Аўтарамент (польск.: Autorament, ад лац.: Auctoramentum — аплата фехтавальная) — від найму войска ў Рэчы Паспалітай. У 1630-х гадах кароль Уладзіслаў IV Ваза правёў рэформу наёмнага войска, падзяліўшы яго на аўтараменты народны і іншаземны.

Рэгімент — сімвал улады палкоўнікаў іншаземнага аўтарамента

Аўтарамент народны правіць

 
Буздыган — сімвал улады палкоўнікаў народнага аўтарамента

У народны аўтарамент, гэта значыць войскі мясцовай ваеннай традыцыі, набіралі па прынцыпу таварыстваў. Завербаваны таварыш прыводзіў з сабой пачот (почт, похолкаў, пахолікаў), коней і чэлядзь. Тактычнай адзінкай была харугва, якой камандаваў ротмістр і паручнік, а таварышы выконвалі ролю падафіцэраў. Узбраенне і адзёжа павінны былі адпавядаць патрабаванням, якія змяшчаліся ў рэкруцкіх лістах. Такі тып войска пачаў прыходзіць у заняпад пасля Вялікай Паўночнай вайны з Карлам ХІІ, паказаўшы сваю неэфектыўнасць пры сутыкненнях з сучаснай еўрапейскай тактыкай і ўзбраеннем.

У народны аўтарамент уваходзілі — гусарыя, панцырныя, казацкая кавалерыя, лісоўчыкі, польскія рэйтары і драгуны, літоўскія татары і пяцігорцы, польскія, літоўскія і вугорскія гайдукі і выбранцы.

Іншаземны аўтарамент правіць

Войскі іншаземнага аўтарамента — гэта падраздзяленні заходне-еўрапейскай ваеннай традыцыі. Вярбоўка праводзілася паводле сістэмы вольнага бубна — індывідуальнага найму. Тактычнай адзінкай былі рэгімент і эскадрон, якія складаліся з некалькіх рот і штаба. У такіх падраздзяленнях афіцэрамі былі пераважна іншаземцы, а падраздзяленні складаліся з вольных людзей розных нацыянальнасцей, навербаваных у Рэчы Паспалітай. Абмундзіраванне ў падраздзяленнях было нямецкага тыпу. З канца XVII стагоддзя ў час кіравання Аўгуста ІІ і Аўгуста ІІІ іншаземны аўтарамент пераважна складаўся з саксонскіх падраздзяленняў.

У іншаземны аўтарамент уваходзілі — нямецкія кірасіры, аркебузіры, рэйтары, драгуны, нямецкая і шатландская пяхота.

Нават таварышы з народнага аўтарамента не маглі падпарадкоўвацца афіцэрам іншаземнага аўтарамента.

Літаратура правіць

  • Mała Encyklopedia Wojskowa / red. Józef Urbanowicz. — Warszawa: Wydawnictwo Ministerstwa Obrony Narodowej, 1970.
  • Tadeusz M. Nowak i Jan Wimmer: Historia oręża polskiego 963—1795. — Warszawa: Wiedza Powszechna, 1981. ISBN 83-214-0133-3