Бубі (народ)

(Пасля перасылкі з Бубі, народ)

Бубі (ісп. Bubi, Bube) — карэннае насельніцтва вострава Біёка. Колькасць у Экватарыяльнай Гвінеі- 66 тыс. чал.[1] Акрамя таго, бубі-бежанцы і эмігранты жывуць у суседніх краінах Афрыкі, ЗША і Іспаніі.

Бубі
(Bechoboche)
Агульная колькасць 66 тыс. чал. у Экватарыяльнай Гвінеі (2011 г.)
Рэгіёны пражывання Біёка
Мова бубі
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы мака, конга

Гісторыя правіць

Мяркуецца, што бубі з'явіліся на востраве Біёка з кантынентальнай Афрыкі ў друг. пал. I - перш. пал. II тыс. да н.э. і адносяцца да моўнай групы банту. Згодна паданням, да перасялення іх прымусіла ўварванне ворагаў. Да прыходу еўрапейцаў яны не мелі адзінства. Падзяляліся на 7 (з якіх захавалася толькі 5) тэрытарыяльна-племянных груп. Прычым, розныя групы могуць быць нашчадкамі розных хваль міграцыі з Афрыкі. Паміж рознымі групамі ўспыхвалі частыя ўзаемныя канфлікты, што адлюстравана ў фальклоры бубі.

Назва бубі мае еўрапейскае паходжанне, з'яўляецца ў каланіяльны перыяд. Згодна адной версіі, на жаргоне маракоў яна значыла "няспраўны". Згодна іншай, назва паходзіць ад вітальных слоў саміх бубі або назвы іх лепшых воінаў. Аднак бубі называюць сябе bechoboche, besoboiso, bachosboricho, bandiobaboncho (літаральна "жывыя людзі" або "людзі зямлі").

У 1471 г. востраў Біёка быў адкрыты партугальскімі мараплаўцамі і абвешчаны калоніяй Партугаліі. Хаця партугальцы амаль не кантралявалі востраў, бубі пастаянна мелі сутычкі з іншаземцамі, у час якіх многія з іх загінулі. Значная частка тубыльцаў памерла ад эпідэмічных хвароб, прывезеных еўрапейцамі. Гэта вымусіла бубі адысці з узбярэжжа ў горы, дзе ў XVII - XVIII стст. склаліся іх дзяржаўныя фарміраванні на чале вярхоўных правадыроў батоку.

У кан. XVIII ст. партугальцы адмовіліся ад Біёка на карысць Іспаніі. У перш. пал. XIX ст. на востраве знаходзіліся брытанскія ваенныя. Брытанская і іспанская адміністрацыі імкнуліся захаваць аўтаномію абарыгенаў, але сярод іх актыўна працавалі хрысціянскія місіянеры, далучаліся вызваленыя рабы. Хаця бубі прытрымліваліся традыцыйнага права, у кан. XIX - пач. XX ст. з-за злоўжывання з боку правадыроў абшчыннікі пачалі звяртацца ў іспанскія суды. Гэта садзейнічала аслабленню ўлады племянной арыстакратыі.

Канчатковае зруйнаванне традыцыйнага грамадства бубі адбылося пасля абвяшчэння незалежнасці Экватарыяльнай Гвінеі ў 1968 г. Улады новай дзяржавы разгарнулі жорсткія рэпрэсіі супраць правадыроў і ўладальнікаў зямлі, што прывяло да шырокай эміграцыі бубі ў іншыя краіны. У 1970-ыя гг. там склаўся адзіны нацыяналістычны рух, накіраваны супраць дыктатуры. Пасля яе звяржэння некаторыя нацыяналісты вярнуліся ў Экватарыяльную Гвінею і пачалі актыўна займацца палітыкай і адраджэннем культуры свайго народа.

Асаблівасці традыцыйнай культуры правіць

Галоўныя заняткі - сельская гаспадарка (вырошчванне клубняплодаў, кукурузы, алейнай пальмы, гародніны), паляванне на дзікіх жывёл, лоў рыбы, збіральніцтва. Жывёлагадоўля мела дапаможны характар, але свойскія козы з'яўляліся галоўным сродкам абмену.

Паселішчы бесэ будавалі на схілах гор, абаранялі іх шматлікімі абярэгамі. У цэнтры паселішча была плошча для сумесных збораў. Жылі ў драўляных хацінах на шмат пакояў з чатырма кутамі каркаснага тыпу. Жытло правадыроў адасабляліся ад астатніх абшчыннікаў.

Сем'і малыя нуклеарныя і пашыраныя. Галавой сям'і заўсёды быў старэйшы мужчына. Адрозніваліся шлюбы, якія заключалі з маладымі цнатлівымі дзяўчатамі, калі жаніх плаціў за нявесту выкуп, і нявеста магла разлічваць на права асабістай маёмасці на пасаг, і шлюбы з удовамі і не цнатлівым дзяўчатамі. У апошнім выпадку, выкуп не выплочваўся, а маёмасць нявесты пераходзіла да жаніха. Сямейныя здрады з боку жанчын жорстка караліся. Мужчыны таксама выплочвалі штраф свойскай жывёлай.

Жанчыны звычайна выконвалі значную частку працы ў сям'і - клапаціліся аб хатняй гаспадарцы, пераносілі грузы, дапамагалі мужчынам у працы на палетках. Пасля нараджэння дзіцяці маладая маці звычайна атрымоўвала падарункі ад суседзяў і сваякоў і на некаторы час вызвалялася ад хатняй працы. Асабліва віталі нараджэнне двайнят. Дзеці лічыліся маёмасцю бацькі. Таму ў выпадку яго смерці, яны пераходзілі ў сям'ю бацькавых сваякоў, у той час як жанчына павінна была вярнуцца да сваіх суродзічаў. Уступленне падлеткаў у дарослае жыццё суправаджалася святам і зменай імя.

Сярод бубі не было сацыяльнай роўнасці. Вылучаўся пласт правадыроў, становішча якіх перадавалася ў спадчыну ад бацькі да сына або радзей з дазволу абшчыны куплялася. На ніжэйшай ступені стаялі правадыры вёсак, вышэй іх - пэўных раёнаў. У XVII - XVIII стст. вылучыўся клас вярхоўных правадыроў батоку, якіх еўрапейцы называлі каралямі. Батоку жылі ва ўмацаваных каменных палацах, мелі світу з высакародных правадыроў і бліжэйшых сваякоў. Іх улада была абмежавана саветам правадыроў. Але часцяком батоку прымалі важныя рашэнні самастойна.

Простыя абшчыннікі таксама падзяляліся на некалькі рангаў паводле заняткаў - уласнікаў зямлі, рыбакоў, лекараў, паляўнічых і г. д. Забаранялася ўжываць ежу разам з прадстаўнікамі ніжэйшых рангаў, нават калі яны былі блізкімі сваякамі.

Бубі практыкавалі патрыярхальнае рабства батакі. Прычым, рабамі маглі быць іх супляменнікі. Звычайна рабамі станавіліся дзеці (дзяўчаты часцей, чым хлопчыкі), якіх куплялі ў бацькоў. Аднак бубі адрознівалі становішча сваіх рабоў ад жорсткай формы рабства бапіпі на плантацыях.

Важную частку жыцця бубі складала вайна. Ваенныя сутычкі паміж рознымі тэрытарыяльна-племяннымі групамі не суціхалі нават у перыяд каланізацыі Біёка еўрапейцамі. Бубі нападалі на маракоў і плантатараў. Звычайная зброя - вострыя дроцікі бечыка, якія кідалі ў ворага з засады. Адбываліся і сапраўдныя бітвы паміж апалчэнццамі з розных плямён, якія арганізоўвалі на адкрытай мясцовасці. На вайне дазваляліся хітрасць і падман. Для маладых воінаў важнае значэнне мела набыццё звання героя боабі.

У мінулым шырока распаўсюджаны татуіроўкі і шнараванне цела.

Мова правіць

Родная мова бубі адносіцца да моўнай групы банту, падзяляецца на некалькі дыялектаў.

Рэлігія правіць

У нашы дні больш за 98% вернікаў-бубі спавядаюць хрысціянства, аднак захаваліся рэшткі традыцыйных анімістычных вераванняў. У мінулым важную ролю ў грамадстве адыгрывалі святары і лекары маджыама. Бубі верылі ў існаванне бога-стваральніка свету і чалавечых душ, аднак не лічылі, што ён стала ўмешваецца ў паўсядзённае жыццё. Большасць абрадаў былі прысвечаны духам продкаў і прыроды.

Зноскі

Спасылкі правіць