Аэрапоніка (ад грэч. ἀήρ «паветра» і грэч. πόνος «праца») — метад вырошчвання раслін без глебы ў вільготным паветры.

Прыкладная схема аэрапоннай устаноўкі

Гісторыя правіць

Магчымасць вырошчвання раслін шляхам распылення пажыўнага раствору ў каранёвую сістэму была вынайдзена і апісана ў 1911 г. У. М. Арцыхоўскім, расійскім батанікам украінскага паходжання. У 1957 г. галандскі даследчык Ф. В. Вент упершыню ўжыў тэрмін «аэрапоніка». Першая аэрапонная ўстаноўка камерцыйнага прызначэння была створана ў ЗША ў 1983 г. Яе найменне «Машына генезісу» было запазычына з тэлесерыяла «Зорны шлях».

Тэхналогія правіць

Аэрапоніка задавальняе патрабаванні раслін у вільгаці і пажыўных рэчывах дзякуючы частай дазаванай падачы аэразолепадобнага пажыўнага раствора непасрэдна ў зону каранёвай сістэмы раслін пры дапамозе помпы і распыляльнікаў. Такім чынам расліны могуць расці без глебы, хаця патрабуюць замацавання ў кантэйнерах або трубах, звычайна вырабленых з палімерных матэрыялаў.

Раствор падаецца ў пэўныя прамежкі часу, неабходныя для змочвання каранёў. Большы прамежак яны застаюцца ў паветры і могуць болей эфектыўна спажываць кісларод, неабходны для функцыянавання расліны. Актыўны газаабмен спрыяе развіццю каранёў, вегетатыўнай масы і паскарае наступ генератыўнай фазы, таму ўраджай атрымоўваецца хутчэй. Культурныя расліны не пакутваюць з-за канкурэнцыі з пустазеллем, у замкнёным асяроддзі зніжаецца магчымасць уздзеяння патагенаў. Кантэйнеры або трубы з раслінамі размяшчаюць шмат'ярусна, што садзейнічае эканоміі плошчы. Акрамя атрымання ўраджаю, аэрапоніка актыўна выкарыстоўваецца для вегетатыўнага размнажэння каштоўных сартоў і гібрыдаў.

Тэхналогія аэрапонікі ўключае дастаткова складаныя працэсы, у тым ліку сталы кантроль вады і ўгнаенняў для раствору, ачыстку кантэйнераў ад непажаданай мікрафлоры, а таму патрабуе аўтаматызацыю, высокатэхналагічнае абсталяванне і значны расход электрычнай энергіі. Для падвышэння эфектыўнасці сучасныя аэрапонныя ўстаноўкі забяспечаны помпамі высокага ціску, расліны атрымоўваюць дадатковы дыяксід вугляроду і прэпараты, што стымулююць іх рост.

Спасылкі правіць