Бяззу́бкі, анадонты (Anodonta) — род прэснаводных малюскаў класа двухстворкавых.

Бяззубкі

Бяззубка качыная (Anodonta anatina)
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Anodonta Lamarck, 1799


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  79930
NCBI  47527
EOL  57656
FW  83658

Апісанне правіць

Авальнае цела пакрыта ракавінай (даўжынёй да 20 см), якая складаецца з дзвюх сіметрычных створак — левай і правай. На спінным баку абедзве створкі злучаны паміж сабой з дапамогай пругкай гнуткай звязкі. Пярэдні канец ракавіны закруглены, задні злёгку звужаны. На брушным баку створкі могуць расчыняцца, і ва ўтвораную шчыліну высоўваецца клінападобная (як плуг) нага малюска. Замковыя зубы адсутнічаюць (адсюль назва).

Галаўны аддзел адсутнічае. Тулава бяззубкі знаходзіцца ў спінной частцы ракавіны. Яно пакрыта шырокімі скурнымі складкамі мантыі, якія звісаюць з двух бакоў і прылягаюць да створак. Паміж складкамі мантыі знаходзіцца мантыйная поласць, у якой размешчаны нага і пласціністыя жабры (ці шчэлепы), што ляжаць з абодвух бакоў ад яе.

Пашырэнне правіць

Род аб’ядноўвае каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы. Жывуць у стаячых і з павольнай плынню вадаёмах, поўзаюць па грунце. На Беларусі 5 відаў, найбольш пашыраная бяззубка звычайная (Anodonta cygnea).

Асаблівасці біялогіі правіць

Пры дапамозе нагі бяззубка можа павольна перамяшчацца (15—20 см за гадзіну), пакідаючы за сабой на дне неглыбокую баразёнку. Патрывожаная бяззубка хутка ўцягвае нагу і зачыняе створкі ракавіны пры дапамозе двух мускулаў-замыкальнікаў, прымацаваных спераду і ззаду да левай і правай створак. Пры іх расслабленні створкі расчыняюцца пад дзеяннем эласычнай звязкі.

Біяфілыраты, кормяцца водарасцямі, бактэрыямі і іх рэшткамі. Свабодныя канцы правай і левай складак мантыі змыкаюцца паміж сабой, пакідаючы ззаду толькі дзве адтуліны — сіфоны.

Жабры і ўнутраная паверхня мантыйных складак пакрыты раснічкамі. Дзякуючы іх мігальным рухам, вада засмоктваецца праз ніжні ўводны сіфон у мантыйную поласць, фільтруецца праз пласціністыя жабры і выходзіць праз верхні вывадны сіфон. Разам з вадой засмоктваюцца планктонныя пратысты, найдрабнейшыя рачкі, бактэрыі, якія асядаюць на паверхні жабраў пры фільтрацыі вады. Затым адфільтраваныя часцінкі накіроўваюцца ў ротавую адтуліну, размешчаную над асновай нагі. Далей ежа паступае ў стрававод, страўнік, затым у кішэчнік, дзе ператраўліваецца. Неператраўленыя рэшткі выдаляюцца праз анальную адтуліну і вывадны сіфон.

Дыханне бяззубкі адбываецца з дапамогай буйных пласціністых жабраў, пранізаных сеткай крывяносных сасудаў. Вада, якая паступае ў мантыйную поласць, абмывае жабры, аддае раствораны ў вадзе кісларод і выводзіць вуглякіслы газ. Такім чынам, жабры выконваюць двайную функцыю: газаабмену і фільтрацыйнага жыўлення.

Сэрца складаецца з двух перадсэрдзяў і аднаго жалудачка, а выдзяляльная сістэма прадстаўлена дзвюма ныркамі.

Нервовая сістэма раскідана-вузлавога тыпу. У сувязі з маларухомым спосабам жыцця органы пачуццяў развіты слаба.

Раздзельнаполыя. Самка выношвае аплодненыя яйцы ў шчэлепах восень і зіму, вясной выходзяць лічынкі (глахідыі). Палавыя залозы размешчаны каля асновы нагі. Сперматазоіды паступаюць з вадой у мантыйную поласць самкі. Буйныя яйцаклеткі праходзяць па яйцаводу і асядаюць на жабрах, дзе адбываецца апладненне і развіццё мікраскапічнай лічынкі. Як і малюск, лічынка мае двухстворкавую ракавіну з зубчыкамі па знешнім краі.

Лічынкі, якія сфарміраваліся і падраслі, выходзяць у ваду. Выхад лічынак звычайна звязаны з рухам вады, выкліканым рыбамі або іншымі рухомымі жывёламі, якія праплываюць побач з малюскамі. Зубчыкамі створак ракавіны лічынка прымацоўваецца да скуры рыбы. На месцы прымацавання ўчастак цела рыбы запаляецца, утвараецца маленькая пухліна, унутры якой лічынка жывіцца, расце і развіваецца як часовы скурны паразіт. Завяршыўшы развіццё, маленькі малюск выпадае з пухліны і апускаецца на дно.

Значэнне і выкарыстанне правіць

Лічынкамі і моладдзю кормяцца рыбы.

Выкарыстоўваюцца як корм для сельскагаспадарчых жывёл, ракавіны — сыравіна для галантарэйнай прамысловасці.

Літаратура правіць

Біялогія: вучэб. дапам. для 8-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / Л. В. Камлюк, А. С. Шалапёнак; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — 3-е выд., дап. — Мн.: Нар. асвета, 2010. — 222 с.: іл. ISBN 978-985-03-1367-6