Банцараўшчына
Банцараўшчына — гарадзішча жалезнага веку ў Беларусі, на беразе ракі Свіслач каля былой вёскі Банцараўшчына Мінскага раёна.
Пляцоўка авальная (55 х 35 м), з поўначы і паўночнага захаду ўмацавана 2 валамі вышынёй каля 2 м і равамі. Культурны пласт 0,2—1,8 м; мае 2 гарызонты: ніжні (III ст. да н.э. — IV ст. н.э.) адносіцца да культуры штрыхаванай керамікі, верхні — VI—VII стст. — ад яго атрымала назву банцараўская культура. Выяўлены рэшткі драўляных наземных пабудоў з разваламі печаў-каменак, вырабы з жалеза (сярпы, наканечнікі коп’яў, нажы, брытвы), бронзы (пярсцёнкі, фібула, лунніца, бранзалет і інш.), гліны (посуд, тыглі, льячка, прасліцы), шкляная пацерка і інш.
Назва правіць
Назва вёскі Банцараўшчына балцка-літоўскага паходжання, ад двухасноўнага імя Banteras. Адпаведныя асновы вядомыя ў літоўскай антрапаніміі. Больш аўтэнтычнае напісанне ў польскім і рускім варыянтах: Bancer-, Банцер- ("Банцэр-").
Ад таго ж імя і назва хутара Банцараўшчына на захадзе ад Ваўкавыска. Падобным чынам утвораныя і назва Байцарава, і сенненскае прозвішча Кацар (ад двухасноўных імёнаў Bai-ter'as, Ka-ter'as).
Побач з падменскай Банцараўшчынай (цераз Свіслач) быў хутар Нарэйкі (ад балцка-літоўскага аднаасноўнага імя Nareikis).
Літаратура правіць
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).