Аптэкарскі посуд

Аптэкарскі посуд — шкляная тара канца XVIIXVIII стст. невялікай ёмкасці ў выглядзе слоікаў, флаконаў, бутлікаў і бутэлечак. Выраблялася з бясколернага або зялёнага шкла розных адценняў. Слоікі мелі дыяметр па версе 3,1 — 10,8 см, дыяметр днішча 3,2 — 11 см, дыяметрам вусця 2,1 — 6,8 см, невялікія слоікі вышынёй 2,8х4,1 см. Выкарыстоўваліся пад мазі, крэмы, алей і інш. Флаконы па форме нагадваюць бутэлькі. Сустракаюцца з цыліндрычным і канічным горлам. Вышыня флаконаў 7,5—8,5 см, дыяметрам вусця 0,8—1,3 см, дыяметрам дна 2,3—3,4 см. Ужываліся для рознага роду зёлак. Для гэтай мэты выкарыстоўвалі таксама бутлікі. Яны мелі форму бутэлек з вузкім доўгім горлам і авальнае донца. Бутэлечкі і флаконы былі падобныя на вялікія бутэлькі, але ў адрозненне ад апошніх крыху большыя і мелі доўгае і вузкае горла, дно — круглае, ужываліся пад мінеральную ваду. Аптэкарскі посуд — частая знаходка ў позніх пластах Віцебска, Мінска, Слуцка, Гродна, Магілёва, Мсціслава, Мірскага замка і інш. Па-за межамі Беларусі добра вядомы па раскопках Масквы, Санкт-Пецярбурга, Кіева, гарадоў Польшчы і г.д. Сустракаецца разам з манетамі канца XVIIXVIII стст. і з’яўляецца датуючым матэрыялам для позніх пластоў.

Літаратура правіць

  • Калядзінскі, Л. У. Аптэкарскі посуд / Л. У. Калядзінскі // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 40. — ISBN 978-985-11-0353-5.
  • Яніцкая, М. М., Сташкевіч, А. Б. Мсціслаўскае шкло XVI—XIX стст. // Помнікі культуры: Новыя адкрыцці: Зборнік артыкулаў / АН БССР; ІМЭФ; Рэд. С. В. Марцэлеў. — Мн.: Навука і тэхніка, 1985. — 206 с. — С. 83 — 93.
  • Собаль, В. Е., Яніцкая, М. М. Помнікі старажытнабеларускай культуры: новыя адкрыцці: / АН Беларускай ССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; [рэд. С. В. Марцэлеў]. — Мн.: Навука і тэхніка, 1984. — 173, [3] c. — С.
  • Трусаў, А. А., Ляшкевіч А. Шкло Мірскага замка (XVI—XVIII стст.) // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — 1984. — № 3. — С. 42 — 43.