Анастасія Аляксандраўна Булыбенка

Анастасія Аляксандраўна Булыбенка (нар. 23 верасня 2001) — беларуская грамадская актывістка, палітычная зняволеная, асуджаная падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе[1].

Анастасія Аляксандраўна Булыбенка
Род дзейнасці палітычны вязень
Дата нараджэння 23 верасня 2001(2001-09-23) (22 гады)
Грамадзянства Беларусь
Альма-матар

Біяграфія правіць

Разам з мамай Аксанай Анастасія жыла ў Магілёве, там у Аксаны была свая крама касметыкі ручнога вырабу. Выдатна вучылася, грала ў тэатры і КВЗ, падзарабляла, каб дапамагчы маме. Скончыла мастацкую школу і дасылала свае працы на выставы. Калі Анастасія вырашыла атрымліваць вышэйшую адукацыю ў Мінску, Аксана закрыла краму і разам з дачкой пераехала ў Мінск. Анастасія паступіла ў БНТУ, на машынабудаўнічы факультэт, на бюджэт[2][3]. У пачатку верасня 2020, калі затрымалі студэнтку БНТУ Вікторыю Гранкоўскую (яна збірала подпісы пад зваротам да рэктара наконт падаўжэння дыстанцыйнай адукацыі, за што атрымала суткі арышту), Анастасія са сцягам БНТУ ўстала перад уваходам у галоўны корпус за абарону правоў студэнтаў, пасля чаго пачаліся выклікі ў дэканат на «размовы», напісанне тлумачэнняў[3].

Першы раз Анастасію затрымалі на жаночым маршы 19 верасня 2020, без складання пратаколу, пазней Анастасія атрымала ліст, што выйшаў тэрмін для прыцягнення да адказнасці. У другі раз яе затрымалі на маршы 17 кастрычніка. У аўтазаку яе лоб, спіну і руку пазначылі фарбай з балончыка, што пасля заснялі ў РАУС на відэа[4]. У межах адміністрацыйнага пакарання суд Партызнаскага раёну прысудзіў дзяўчыне 10 сутак, выйшла з якіх Анастасія 27 кастрычніка з ІЧУ у Баранавічах. 28 кастрычніка, ў сераду, яна ўжо была на парах ва універсітэце, а напачатку наступнага тыдня яна атрымала загад на сваё адлічэнне «за пропускі», які быў падпісаны задняй датай[5]. Як адзначае мама Анастасіі Аксана: "Пасля гэтых сутак Ася выйшла ў вельмі дрэнным стане. У яе псарыяз, ён вельмі абвастрыўся ў сувязі з гэтымі падзеямі. Былі жудасныя ўмовы зняволення: яна сядзела на Акрэсціна і ў Баранавічах. І хоць дзяўчаты ў камеры рабілі ўсё, каб ёй дапамагчы: размеркавалі абавязкі, каб Насці не прыйшлося нічога мыць вадой, дзяліліся сродкамі гігіены, — рукі запаліліся настолькі, што яна не магла разагнуць пальцаў, скура трэскалася да крыві. Насця не мылася 10 дзён, на Акрэсціна галадалі практычна, што ўжо казаць пра дыету, рэкамендаваную хворым на псарыяз — дыеты не было. Добра, што іншыя зняволеныя дзяўчаты дзяліліся з Насцяй прадуктамі, сурвэткамі, рэчамі. Толькі праз 4 дні, калі яна ўжо трапіла ў Баранавічы, я змагла перадаць прадукты і лекі[3].

12 лістапада 2020 года, праз два тыдні пасля таго, як яна выйшла з сутак, Анастасія Булыбенка была арыштавана дома пасля вобшуку супрацоўнікамі КДБ ў межах справы студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя альбо ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), пасля чаго была змяшчана пад варту ў СІЗА КДБ, затым была пераведзена ў СІЗА на Валадарскага.

18 лістапада 2020 года сумеснай заявай пятнаццаці арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, была прызнана палітычнай зняволенай. У сваёй заяве праваабаронцы адзначылі, што лічаць пазбаўленне волі абвінавачаных па студэнцкай справе адвольным і палітычна матываваным[6][7]. 20 студзеня 2021 года шэфства над палітзняволенай узяла Карына Конрад, дэпутатка Бундэстага і чалец Дэлегацыі па сувязям з Беларуссю, якая з гэтай нагоды адзначыла: «Мае думкі з Анастасіяй Булыбенка, затрыманай студэнткай, якая, як і многія іншыя, стала нявіннай ахвярай рэпрэсій і гвалту. Арышты і прымусовыя адлічэнні студэнтаў, якія пратэстуюць мірна, непрымальныя і павінны быць неадкладна адменены»[8]. 20 студзеня 2021 года сумеснай заявай чатырнаццаці ўкраінскіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Асацыяцыя ўкраінскіх манітораў захавання правоў чалавека ў дзейнасці праваахоўных органаў  (укр.), Украінскі Хельсінскі саюз па правах чалавека  (укр.), Харкаўская праваабарончая група  (укр.), Восток-SOS  (укр.), арышт Анастасіі Булыбенка быў прызнаны незаконным і кваліфікаваны як гвалтоўнае знікненне  (польск.)[9][10].

16 ліпеня 2021 года суд Савецкага раёна Мінска прысудзіў Анастасіі Булыбенка, якая не прызнала віну, два з паловай гады пазбаўлення волі[11].

Са жніўня 2021 года адбывала тэрмін зняволення ў гомельскай калоніі[12]. Вызвалілася 30 лістапада 2022 года.

Зноскі

  1. https://prisoners.spring96.org/be/person/anastasija-bulybenka
  2. https://tsikhanouskaya.org/be/events/news/fe8a5eb33eef9e8.html
  3. а б в https://novychas.online/hramadstva/mama-ja-nikoli-ne-zlamajusja-vyjdu-z-turmy-z-vy
  4. https://m.nashaniva.com/articles/269541/
  5. https://novychas.online/hramadstva/mama-palitznjavolenaj-studentki-hetyja-dzeci-i
  6. https://belhelcom.org/ru/news/zayavlenie-protesta-protiv-nastupleniya-na-zadzinochanne-belaruskih-studentau
  7. https://spring96.org/be/news/100557
  8. https://www.lphr.org/en/carina-konrad-fdp-neale-richmond-fine-gael-and-denis-naughten-independent-have-taken-over-a-godparenthood-for-political-prisoners-in-belarus/
  9. Заява правозахисних організацій щодо незаконно утримуваних білоруських студентів (укр.). Асацыяцыя ўкраінскіх манітораў захавання правоў чалавека ў дзейнасці праваахоўных органаў  (укр.) (20 студзеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 30 кастрычніка 2021. Праверана 30 кастрычніка 2021.
  10. Правозахисники України закликають міжнародну спільноту захистити незаконно утримуване в Білорусі студентство (укр.). Новинарня  (укр.) (20 студзеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 7 сакавіка 2021. Праверана 30 кастрычніка 2021.
  11. Неведомская, Татьяна. Родные обвиняемых по "делу студентов": Приговор не удивляет (руск.). Deutsche Welle (16 ліпеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 21 кастрычніка 2021. Праверана 30 кастрычніка 2021.
  12. https://rada.vision/by/sprava-studenta-etapavanne-figuranta-i-data-razglyadu-apelyacyi

Спасылкі правіць