Ахе́йцы (стар.-грэч.: Αχαιοί, лац.: Achaei)  — адно з асноўных з старажытнагрэчаскіх плямёнаў. Вядомыя таксама як данайцы (грэч. Δαναοί). У эпічных творах Гамера пад ахейцамі разумеюцца ўсе старажытныя грэкі.

Ахейцы
Αχαιοί
Ахіл і паранены Патрокл
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Старажытная Грэцыя
Мова
Рэлігія політэізм, культ продкаў
Блізкія этнічныя групы дарыйцы, эалійцы, іанійцы

Гісторыя правіць

Продкі ахейцаў адносіліся да індаеўрапейскіх плямёнаў, якія ў старажытнасці насялялі тэрыторыі на поўнач ад Балканскага паўвострава. У III тыс. да н.э. яны мігрыравалі на поўнач Старажытнай Грэцыі, а ў пачатку II тыс. да н.э. — на Пелапанес. Той факт, што ў старажытнагрэчаскіх тэкстах іх таксама называлі аргасцамі (Αργεῖοι), а вобласць на Пелапанесе — Ахаей, сведчыць пра значную ролю Паўднёвай Грэцыі ў фарміраванні ахейскай супольнасці. У творах Гамера сінонімам ахейцаў былі данайцы. Абодва варыянты пазначэння адной старажытнагрэчаскай супольнасці таксама сустракаюцца ў тэкстах Старажытнага Егіпту. У старажытнагрэчаскай міфалогіі продкам ахейцаў выступаў Данай.

У пачатку II тыс. да н.э. ахейцы заснавалі шэраг дзяржаўных утварэнняў на тэрыторыі кантынентальнай Грэцыі, у тым ліку Мікены, Аргас, Афіны, Тырынф і інш., якія знаходзіліся пад уплывам цывілізацыі мінойцаў. У сярэдзіне II тыс. да н.э. ахейцы захапілі Крыт. У выніку імі была створана Мікенская цывілізацыя, якая дасягнула росквіту ў другой палове II тыс. да н.э. Ахейскія мараплаўцы наведвалі землі Заходняга і Усходняга Міжземнамор’я, удзельнічалі ў вайне з Трояй.

У XII ст. да н.э. ахейцы былі выціснуты дарыйцамі ў цэнтральныя землі Пелапанеса і іншыя ўскраінныя вобласці Грэцыі. У класічны перыяд гісторыі Старажытнай Грэцыі асобны ахейскі дыялект захаваўся сярод жыхароў Аркадыі і Кіпра. Многія знакамітыя роды ў Афінах і іншых гарадах памяталі пра сваё ахейскае паходжанне.

Культура і грамадства правіць

Прыход ахейцаў на поўдзень Грэцыі суправаджаўся часовым заняпадам мясцовай сярэдняй эладскай культуры. Аднак перасяленцы ўжо мелі ганчарнае кола, баявыя калясніцы, авалодалі апрацоўкай бронзы. Аснову жыццезабеспячэння складала земляробства. Ахейскія рамесныя вырабы, перш за ўсё кераміку, знаходзяць на тэрыторыі Егіпта, Малой Азіі, на Мальце.

Па археалагічных і пісьмовых звестках, большасць грамадства належала да асабіста вольных абшчыннікаў, якія ў ваенны час гуртавалі апалчэнне. Аднак у ахейцаў меліся рабы. Важную ролю адыгрывала арыстакратыя. Паводле «Іліяды» Гамера, яна прымала асноўныя рашэнні пад час аблогі Троі. Умяшанне простых воінаў выклікала абурэнне.

Дзяржаўныя ўтварэнні ахейцаў былі тэрытарыяльна дробнымі. Іх цэнтрамі з’яўляліся добра ўмацаваныя рэзідэнцыі манархаў-ванака. Захаваліся шахтавыя пахаванні і рэшткі магільных рэчаў, у тым ліку пахавальныя маскі. Да помнікаў пісьмовасці ахейцаў адносяць крыцкае пісьмо Б.

Ахейцы шанавалі мноства багоў, сярод якіх вылучаліся Зеўс, Пасейдон, Афіна і інш. У ахейскі перыяд склалася аснова старажытнагрэчаскай міфалогіі. Пісьмовыя крыніцы і пахавальныя абрады сведчаць пра існаванне культу продкаў.

Галерэя правіць

Гл. таксама правіць

Спасылкі правіць