Артышок

род раслін

Артышок (Cynara), род кветкавых раслін сямейства астравых. Каля 12 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і і на Канарскіх астравах. У культуры 2 блізкія віды — артышок кардон, або іспанскі (C. Cardunculus), і сапраўдны, або калючы (C. Scolymus). Як харчовыя, кармавыя і дэкаратыўныя расліны вырошчваюць у Паўднёвай Еўропе, на поўдні Расіі, на Украіне. Галоўныя сучасныя вытворцы — Францыя, Італія, Іспанія.

Артышок
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Cynara L.


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  37220
NCBI  4264
EOL  59365
GRIN  g:3280
IPNI  125705-3

Батанічнае апісанне правіць

Шматгадовыя травяністыя расліны. Сцябло галінастае, прамое, вышыня 0,5—1 м. Лісце буйное, лопасцевае або перыстарассечанае. Трубчастыя фіялетавыя, сінія або белыя кветкі сабраны ў буйны кошык дыяметрам да 10 см. Сакавітыя нераскрытыя кошыкі з мясістым кветаложам (маюць да 4 % бялку, 7—15 % вугляводаў (да 12 % цукру), 3—11 % вітаміну С, 0,4 мг% караціну — правітаміну A, вітаміны В1 (0,18 мг %) і В2, С — 5 мг %, інулін, мінеральныя і араматычныя рэчывы, 0,74 % клятчаткі, да 80 % вады), ачышчаныя чаранкі, галоўныя жылкі лісця і карані спажываюць вараныя і кансерваваныя (далікатэсная страва). Сырыя артышокі перад ужываннем абдаюць кіпенем і выкарыстоўваюць у салатах. Суквецці артышока зрэзваюць да поўнага іх раскрыцця. Пасля адварвання ў салёнай вадзе іх можна есці з маслам або соусам або падсмажваць у топленым або сметанковым масле і пасыпаць сухарамі або зелянінай. Выкарыстоўваюць таксама артышокі для прыгатавання розных соусаў. Ядуць рукамі, з кветкі абламваюць па адным лістку, мачаюць у соус і спажываюць. Калі лісткі з’едзеныя, з дапамогай відэльца ядуць сцябло, неядомыя часткі кладуць на бераг сваёй талеркі.

Выкарыстанне правіць

Артышок вядомы як стымулявальны і дыўрэтычны лекавы сродак; ужываюць пры дыябеце, атэрасклерозе, хваробах печані; плады — проціяддзе опіуму. Артышок карысны людзям сталага ўзросту і хворым атэрасклерозам, паколькі гліказыд цынарын, якім багата расліна, зніжае колькасць халестэрыну ў крові і мае жоўча- і мачагонныя якасці.

Магчыма, быў вядомы ў Міжземнамор’і ўжо ў антычнасці. У XVI ст. пачаў пашырацца з Італіі па ўсёй Еўропе, магчыма, тады ж упершыню стаў вядомы сярод магнатэрыі Польшчы і ВКЛ дзякуючы атачэнню Боны Сфорцы, але ніколі не меў тут вялікай папулярнасці.

Зноскі правіць

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».

Літаратура правіць

  • Белы А. Артышок // Праект «Наша ежа»

Спасылкі правіць

  • Артышок — род Chynara: інфармацыя пра таксон у праекце «Плантариум» (вызначальнік раслін і ілюстраваны атлас відаў). (руск.)