Аляксандр Іванавіч Марчанка

Аляксандр Іванавіч Марчанка (руск.: Александр Иванович Марченко; 2 чэрвеня 1860, Мсціслаўскі павет, Магілёўская губерня, Расійская імперыя — пасля 1889) — кіраўнік беларускай народніцкай групы, якая арганізавалася вясной-летам 1881 г. у Санкт-Пецярбургу (Расійская імперыя) пад назвай «Беларуская грамада» (1881), а пазней была перайменавана ў «Сацыяльна-рэвалюцыйную беларускую народную партыю» (1882), «Беларускую арганізацыю» (1883—1884) і «Гоман» (1884). Быў рэдактарам часопіса «Гоман» (1884).

Аляксандр Іванавіч Марчанка
Дата нараджэння 2 чэрвеня 1860(1860-06-02)
Месца нараджэння
Дата смерці не раней за 1889
Альма-матар

Біяграфія правіць

Нарадзіўся 2 чэрвеня 1860 г. у Мсціслаўскім павеце Магілёўскай губерні Расійскай імперыі і належаў да мяшчанскага саслоўя. Праваслаўны. Яго бацькі-мяшчане былі вольнаадпушчанымі прыгоннымі сялянамі маёнтка графа Салтыкова ў Магілёўскай губерні. Пасля, відаць, жылі ў Віцебску ці на Віцебшчыне.

Аляксандр Марчанка скончыў віцебскую мужчынскую гімназію. У жніўні 1880 г. паступіў у Кіеўскі ўніверсітэт на юрыдычны факультэт. Праз год перавёўся ў Маскоўскі ўніверсітэт, а пасля перавёўся ў Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт на юрыдычны факультэт, але неўзабаве перавёўся на гісторыка-філалагічны факультэт таго ўніверсітэта.

Быў тыповым студэнтам-разначынцам, які вельмі бедаваў з самога прыезду ў Санкт-Пецярбург — не меў матэрыяльнай падтрымкі ад бацькоў і ўвесь час павінен быў клапаціцца, каб знайсці работу ў горадзе і мець магчымасць вучыцца. Спачатку ён даваў прыватныя ўрокі, рабіў пераклады, а пазней уладкаваўся ў рэдакцыю (на думку Сцяпана Александровіча — у рэдакцыю нарадавольскай арганізацыі), дзе працаваў да канца лютага 1882 г. У Санкт-Пецярбургу жыў на кватэры разам з С. Андрайковічам (нарадавольцам з Гродзенскай губерні), які ўзначальваў "лятучую друкарню", надрукаваўшую біяграфіі Андрэя Іванавіча Жалябава, Мікалая Іванавіча Кібальчыча, Соф'і Львоўны Пяроўскай і інш. Марчанка быў знаёмым нарадавольца Ігната Грынявіцкага.

У Санкт-Пецярбургу вясной-летам 1881 г. арганізаваў гурток беларускіх студэнтаў-сацыялістаў, які атрымаў назву «Беларуская грамада» (1881) і ставіў мэту стварэння беларускай народнай партыі (на ўзор расійскай партыі «Народная воля»), якая б аб'ядноўвала ўсе рэвалюцыйныя гурткі беларусаў[1]. У стварэнні «Беларускай грамады» (1881) актыўны ўдзел браў разам з Аляксандрам Марчанкам і нарадаволец Ігнат Грынявіцкі. Пазней беларускі гурток атрымаў назву «Сацыяльна-рэвалюцыйная беларуская народная партыя» (1882), «Беларуская арганізацыя» (1883—1884) і «Гоман» (1884). Яшчэ адным кіраўніком групы стаў Хаім Аронавіч Ратнер (1861—пасля 1887).

Аляксандр Марчанка быў арыштаваны санкт-пецярбургскай паліцыяй 20 сакавіка 1884 г. і атрымаў абвіначванні ў тым, што ён быў членам санкт-пецярбургскага студэнцкага гуртка, які ў 1881—1882 гг. распрацаваў праграму суполкі «Беларуская арганізацыя» (1883—1884), якая была дапаможнай групай «Народнай Волі». На следстве ўсе абвінавачанні адхіляў, што, верагодна, яго і выратавала ад жорсткага пакарання, бо ўрэшце атрымаў толькі 5 год паліцэйскага нагляду.

Пазней, верагодна, кінуў вучобу ва ўніверсітэце і пайшоў на вайсковую службу ў пачатку 1886 г., але прасіў універсітэцкае начальства выслаць свае дакументы ў горад Сянно (Магілёўская губерня). Захаваліся звесткі, што ў 1889 г. жыў у Віцебску на Кавальскай вуліцы.

Далейшы лёс невядомы.

Зноскі

  1. Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). — Мінск, 2003. — С. 129.

Літаратура правіць

  • Александровіч, С.Х. Кнігі і людзі: даследванні, археалагічныя знаходкі, успаміны, эсэ / С.Х. Александровіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1976. — 206 с.
  • Александровіч, С. Яны выдавалі «Гоман» / С. Александровіч // Літаратура і мастацтва. — 1970. — № 46. — С. 10—11.
  • Гісторыя Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : Экаперспектыва, 2000—2012. — Т. 4 : Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII—пачатак XX ст.) / М. Біч [і інш.]. — 2005. — 519 с.
  • Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў: у 2 т. / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; навук. рэд. тома У. Мархель, В. Чамярыцкі — Мінск: Беларус. навука, 2010. — Т. 2. Новая літаратура: другая палова XVIII—XIX стагоддзе. — 582 с.
  • Грамадска-палітычнае жыццё ў Беларусі, 1772—1917 гг. / А.У. Унучак [і інш.]. — Мінск : Беларуская навука, 2018. — 573 с.
  • Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пачатку XXI ст. / А. Латышонак, Я. Мірановіч. — 2-е выд. — Смаленск : Інбелкульт, 2013. — 368 с.
  • Ліс, А. Беларуская ідэя ў кантэксце адраджэння славян. 20-90-я гады XIX стагоддзя / А. Ліс // Цяжкая дарога свабоды: артыкулы, эцюды, партрэты / А. Ліс. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. — С. 3—27.
  • Метрыка нацыянальнай ідэі. Круглы стол да 130-годдзя выдання часопіса «Гомон» // Беларуская думка. — 2014. — № 12. — С. 38—45.
  • Публицистика белорусских народников: нелегальные издания белорусских народников (1881–1884) / сост. и подг. текстов: С.Х. Александрович, И.С. Александрович. — Минск : БГУ, 1983. — 132 c.
  • Радзік, Р. Вытокі сучаснай беларускасці. Беларусы на фоне нацыятворчых працэсаў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе XIX ст. / Р. Радзік; пер. з польск. мовы Н. Дзенісюк ; навук. рэд. С. Рудовіч ; С. Токць. — Мінск : Медысонт, 2012. — 376 с.
  • Радзік, Р. Петербургские народники ― творцы современной белорусской национальной идеи // Белорусский сборник. Статьи и материалы по истории и культуре Белоруссии. Выпуск 3. ― СПБ., Российская национальная библиотека, 2005. С. 288.
  • Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002) / З. Шыбека. — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — 490 с.

Спасылкі правіць