Андатра, або Мускусны пацук[1] (Ondatra zibethicus) — млекакормячае падсямейства палёвак атрада грызуноў; адзіны від роду андатраў.

Андатра
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Ondatra zibethicus Linnaeus, 1766

Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  180318
NCBI  10060
EOL  313678
FW  49341

Апісанне правіць

Даўжыня цела да 40 см, хваста да 35 см, маса да 2 кг. Поўсць густая, шаўкавістая, ад светла-карычневай да чорнай. Хвост з бакоў пляскаты, укрыты рагавымі лускавінкамі. У самцоў у перыяд гону залозы выдзяляюць сакрэт з мускусам.

Распаўсюджанне правіць

Радзіма гэтага грызуна — Паўночная Амерыка. У Заходнюю Еўропу людзі ўпершыню завезлі андатру ў 1905 годзе дзеля акліматызацыі, таму што футра ў гэтага звярка вельмі трывалае і прыгожае. Акліматызацыя прайшла паспяхова, андатры паступова рассяліліся па ўсёй Еўропе. На тэрыторыю Беларусі першыя звяркі праніклі з Польшчы, але потым іх ужо спецыялына пачалі рассяляць.

Біялагічныя асаблівасці правіць

Андатра вядзе паўводны спосаб жыцця. Яна добра плавае і нырае.

Корміцца ў асноўным раслінамі. У «меню» андатры ўваходзіць і жывёльная ежа: у першую чаргу малюскі, але яна можа паляваць і на ракаў. 3 расліннай ежы аддае перавагу маладым сакавітым сцяблінам, лісцю і карэнню водных і каляводных раслін. Харчуецца андатра на строга вызначаных і пастаянных пляцоўках, так званых сталоўках. Зімой таксама даволі актыўная: робіць прадушыны ў лёдзе, хады пад снегам.

Жывуць андатры ў прыбярэжных норах альбо хатках з трыснягу, асакі, у старыцах, невялікіх з павольным цячэннем рэчках, каналах, азёрах, сажалках, багатых воднай і прыбярэжнай расліннасцю. Уваход у жытло абавязкова знаходзіцца пад вадой, што павялічвае бяспеку звяркоў. Сярод ворагаў андатры — воўк, ліс, янотападобны сабака, выдра, балотны лунь.

У звяркоў вялікая пладавітасць. Адна самка нараджае да 10 дзіцянят, якія даволі хутка растуць, а за сезон самка андатры можа даць да трох вывадкаў.

Са з’яўленнем на беларускіх вадаёмах андатры канчаткова знікла хахуля. Андатра на хахулю не палюе, але, жывучы з ёй прыкладна ў адных і тых жа месцах, складае апошняй канкурэнцыю (хахуля ж значна драбнейшая і слабейшая за андатру).

Зноскі

  1. Напісанне Андатра, Мускусны пацук у адпаведнасці з: Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — С. 353. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).

Літаратура правіць

  • Аўласенка Г. Казкі дзядулі Дняпра. Мн., 2012.