Бераг Шкілетаў[1]  (англ.: Skeleton Coast, парт.: Costa dos Esqueletos, ням.: Skelettküste) — дзяржаўны запаведнік, частка ўзбярэжжа Намібіі, размяшчаецца на поўнач ад Свакапмунда і сканчаецца каля вусця ракі Куненэ ў Анголе. Лічыцца часткай пустыні Наміб. На поўдзень ад бухты Тора-Бей пераважаюць пясчаныя раўніны. Далей, па меры прасоўвання на поўнач, з’яўляюцца пясчаныя дзюны.

Туман, вялікія валуны, штармы і халоднае Бенгельскае цячэнне ствараюць небяспечныя ўмовы для перамяшчэння караблёў у гэтым месцы.

Рэшткі некаторых суднаў ляжаць на значнай адлегласці ад вады. Напрыклад, абломкі германскага судна «Эдуард Болен» знаходзяцца за паўкіламетра ад берага. Шлюпкі маглі перасекчы лінію прыбоя і прыстаць да берага, але прыбой у тых месцах настолькі моцны, што на вёслах перасекчы яго ў адваротным напрамку практычна немагчыма. Тыя, хто выжыў, апыналіся сярод адной з самых сухіх і неспрыяльных для жыцця пустыняў свету за сотні кіламетраў ад населеных пунктаў і крыніц пітной вады. Безумоўна, яны амаль не мелі шанцаў выжыць і паміралі тут жа, на беразе, з прычыны чаго ён і атрымаў сваю назву.

Вялікая частка Берага Шкілетаў з’яўляецца адным з найстарэйшых участкаў паверхні Зямлі: карэнныя горныя пароды, з якіх ён складаецца, маюць узрост звыш паўтара мільярда гадоў.

Паўднёвая частка Берага Шкілетаў уваходзіць у Нацыянальную турыстычную зону Заходняга ўзбярэжжа. Багатае рыбай мора прываблівае сюды шматлікіх рыбакоў, якія арганізоўваюць шматлюдныя рыбацкія лагеры. Адзін з такіх лагераў затым ператварыўся ў сапраўдны горад — Гентысбугт. Паўночную частку Берага Шкілетаў ад бухты Тора-Бей да самай мяжы з Анголай ахоплівае аднайменны нацыянальны парк, доступ да якога абмежаваны.

Зноскі

  1. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11). — карта Намібія