Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў

беларускі савецкі палітычны дзеяч

Алякса́ндр Рыго́равіч Чарвяко́ў, таксама Але́сь Чарвяко́ў[2] (сапраўднае прозвішча — Чарвя́к; 8 сакавіка 1892, Дукоркі, цяпер Пухавіцкі раён — 16 чэрвеня 1937, Менск) — беларускі савецкі палітычны дзеяч. Старшыня Беларускага нацыянальнага камісарыята, падпісаў Маніхвэст аб абвяшчэнні ССРБ 1 студзеня 1919 года, член Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. Камісар асветы ССРБ, намеснік наркама асветы Літоўска-Беларускай ССР, член ЦВК Літоўска-Беларускай ССР.

Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў
1-ы Старшыня ЦВК СССР ад БССР
30 снежня 1922 — 16 чэрвеня 1937
Папярэднік пасада заснаваная
Пераемнік Міхаіл Стакун
1-ы Старшыня ЦВК БССР
18 снежня 1920 — 16 чэрвеня 1937
Папярэднік пасада заснаваная
Пераемнік Міхаіл Стакун
Старшыня СНК БССР
18 снежня 1920 — 17 сакавіка 1924
Папярэднік пасада заснаваная
Пераемнік Язэп Адамовіч
1-ы Народны камісар замежных спраў БССР
снежань 1920 — ліпень 1923
Папярэднік пасада заснаваная;
Вінцас Міцкявічус-Капсукас як народны камісар замежных спраў Літбела
Пераемнік пасада скасаваная;
Кузьма Кісялёў
Нараджэнне 8 сакавіка 1892(1892-03-08)
Смерць 16 чэрвеня 1937(1937-06-16)[1] (45 гадоў)
Месца пахавання
Імя пры нараджэнні Аляксандр Рыгоравіч Чарвяк
Партыя
Адукацыя
Дзейнасць палітык
Аўтограф Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Падпісаў Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі 31 ліпеня 1920 года. 1-ы Старшыня ЦВК БССР (1920—1937) і 1-ы Старшыня Прэзідыума ЦВК СССР ад БССР (1922—1937). Старшыня СНК БССР (1920—1924), 1-ы Народны камісар замежных спраў БССР (1920—1923).

Імя правіць

Народжаны Аляксандр Чарвяк. У пачатку палітычнай дзейнасці падпісваўся як Алесь Чэрвяк (Чарвяк). Паводле гісторыка Наталлі Голубевай, Чарвяк змяніў прозвішча на Чарвякоў у 1918 годзе паводле рэкамендацыі тагачаснага старшыні народнага камісарыята па справах нацыянальнасцяў у бальшавіцкім урадзе Іосіфа Сталіна (Джугашвілі)[3].

Біяграфія правіць

 
2-я сесія Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (15 (28) кастрычніка 1917, Мінск). Аляксандр Чарвякоў стаіць у другім радзе 5-ы справа.

Нарадзіўся 8 сакавіка (ст. ст. 25 лютага) 1892 года ў вёсцы Дукоркі Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер у складзе вёскі Дукора Пухавіцкага раёна) у сялянскай сям’і[4]. Скончыў царкоўнапрыходскую школу, а пасля гарадское вучылішча. У сямнаццаць гадоў вытрымаў экзамен на званне народнага настаўніка, настаўнічаў у Троцкім павеце[4].

У 1915 годзе скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут[5], прызваны ў армію. Праз сваю адукацыю быў накіраваны ў школу прапаршчыкаў, якую паспяхова скончыў, служыў у розных часцях. Атрымаў накіраванне ў Петраград, дзе павінен быў прайсці курс у кулямётнай школе, трапіў у горад 28 лютага 1917 года[4]. 3 мая 1917 года член РСДРП(б), прымаў актыўны ўдзел у ліпеньскіх падзеях у Петраградзе  (руск.), у гэты ж час пазнаёміўся з Іосіфам Сталіным[4]. Паводле рэкамендацыі Змітра Жылуновіча становіцца сябрам Нарвскай арганізацыі Беларускай сацыялістычнай грамады[4]. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі бальшавіцкага кірунку, якая існавала з восені 1917 да красавіка 1918 года, калі на яе аснове была створана беларуская секцыя РКП(б) пры Пецяргофскім райкаме РКП(б). Увосень 1917 года сябра Беларускага бежанскага камітэта[4]. Удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года ў Петраградзе.

Удзельнік Першага Усебеларускага з’езда ў Мінску (5 (18)—18 (31) снежня 1917) ад беларусаў-бальшавікоў Петраграда[4]. У лютым—траўні 1918 года камісар Беларускага нацыянальнага камісарыята. 3 ліпеня 1918 года ў Чырвонай Арміі: камісар дывізіі, аднак па дарозе да месца службы цягнік пацярпеў крушэнне і Чарвякоў быў вызвалены з пасады «праз атрыманыя ўдары»[4]. Атрымаў месца загадчыка культурна-асветніцкага аддзела ва Усерасійскім бюро ваенных камісараў пры УЦВК[4]. Адначасова ўваходзіў у кіруючае ядро Беларускіх секцый РКП(б)[5].

1 студзеня 1919 года ў ліку 5 членаў Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі падпісаў у Смаленску Маніфест Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі аб абвяшчэнні Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі (ССРБ). У 1919 годзе камісар асветы ССРБ, намеснік наркама асветы Літоўска-Беларускай ССР, член ЦВК Літоўска-Беларускай ССР[5].

Пасля пачатку польска-савецкай вайны на тэрыторыі Беларусі ў палітаддзеле Заходняга фронту, начальнік палітаддзела Гомельскага ўмацаванага раёна, асобнай Гомельскай крапасной брыгады. У 1920 годзе начальнік аддзела РВС Заходняга фронту, старшыня Менскага губернскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, ВРК ССРБ. 31 ліпеня 1920 года ад імя ЦК КП(б)ЛіБ разам з прадстаўнікамі ЦК Бунда, Беларускай камуністычнай арганізацыі, Цэнтральнага бюро прафесійных саюзаў Менска і Менскай губерні падпісаў Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Удзельнік мірных перамоў з Польшчай у Рызе ў кастрычніку 1920 года[5]. Першапачаткова беларуская дэлегацыя (як ад ССРБ так і ад БНР) не была запрошаная. Аляксандр Чарвякоў самастойна накіраваўся ў Рыгу як старшыня ВРК БССР, разам з ім едзе сакратар рэўкама Іван Клішэўскі. Атрымаць прызнанне савецкай беларускай дэлегацыі не ўдалося, але Чарвякоў застаўся як эксперт пры савецкай дэлегацыі без надання афіцыйнага статусу[3].

 
Аляксандр Чарвякоў, 1924 год.

У 1920—1924 гадах старшыня ЦВК і СНК БССР, з 1924 года — старшыня ЦВК БССР і адзін са старшынь ЦВК СССР з 1922 года. Удзельнічаў у падрыхтоўцы ўтварэння СССР, распрацоўцы 5-гадовых планаў развіцця народнай гаспадаркі і культуры СССР і БССР, Канстытуцый СССР і БССР. Вялікую ўвагу аддаваў умацаванню і развіццю беларускай савецкай дзяржаўнасці, нацыянальнай культуры, асветы, ліквідацыі непісьменнасці, прыхільнік беларусізацыі. Аўтар прац па гісторыі барацьбы беларускага народа за савецкую ўладу, эканамічным і культурным становішчы беларускай рэспублікі[5].

Член ЦБ КП(б)Б у 1920—1924, ЦК і Бюро ЦК КП(б)Б у 1924—1937. Член ЦВК БССР у 1919—1937 і яго Прэзідыума, ЦВК СССР і яго Прэзідыума з 1922 года[5].

 
Старшыня ЦВК БССР А. Р. Чарвякоў на Надзвычайным XII З’ездзе Саветаў БССР робіць даклад аб праекце Канстытуцыі СССР, 1936 год.

У канцы 1920 — пач. 1930-х гадоў Аляксандр Чарвякоў быў абвінавачаны ў тым, што падзяляе праваапартуністычныя погляды Мікалая Бухарына, затушоўвае вядучую ролю прамысловасці, найперш цяжкай, у сацыялістычнай перабудове вёскі падмяняе пралетарскі характар Кастрычніцкай рэвалюцыі дробнабуржуазным; ідэалізуе беларускія дробнабуржуазныя партыі, з’яўляецца прыхільнікам тэорыі «саступак» нацыянальнай інтэлігенцыі. Рабіўся вывад пра тое, што ў яго прамовах і артыкулах сфармулявана цэлая сістэма праваапартуністычных і нацыянал-апартуністычных поглядаў. Пад націскам крытыкі на партыйных пленумах, пасяджэннях Бюро ЦК, у прэсе ён вымушаны быў прызнаць наяўнасць зробленых памылак і абяцаў выправіць іх практычнай працай[5].

 
Зацемка пра самагубства Аляксандра Чарвякова ў № 138 газеты «Звязда» ад 17 чэрвеня 1937 года.

Асабліва жорстка Аляксандра Чарвякова крытыкавалі на XVI з’ездзе КП(б)Б (10—19 чэрвеня 1937). Ад яго патрабавалі тлумачэнняў, чаму ў часе праверкі партыйных дакументаў не выкрыў ні аднаго «ворага народа», каб назваў носьбітаў варожых ідэй у КП(б)Б, дзяржаўным апараце, асяроддзі інтэлігенцыі[5]. Абвінавачвалі ў тым, што ён з’яўляецца ідэйным натхняльнікам і кіраўніком нацыянал-апартуністычнай плыні ў партыі, намякалі на вяршэнства ў антысавецкім падполлі ў БССР. Дэлегаты патрабавалі выказаць Старшыні ЦВК палітычны недавер. У перапынку з’езда Аляксандр Чарвякоў застрэліўся ў сваім службовым кабінеце[6]. Рэабілітаваны ў 1957 годзе[7].

Пахаваны на Вайсковых могілках Менска.

Сям’я правіць

Быў жанаты з Ганнай Іванаўнай Чарвяковай, мелі дачку Соф’ю (1918—2000). Адразу пасля пахавання Аляксандра Чарвякова Ганна з дачкой з’ехала ў Маскву, каб пазбегнуць рэпрэсій. Ганна Іванаўна арыштаваная ў 1937 годзе ў Маскве, вызваленая з лагера ў 1945 годзе[8]. Дачка, Соф’я Аляксандраўна, у сакавіку 1938 года выключаная з Баўманскага інстытута, высланая ў адміністрацыйным парадку ў Яраслаўль, куды па вызваленні пераехала і яе маці. У 1948 годзе Соф’ю Чарвякову выслалі ў Кустанайскую вобласць Казахскай ССР, з ёй паехала маці. У 1964 годзе Соф’я Аляксандраўна з сынам Аляксандрам вярнулася ў Мінск[9].

Творы правіць

 
«За Савецкую Беларусь». Аўтар вокладкі — Васіль Літко.
  • За Савецкую Беларусь. Мн., 1927;
  • …Я ніколі не быў ворагам: Выбраныя артыкулы і прамовы; Успаміны сучаснікаў. Мн., 1992.

У мастацтве правіць

Фігуруе ў 22 раздзеле аповесці «Знак бяды» Васіля Быкава[10], у трэцяй частцы рамана Івана Мележа «Пoдыx нaвaльнiцы»[11]. Аляксандр Чарвякоў выяўлены на карціне Леаніда Дударэнкі «Мінск, 1919» (1977)[12].

Ушанаванне памяці правіць

 
Магіла Аляксандра Чарвякова і яго дачкі Соф’і на Вайсковых могілках у Мінску.
 
Мемарыяльная дошка Аляксандру Чарвякову на доме па вул. Карла Маркса, 30 у Мінску.

У 1967 годзе ў гонар Аляксандра Чарвякова названыя вуліца і завулак у Цэнтральным раёне Мінска[13]. У гонар Аляксандра Чарвякова названая вуліца ў Дукоры. Імя Чарвякова носіць Свіслацкая сярэдняя школа Пухавіцкага раёна, дзе створаны прысвечаны яму музей. На колішнім Другім Доме Саветаў (гістарычны Дом Свянцікага), дзе жыў Аляксандр Чарвякоў, усталяваная памятная дошка[14].

Зноскі

  1. Червяков Александр Григорьевич // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  2. Кароткі нарыс гісторыі міліцыі 1927, с. 3.
  3. а б Наталля Голубева. Час памятаць. Жыццёвы шлях Аляксандра Чарвякова — першага кіраўніка БССР. zviazda.by (17 кастрычніка 2020). Праверана 21-2-2022.
  4. а б в г д е ё ж з Алена Ляўковіч. Аляксандр Чарвякоў. «Усебеларускі стараста». zviazda.by (24 кастрычніка 2018). Архівавана з першакрыніцы 23 студзеня 2019. Праверана 23-01-2019.
  5. а б в г д е ё ж Платонаў Р. 2003, с. 138.
  6. Платонаў Р. 2003, с. 139.
  7. Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  8. Документы Комиссии по установлению персональных пенсий при Совете Министров БССР (руск.). narb.by. Архівавана з першакрыніцы 28-4-2020. Праверана 28-4-2020.
  9. Руслан Горбачев. «Деда довели до самоубийства, хотя Сталин отдыхал с ним в Крыму и держал на руках мою маму» (руск.). gazetaby.com (11 красавіка 2011). Праверана 28-4-2020.
  10. Анатоль Сідарэвіч. Подзвіг Аляксандра Чарвякова. nashaniva.by (13 ліпеня 2012). Архівавана з першакрыніцы 28-01-2019. Праверана 28-01-2019.
  11. Пaлecкaя xpoнiкa. Пoдыx нaвaльнiцы. Чacткa тpэцяя (кapoткi змecт)
  12. Ніна Стужынская. Ролі Усевалада Фальскага: лёс народнага камісара замежных спраў у першым урадзе савецкай Беларусі. nashaniva.by (14-005-2016). Архівавана з першакрыніцы 28-01-2019. Праверана 28-01-2019.
  13. Вячеслав Бондаренко. Названия минских улиц за последнее столетие: тенденции, загадки, парадоксы. Переименования в 1960-е и дальше (руск.). minsk-old-new.com (16 жніўня 2007). Архівавана з першакрыніцы 28-01-2019. Праверана 28-01-2019.
  14. Червяков Александр Григорьевич (руск.)(недаступная спасылка). will-remember.ru. Архівавана з першакрыніцы 23 чэрвеня 2017. Праверана 28-01-2019.

Літаратура правіць

  • Платонаў Р. Чарвякоў Аляксандр Рыгоравіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мінск: БелЭн, 2003. — С. 138—139. — 616 с. — ISBN 985-11-0276-8.
  • Иоффе, Э. Г. От Мясникова до Малофеева: кто руководил БССР / Э. Г. Иоффе. — Мн.: Беларусь, 2008. — 287 с. — С. 179—181. — ISBN 978-985-01-0803-6
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Якутов В. Александр Червяков: Документальная повесть. — Мн., 1986.
  • Крэйнін І., Власаў В., Потэс В. Кароткі нарыс гісторыі міліцыі Беларусі, 1917—1927 / пад. рэд. А. Сташэўскага. — Менск, 1927. — 227 с.

Спасылкі правіць