Букет гарні (фр.: bouquet garni) — сумесь траў і спецый, якую выкарыстоўваюць пры гатаванні булёнаў, супоў, соусаў.

Калі выкарыстоўваюцца свежыя травы, у букет гарні яны складаюцца шчыльным пучком і перавязваюцца кулінарнай ніткай. У выпадку выкарыстання сухіх і асабліва сыпкіх інгрэдыентаў яны змяшчаюцца ў мяшэчак з некалькіх пластоў марлі, які таксама перавязваецца ніткай (гэты варыянт завецца сашэ д'эпіс — ад фр.: sachet d'épices). Вольны канец ніткі звычайна прывязваюць да ручкі рондаля, у якім варыцца булён, каб пасля букет гарні можна было лёгка выняць.

Склад букета гарні шырока вар'іруецца ў залежнасці ад стравы. У «класічны» букет гарні уваходзяць толькі пятрушка (як правіла, сцёблы), лаўровы ліст і чабор[1]. Часта гэтую кампазіцыю загортваюць у ліст салеры або цыбулі-парэю. Інгрэдыенты, якія таксама часта выкарыстоўваюць — чорны перац, гваздзік, чабер, шалфей, часнок, размарын.

Звычайна букет гарні дадаецца напачатку гатавання булёну або супу і вымаецца ў самым канцы. Таму ў ім не выкарыстоўваюцца травы, якія занадта хутка аддаюць араматычныя рэчывы пры варцы, напрыклад, кервель, базілік ці эстрагон[2].

Папулярны ў французскай кухні.

Зноскі

  1. Larousse Gastronomique... С. 154.
  2. Cooking by James Peterson... С. 335.

Літаратура правіць