Альфрэд Чарлз Кінсі (англ.: Alfred Charles Kinsey, 23 чэрвеня 1894 — 25 жніўня 1956) — амерыканскі біёлаг, прафесар энтамалогіі і заалогіі, заснавальнік інстытута па вывучэнні сексу, полу і ўзнаўлення (1947) пры Індыянскім універсітэце ў Блумінгтане, які носіць цяпер імя Кінсі. Даследаванні Кінсі ў вобласці чалавечай сексуальнасці глыбока закранулі сацыяльныя і культурныя каштоўнасці ў Злучаных Штатах і шматлікіх іншых краінах у 60-х гадах XX стагоддзя, з надыходам сексуальнай рэвалюцыі.

Альфрэд Кінсі
Alfred Kinsey
Дата нараджэння 23 чэрвеня 1894(1894-06-23)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 25 жніўня 1956(1956-08-25)[1][2][…] (62 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Бацька Alfred Seguine Kinsey[d][4]
Маці Sarah Ann Charles[d][4]
Жонка Clara McMillen[d]
Род дзейнасці біёлаг, энтамолаг, заолаг, урач, sexologist, sex educator, сацыёлаг, выкладчык універсітэта, псіхолаг, пісьменнік
Навуковая сфера біялогія
Месца працы Індыянскі ўніверсітэт у Блумінгтане
Альма-матар
Вядомы як даследчык сексуальнасці чалавека (гл. Справаздачы Кінсі, Шкала Кінсі, Інстытут імя Кінсі)
Член у
Узнагароды
Eagle Scout
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Дзяцінства правіць

Альфрэд Кінсі нарадзіўся 23 чэрвеня 1894 года ў Хобакене (Нью-Джэрсі) у сям'і Альфрэда Сегвіна Кінсі і Сары Эн Чарлз. Альфрэд быў старэйшым з трох дзяцей. Маці яго атрымала толькі пачатковую адукацыю, бацька быў прафесарам у Тэхналагічным інстытуце імя Стывенса ў Хобакене. Кінсі рос у даволі беднай сям'і, яго бацькі часта нават не маглі сабе дазволіць аплаціць паслугі ўрачоў, што магчыма прывяло да таго, што юны Кінсі ў дзяцінстве перахварэў рахітам, брушным тыфам, а таксама рэўматызмам. Гэта было выклікана тым, што Кінсі недастаткова часу праводзіў на сонцы (звычайная прычына рахіту ў тыя дні: малако і іншыя прадукты яшчэ не былі ўзбагачаны вітамінам D) і, прынамсі, частку дзяцінства правёў у антысанітарных умовах. Вынікам рахіту, які прывёў да скрыўлення пазваночніка, стала лёгкая гарбаватасць, якая перашкодзіла прызыву на вайсковую службу ў 1917 годзе для ўдзелу ў Першай сусветнай вайне.

Выхаванне правіць

Бацькі Кінсі былі вельмі кансерватыўнымі хрысціянамі, што наклала адбітак на ўсё яго наступнае жыццё. Яго бацька быў вядомы як адзін з найбольш набожных членаў мясцовай Метадысцкай царквы і, у выніку, большую частку часу Кінсі меў зносіны з вернікамі царквы. Часта ён проста моўчкі прысутнічаў пры абмеркаванні рэлігійных пытанняў, якім аддаваліся яго бацькі і іншыя, такія ж набожныя, дарослыя. Бацька Кінсі ўсталяваў у сваім доме строгія правілы. Нядзеля была адведзена пад малітвы, акрамя таго, зносіны з дзяўчынкамі, як і веды аб усіх рэчах, хоць бы аддалена датычных тэмы сексу, уключаючы мастурбацыю знаходзілася пад забаронай. Такое строгае выхаванне не было чымсьці зусім незвычайным у той час. Большасць навічкоў у каледжах тады мелі вельмі слабое ўяўленне нават пра найбольш асноватворныя факты, якія тычацца чалавечай сексуальнасці. У юныя гады Кінсі было забаронена пазнаваць штосьці пра прадмет, які пазней прынёс яму столькі славы. Урэшце, Кінсі адрокся ад Метадысцкай веры сваіх бацькоў і стаў агностыкам.

Каледж і дысертацыя правіць

Пасля заканчэння Калумбійскай старэйшай школы[5] у Мэйплвудзе (Нью-Джэрсі), Кінсі падзяліўся з бацькам планамі на вывучэнне батанікі ў каледжы, аднак бацька запатрабаваў, каб Кінсі накіраваўся вучыцца на інжынера ў Тэхналагічны інстытут імя Стывенса ў Хобакене. Кінсі ў інстытуце імя Стывенса не спадабалася, і пазней ён згадваў пра час, праведзеным там, як пра найбольш бессэнсоўны перыяд свайго жыцця. Нягледзячы на гэта, аднак, ён не адступіўся ад сваёй маніякальнай стараннасці ў вучобе. У інстытуце ён, галоўным чынам, выбіраў курсы, якія мелі дачыненне да англійскай мовы і інжынернай справы, але не мог рэалізаваць свайго захаплення біялогіяй. Пад канец свайго двухгадовага навучання ў інстытуце, Кінсі набраўся адвагі заявіць свайму бацьку пра тое, што яму падабаецца біялогія і ён мае намер працягнуць навучанне ў Bowdoin College у Мэне. Бацька рашуча запрацівіўся гэтаму, але, урэшце, змякчыўся. Разам з перамогай, аднак, Кінсі дамогся і парыву адносін з бацькам, што гняло яго шматлікія гады.

У 1914 годзе Кінсі паступіў у Bowdoin College, дзе ён зацікавіўся даследаваннем насякомых пад кіраўніцтвам Мэнтана Коўпленда. Двума гадамі пазней Кінсі быў абраны ў таварыства Фі Бэта Капа  (англ.) і скончыў курс з magna cum laude па біялогіі і псіхалогіі.[6] Ён працягнуў сваё навучанне ў інстытуце імя Босі Гарвардскага ўніверсітэта, праграма навучання якога ў вобласці біялогіі з'яўлялася самай прэстыжнай у Злучаных Штатах. Менавіта там Кінсі заняўся вывучэннем прыкладной біялогіі ў выдатнага энтамолага Уільяма Мортана Уілера. Пад яго кіраўніцтвам Кінсі працаваў практычна самастойна, што задавольвала абодвух. У якасці тэмы для сваёй доктарскай[7] дысертацыі Кінсі абраў даследаванне арэхатворак. Кінсі пачаў збіраць арэхатворак з маніякальнай стараннасцю. Ён шмат падарожнічаў. На кожным з сотняў тысяч сабраных асобнікаў здзяйснялася серыя з 26 вымярэнняў. Яго метады дазволілі зрабіць істотны ўнёсак у энтамалогію. Гарвардскі ўніверсітэт прысудзіў Кінсі ступень Sc. D. (доктара прыродазнаўчых навук) у 1919 годзе. У 1920 годзе ён апублікаваў некалькі артыкулаў пад эгідай Амерыканскага музея прыродазнаўчай гісторыі ў Нью-Ёрку, азнаёміўшы навуковая супольнасць з арэхатворкамі і прадставіўшы выкладкі па іх філагенезу.

Сям'я і дзеці правіць

Кінсі ажаніўся з Кларай Бракен Мак-Мілен, якую зваў Мак, у 1921 годзе. У іх было чацвёра дзяцей. Іх першынец, Дон, памёр ад ускладненняў, выкліканых дыябетам, у 1927 годзе, трохі не дажыўшы да пяці гадоў. Ганна нарадзілася ў 1924, Джаан у 1925 і Брус у 1928 гадах.

Смерць правіць

Кінсі сканаў 25 жніўня 1956 годзе ва ўзросце 62 гадоў. Прычынай смерці былі пазначаны хвароба сэрца і пнеўманія.

Кар'ера правіць

Энтамалогія правіць

Пасля атрымання доктарскай ступені Кінсі ў 1920 годзе паступіў на працу ў дэпартамент заалогіі Індыянскага ўніверсітэта ў Блумінгтане ў якасці assistant professor (малодшая з трох катэгорый амерыканскай прафесуры). Яго жонка і калегі клікалі яго Прок (ад Прафесар Кінсі). У Індыянскім універсітэце нястомны Кінсі працягнуў сваю працу па арэхатворках. У наступныя 16 гадоў ён шмат падарожнічаў, збіраючы і сістэматызуючы калекцыі. Кінсі асабліва захоплівала эвалюцыйная гісторыя гэтых мініяцюрных насякомых, памеры якіх вагаюцца ад 1 да 8 міліметраў. У 1930 годзе ён апублікаваў манаграфію, прысвечаную відаўтварэнню ў арэхатворак The Gall Wasp Genus Cynips: A Study in the Origin of Species і другую вялікую працу пра эвалюцыю вышэйшых катэгорый The Origin of Higher Categories in Cynips у 1935 годзе.

Падручнік правіць

У кастрычніку 1926 Кінсі апублікаваў шырока ўжываны падручнік для старшакласнікаў (гэтак званай high school: 9—12 класы сярэдняй школы ў ЗША), An Introduction to Biology. Гэта кніга падтрымлівала тэорыю эвалюцыі і ўніфікавала, на азнаямленчым узроўні, розныя на той момант паняцця заалогіі і батанікі, пераадольваючы супраціўленне такой уніфікацыі, якое пераважала ў той час.

Палавыя паводзіны чалавека і Справаздачы Кінсі правіць

Кінсі звычайна лічаць бацькам сексалогіі, сістэматычнага, навуковага вывучэння чалавечай сексуальнасці. Першапачаткова цікавасць да розных формаў сексуальных практык узнікла ў яго прыкладна ў 1933 годзе, пасля шырокага абмеркавання гэтай тэмы з калегам Кінсі, Робертам Крокам. Хутчэй за ўсё, вывучэнне розных варыяцый спарвання сярод арэхатворак прывялі яго да разважанняў аб тым, наколькі шырока вар'іруюць сексуальныя практыкі чалавека. Падчас гэтых даследаванняў ён распрацаваў шкалу вымярэння сексуальнай арыентацыі, вядомую цяпер як шкала Кінсі, якая мае значэнні ад 0 да 6, дзе 0 адпавядае выключна гетэрасексуальнай і 6 — выключна гомасексуальнай арыентацыі.

У 1935 годзе на семінары для супрацоўнікаў Індыянскага ўніверсітэта Кінсі прачытаў лекцыю, у якой упершыню вынес прадмет сваіх даследаванняў у вобласці сексалогіі на публічнае абмеркаванне. У сваім выступленні ён атакаваў «шырока распаўсюджанае невуцтва ў стаўленні да будовы і фізіялогіі палавых органаў» і высунуў сваю здагадку пра тое, што «затрымка шлюбу» (гэта значыць, затрымка першага сексуальнага вопыту) шкодная з псіхалагічнага пункта гледжання. Кінсі атрымаў падтрымку сваіх даследаванняў ад Фонду Ракфелера, якая дазволіла яму вывучыць сексуальныя паводзіны чалавека пасродкам інтэрв'юявання тысяч людзей.

«Справаздачы Кінсі» (Kinsey Reports), пачынаючы з публікацыі Sexual Behavior in the Human Male («Палавыя паводзіны самца чалавека») у 1948 годзе, а затым Sexual Behavior in the Human Female («Палавыя паводзіны самкі чалавека») 1953, падняліся на вяршыню спісу бэстсэлераў і імгненна зрабілі Кінсі знакамітасцю. Яны па-ранейшаму застаюцца ў спісе найбольш прадаваных прыродазнаўчанавуковых кніг усіх часоў. Артыкулы пра яго з'явіліся ў такіх часопісах, як Time, Life, Look і McCall's. Справаздачы Кінсі, якія прывялі да бурных дыскусій, шмат кім разглядаюцца як пускавы механізм для сексуальнай рэвалюцыі 1960-х. Прэзідэнт Індыянскага ўніверсітэта Герман Б. Уэлс абараняў даследаванні Кінсі ў сітуацыі, якая ператварылася ў класічны прыклад выпрабавання акадэмічнай свабоды.

Найважнейшыя публікацыі правіць

  • New Species and Synonymy of American Cynipidae, in Bulletin of the American Museum of Natural History (1920)
  • Life Histories of American Cynipidae, in Bulletin of the American Museum of Natural History (1920)
  • Phylogeny of Cynipid Genera and Biological Characteristics, in Bulletin of the American Museum of Natural History (1920)
  • An Introduction to Biology (1926)
  • The Gall Wasp Genus Cynips: A Study in the Origin of Species (1930)
  • New Introduction to Biology (1933, revised 1938)
  • The Origin of Higher Categories in Cynips (1935)
  • Sexual Behavior in the Human Male (1948, новае выданне: 1998)
  • Sexual Behavior in the Human Female (1953, новае выданне: 1998)

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. а б Internet Movie Database — 1990. Праверана 13 кастрычніка 2015.
  2. а б Alfred Charles Kinsey // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. а б Catalog of the German National Library Праверана 17 лютага 2024.
  4. а б Pas L. v. Genealogics — 2003.
  5. Старэйшай школай ці High school у ЗША завуць адасобленыя ад сярэдняй школы навучальныя ўстановы, якія ахопліваюць апошнія чатыры класа (9-12) школьнай праграмы. Гл. Сістэма адукацыі ЗША.
  6. Фі-Бэта-Капа — прэстыжнае студэнцкае таварыства з аддзяленнямі ў шматлікіх каледжах ЗША, у якое абіраюцца толькі найбольш паспяваючыя студэнты, звычайна меней 10 % ад агульнай колькасці. Magna cum laude — другая па значнасці з найбольш высокіх агульных адзнак паспяховасці.
  7. Маецца на ўвазе ступень, якая адпавядае Ph. D. і беларускай ступені кандыдата навук.

Літаратура правіць

  • Cornelia Christenson, Kinsey: A Biography, Indiana University Press, 1971
  • Wardell Pomeroy, Dr. Kinsey and the Institute for Sex Research, Harper & Row, 1972
  • James H. Jones, Alfred C. Kinsey: A Public/Private Life, Norton, 1997
  • Jonathan Gathorne-Hardy, Alfred C. Kinsey: Sex the Measure of All Things, London: Chatto & Windus, 1998

Спасылкі правіць