыкладная акустыка — шырокая вобласць, да якой адносяцца найперш электраакустыка, а таксама акустычныя вымярэнні — вымярэнні велічынь гукавога ціску, інтэнсіўнасці гуку, спектру частот гукавога сігналу і г. д. Архітэктурная і будаўнічая акустыка займаецца задачамі атрымання добрай чутнасці гаворкі і музыкі ў зачыненых памяшканнях і памяншэннем узроўню шуму, а таксама распрацоўкай гукаізалюючых і гукапаглынальных матэрыялаў. Прыкладная акустыка вывучае таксама шумы і вібрацыі і распрацоўвае спосабы барацьбы з імі. Вывучэннем распаўсюджвання гуку ў акіяне і з’яў, якія ўзнікаюць пры гэтым (рэфракцыя гуку, рэверберацыя пры адлюстраванні гукавога сігналу ад паверхні мора і яго дна, рассейванне гуку на неаднастайнасцях), займаюцца гідраакустыка і гідралакацыя.

Псіхафізіялагічная акустыка займаецца вывучэннем гукавыпраменьваючых і гукапрымаючых органаў чалавека і жывёл, праблемамі гукаўтварэння, перадачы і ўспрымання маўлення. Вынікі выкарыстоўваюцца ў электраакустыцы, архітэктурнай акустыцы, сістэмах перадачы маўлення, тэорыі інфармацыі і сувязі, у музыцы, медыцыне, біяфізіцы і г. д. Яе часткамі з’яўляюцца акустыка маўлення і слыху, псіхалагічная акустыка, біялагічная акустыка і г. д.

Гл. таксама правіць