Алта́йцы (саманазва: алтай-кижи) — цюркскі народ, карэнныя насельнікі паўднёвай Сібіры. Жывуць пераважна ў Рэспубліцы Алтай (72 841 чал. у 2010 г.). Асобныя групы алтайцаў жывуць у Казахстане, Кітаі і Манголіі. У 2009 г. у Беларусі жыло 12 чалавек, якія вызначалі сваю тоеснасць як алтайцы. Агульная колькасць - каля 79 тыс. чалавек.

Алтайцы
(алтай-кижи)
Агульная колькасць 300 000
Рэгіёны пражывання  Расія — 74 238 (2010)[1]

 Казахстан — 510 (2014)[2]
 Беларусь — 12 (2009)[3]

Мова горна-алтайскія мовы
Рэлігія шаманізм, будызм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы тафалары, шорцы, хакасы, кіргізы

Паходжанне правіць

Цюркскія плямёны з’явіліся на Алтаі не раней за сярэдзіну 1 тысячагоддзя да н. э. У сярэдзіне 1 тысячагоддзя да н. э. - першых стагоддзях н. э. Алтай з’яўляўся месцам рассялення індаіранцаў, заснавальнікаў Пазырыкскай культуры[4], хаця некаторыя даследчыкі лічаць, што яе прадстаўнікі маглі мець змяшаныя рысы.

У IV - V стагоддзе ст. н. э. у складзе азіяцкага саюза гунаў вылучыўся шэраг цюркскіх аб’яднанняў, прадстаўнікі якіх мігрыравалі на Алтай. У сярэдзіне VI ст. гэтая мясцовасць трапіла ў склад Цюркскага каганата. У пазнейшы перыяд на Алтаі фіксуюцца цюркскія плямёны кімакаў, кыпчакаў, тубо, агузаў і інш. У выніку, да другой паловы 2 тысячагоддзя н. э. на Алтаі склаліся 2 асноўныя групы малых народаў, назвы якіх адлюстроўвалі іх месца рассялення або паходжанне, — паўночныя алтайцы і паўднёвыя алтайцы. Паўночныя алтайцы — тубалары, кумандзінцы, чалканцы (лебедзінцы). Паўднёвыя алтайцы — асабіста алтайцы алтай-кіжы, тэленгіты, тэлеуты, тубалары, тэлесы[5][6]. Яны адрозніваліся па самавызначэнню, культуры, мове і іншым рысам, займаліся качавой жывёлагадоўляй і паляваннем, здабывалі і апрацоўвалі жалеза.

У XVIII ст. значная частка Алтая пачала актыўна асваівацца рускімі перасяленцамі[7]. Пры гэтым цюркі Алтая страцілі частку сваіх тэрыторый і трапілі пад уплыў перасяленцаў. Пачаўся працэс пераходу да аселага ладу жыцця, хрысціянізацыя. Праваслаўныя місіянеры аднымі з першых пачалі вывучэнне алтайскай культуры і стварылі аснову адзінай літаратурнай мовы алтайцаў. У 1868 г. і 1869 г. у Казані былі выдадзены алтайскія азбука, граматыка і слоўнік.

У 1922 г. была створана Айроцкая аўтаномная вобласць у складзе РСФСР1948 г. — Горна-Алтайская аўтаномная вобласць, з 1992 г. — Рэспубліка Алтай). У савецкі час пачалі выдавацца кнігі, з’явіліся сродкі масавай інфармацыі на алтайскай мове. У савецкіх перапісах насельніцтва алтайцы фіксаваліся як адзіны народ[8]. Гэта садзейнічала ўкараненню ідэі еднасці агульнага алтайскага народа. Аднак сярод алтайцаў дзяленне на асобныя этнічныя супольнасці працягвае існаваць да нашых дзён, а атаясненне сябе з алтайцамі адбываецца ў выпадку проціпастаўлення "рускі" (прышлы) — "алтаец" (карэнны насельнік). У расійскім перапісе 2002 г. тэленгіты, тубалары і чалканцы былі адасоблены ад астатніх алтайцаў і фіксаваліся як самастойныя народы. У выніку колькасць алтайцаў у Расіі фармальна зменшылася (з 69 409 чал. у 1989 г. да 67 239 чал. у 2002 г.). У перапісе 2010 г. розныя этнічныя групы цюркаў Алтая ўжо фіксаваліся як частка адзінага алтайскага этнаса[9].

Культура правіць

Асноўным заняткам алтайцаў здаўна была качавая жывёлагадоўля. У асноўным, трымалі канёў, у XIX ст. распаўсюдзілася гадаванне малочных кароў. Важнымі заняткамі былі паляванне, здабыча і апрацоўка жалеза. Вырабамі з жалеза алтайцы выплочвалі даніну джунгарскім ханам, а потым і расійскай адміністрацыі. Паўночныя алтайцы ўжо да перасялення рускіх займаліся ручным земляробствам, вырошчвалі на лядах сярод лесу жыта, ячмень, лён і г. д. У лесе збіралі мёд, хмель, кедравыя арэхі, ядомае карэнне, ягады і інш. На рэках лавілі рыбу. Распаўсюджаныя хатнія рамёствы — кавальства, ткацтва, пляценне, бондарства, апрацоўка скур. Ужо ў XIX ст. некаторыя алтайцы вялі аселы лад жыцця, займаліся земляробствам, трымалі пчол, свінняў і кароў. Згодна перапісу 1897 г., большасць алтайцаў аддавала перавагу качавой жывёлагадоўлі. Сітуацыя змянілася ў XX ст. пасля калектывізацыі. Жывёлагадоўля набыла сезонны адгонны характар, з’явіліся таварнае вырошчванне хмелю, гародніны, садавіны, кармавых культур.

Зноскі правіць

Літаратура правіць

  • Бутанаев В. Я. Бурханизм тюрков Саяно-Алтая. — Абакан: ХГУ им. Н. Ф. Катанова, 2003. — 260 с. (руск.)
  • Народы России: Энциклопедия. / Главный редактор В. А. Тишков. — М.: Большая Российская Энциклопедия, 1994. — С. 82—85. (руск.)
  • Потапов Л. П. Очерки по истории алтайцев. — М.-Л.: Изд-во АН СССР, 1953. — 444 с. (руск.)

Спасылкі правіць