Аляксандр Пшаздзецкі

Аляксандр Пшаздзецкі (польск.: Aleksander Przezdziecki, псеўд. герб Пярхала[5]; 29 ліпеня 1814, Чорны Острыў на Падоллі — 26 снежня 1871, Кракаў) — граф, вядучы варшаўскі медыевіст сярэдзіны ХІХ ст., выдавец гістарычных крыніц.

Аляксандр Пшаздзецкі
Калюмна[d]
Калюмна[d]
Род дзейнасці гісторык, медыявіст, археолаг, пісьменнік, службовая асоба, перакладчык, літаратар, архівіст, рэдактар, калекцыянер
Дата нараджэння 29 ліпеня 1814(1814-07-29)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 26 снежня 1871(1871-12-26)[1][2][…] (57 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Бацька Канстанцін Пшаздзецкі[d]
Жонка Марыя Ганна Валерыя з Тызенгаўзаў
Дзеці Канстанцін Пшаздзецкі[d]
Альма-матар
Член у
Аўтограф Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Сын Канстанціна Пшаздзецкага, маршалка падольскай шляхты, і Адэлаіды з Алізараў.

Пасля заканчэння Крамянецкага ліцэя (1831) вучыўся гісторыі і філалогіі ў Берлінскім універсітэце (1833—1834), таксама там наведваў лекцыі права.

У 1833 наведаў Скандынавію, пасля чаго апублікаваў падарожныя нататкі па Швецыі і Даніі.

Пасля заканчэння вучобы ўладкаваўся ў Дзяржаўны сакратарыят Каралеўства Польскага і пераехаў у Пецярбург.

Яшчэ падчас знаходжання ў расійскай сталіцы пачаў публікаваць літаратурныя творы (напачатку на французскай мове). Першым яго творам стала драма «Дон Себасцьян Партугальскі», не пазбаўленая палітычных алюзій (першая пастаноўка ў Пецярбургу — 16 студзеня 1836)[6]. Гэту п’есу высока ацаніў Віктор Гюго, які даслаў ліст маладому аўтару. Цікавасць да сярэднявечнай гісторыі выявілася і ў другой драме «Deux Reines de France».

Трапіўшы ў апалу, ён быў накіраваны ў Волагду, дзе працаваў у канцылярыі губернатара. Пасля года ў Волагдзе яго перавялі ў генерал-губернатарства ў Кіеў.

У 1839 падарожнічаў па Валыні і Падоллі, літаратурным плёнам паездкі сталі выдадзеныя ў 1841 падарожныя ўспаміны. Гэта праца ўтрымлівала шмат інфармацыі з архіваў магнацкіх родаў, да якіх Пшаздзецкі атрымаў доступ па сваім паходжанні.

У 1841 у Паставах заручыўся з Марыяй з Тызенгаўзаў. Пажаніліся яны 12.11.1842 у Варшаве.

Напісаўшы некалькі п’ес, заняўся і літаратурнай крытыкай. Але прынцыпова яго жыццё змянілася, калі ён пераключыўся на выданне гістарычных крыніц. У 1843—1844 гадах выдаў «Крыніцы да гісторыі Польшчы». Для падрыхтоўкі першага тома ён выбраў для супрацоўніцтва Міхала Грабоўскага. Аднак пасля крытыкі, з якой сустрэлася выданне, запрасіў Мікалая Маліноўскага, працавітага архіварыуса Радзівілаўскага архіва, да супрацоўніцтва ў распрацоўцы другога тома.

Наладзіў шчыльнае супрацоўніцтва з Юзафам Крашэўскім, які заахвочваў яго займацца гістарычнымі даследаваннямі і публікаваў яго працы ў віленскім часопісе «Athenaeum». Тут Пшаздзецкі апублікаваў вынікі сваіх першых архіўных і гістарычных даследаванняў, а таксама тэксты, прысвечаныя мастацтву, у тым ліку агляд мастацкай галерэі Канстанціна Тызенгаўза ў Паставах.

Усё часцей Пшаздзецкі звяртаў свае інтарэсы на крыніцы па сярэднявечнай гісторыі Польшчы. Зацікаўленасць пачаткамі гісторыі Польшчы былі адной з галоўных прычын паездкі ў Італію, асабліва ў Рым, дзе ён спадзяваўся знайсці шматлікія сведчанні гісторыі дзяржавы Пястаў.

Ён адправіўся ў Італію ў 1846 годзе для архіўных даследаванняў. Па дарозе ў Італію наведаў таксама некаторыя нямецкія краіны і гарады. Наведаў катэдру ў Кёльне, дзе са згоды мясцовага біскупа адкрыў труну польскай каралевы Рыксы, унутры знайшоў чэрап, загорнуты ў шоўк. Стараннямі Пшаздзецкага ў саборы была ўстаноўлена дошка ў памяць аб месцы спачыну каралевы. Прыбыўшы ў Рым, ён атрымаў афіцыйны дазвол на даследаванні ў Ватыканскім архіве. У той час падобная згода давалася толькі ў выключных выпадках.

Пасля завяршэння паездкі ў Італію Пшаздзецкі працягваў цікавіцца пытаннямі гісторыі Пястаў. У катэдры ў Наўмбургу ён знайшоў магілу дачкі Баляслава Храбрага, Рэгелінды, жонкі маркграфа Экхарда Мейсенскага. Ён таксама шукаў сляды пілігрымкі Баляслава Крывавустага ў абацтва Сен-Жыль у Францыі.

 
Аляксандр Пшаздзецкі, 1860.

Пошукі слядоў Пястаў прывялі да аднаго з найважнейшых адкрыццяў — рукапісу хронікі Вінцэнта Кадлубка, які быў знойдзены ў Вене ў снежні 1851 у калекцыі прынца Яўгена Савойскага. Усведамляючы важнасць адкрыцця, Пшаздзецкі ў 1852 паведаміў пра яго ў «Бібліятэцы Варшаўскай». Праз адзінаццаць гадоў, у 1862 г., выйшла «Хроніка магістра Вінцэнта Кадлубка», заснаваная выключна на венскім рукапісе.

Найбольшае значэнне для польскай навукі мела рэдактарская дзейнасць Пшаздзецкага. У 1852 апублікаваў «Лісты Анібала з Капуі, арцыбіскупа Неапілітанскага, нунцыя ў Польшчы, пра міжкаралеўе пасля Стэфана Баторыя і першыя гады праўлення Жыгімонта III»; у 1854 г. — «Хатняе жыццё Ядвігі і Ягайлы са скарбовых рэестраў 1388—1414 гадоў». У 1850-я гады распачаў працу над выданнем твораў Яна Длугаша. Ездзіў за мяжу ў пошуках рукапісаў і лепшых копій яго твораў. У 1863—1864 выйшла Liber Beneficiorum, а ў 1867—1870 гадах — «Гісторыя Польшчы ў 12 кнігах» у перакладзе Караля Мехержыньскага, першае поўнае польскае выданне найважнейшай працы Яна Длугаша. У 1862 г. выдаў «Хроніку» Вінцэнта Кадлубка.

Валодаў маёнткамі Чорны Острыў, Фаленты і Ойцуў.

Працы правіць

Зноскі

  1. а б Rottermund A. Aleksander Przezdziecki // Przezdziecki, Aleksander // Grove Art Online / J. Turner[Oxford, England], Houndmills, Basingstoke, England, New York: OUP, 2017. — ISBN 978-1-884446-05-4doi:10.1093/GAO/9781884446054.ARTICLE.T069907
  2. а б Aleksander Narcyz Karol Przezdziecki // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  3. Union List of Artist Names — 2011. Праверана 25 кастрычніка 2018.
  4. а б http://tnk.krakow.pl/czlonkowie/przezdziecki-aleksander-narcyz/ Праверана 30 жніўня 2022.
  5. Aleksander Przeździecki [w:] Wielka Genealogia Minakowskiego
  6. Kirkor Adam Honory. Aleksander hrabia Przezdziecki, w: Na dziś, t. 1, Kraków, 1872, s. 422—435.

Спасылкі правіць