Бялградская крэпасць

Бялградская крэпасць — абарончае збудаванне, пабудаванае для абароны сярэднявечнага Бялграда.

Славутасць
Бялградская крэпасць
44°49′25″ пн. ш. 20°27′01″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Сайт beogradskatvrdjava.co.rs
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Найстаражытнейшымі прыкметамі знаходжання чалавека на тэрыторыі сучаснага Бялграда лічацца каменныя прылады, якія адносяцца да мусцьерскай археалагічнай культуры. Таксама былі знойдзены артэфакты, што належаць арыньякскай і граветскай культурам. Сталыя селішчы на тэрыторыі горада з’явіліся ў эпоху неаліта і адносяцца да Старчава-Крышскай і Вінчанскай культурам, іх жыхары займаліся земляробствам і рознымі рамёствамі[1].

Напачатку III стагоддзя да н. э. на Балканах уварваліся кельты і на тэрыторыі сучаснага Бялграда пасялілася кельцкае племя скордзіскі. Іх умацаванае селішча называлася Сінгідунум. Па адной з версій, назва азначае «круглы горад». Па іншай версіі, падчас прыходу кельтаў гэту зямлю займала фракійскае племя сінгі, па назве якога кельты назвалі новы горад. Апроч знойдзеных у Карабурме і Роспа-Чупрыі некропаляў з таго перыяду, пра Сінгідунум пры кельтах няма ніякіх іншых звестак[2]. Паводле дадзеных археалагічных раскопак, умацаванне кельтаў знаходзілася на тэрыторыі сучаснай Карабурмы[3].

 
У аснове сцен Бялградскай крэпасці выяўлены рэшткі ўмацаванняў рымскага каструма.

У I стагоддзі да н. э. рымляне пачалі наступ на ілірыйскія плямёны і скордзіскащ з тэрыторыі Македоніі. Гай Скрыбоній Курыян, праконсул Македоніі, здзейсніў паход у глыб паўвыспы, дасягнуўшы Дуная. Пра заваяванні гэтай часткі Балкан вядома мала, але яшчэ некалькі гадоў мясцовае насельніцтва спрабавала змагацца з Рымам. Праконсул Македоніі Марк Ліцыній Крас у 29 годзе да н. э. падавіў тут супраціў бастарнаў[4]. Дакладна невядома, калі гэтыя землі былі ператвораны ў рымскую правінцыю Мёзія. Згодна Дыяну Касію, Мёзія як правінцыя існавала ўжо ў самым пачатку I стагоддзя і ў той час ёй кіраваў Цэцына Север[5].

Напачатку рымскага кіравання ўмацаванні Сінгідунума складаліся з валаў з частаколам. Неўзабаве быў збудаваны каструм працягласцю ў 560 і шырынёй у 350 метраў. Ён быў змешчаны на месцы сучасных Верхняга горада і часткі Калемегдана да Парыжскай вуліцы[3].

Значэнне Сінгідунума як вайсковага цэнтра рэгіёна ўзрасло ў III стагоддзеё, калі рымляне з-за ўварванняў готаў і іншых барбарскіх плямён пакінулі Дакію і мяжа пралегла па Дунаі. Сінгідунум, такім чынам, ізноў стаў крэпасцю на мяжы Імперыі. Праз горад таксама праходзіла знакамітая дарога Via militaris уздоўж якой быў выбудаваны шэраг умацаванняў. Пасля падзелу Рымскай імперыі ў 395 годзе Сінгідунум стаў часткай Усходняй Рымскай імперыі[2].

Падзел імперыі адбыўся ў час Вялікага перасялення народаў. Апынуўшыся памежнай крэпасцю, Сінгідунум стаў мэтай шмат якіх плямён, што ўрываліся ў межы Усходняй Рымскай імперыі. У першай палове V стагоддзя ён неаднаразова вытрымваў аблогі, але ў 441 годзе гунам атрымалася ўзяць яго штурмам, пасля чаго горад быў спалены. У 454 годзе войскам Візантыі (Усходняй Рымскай імперыі) атрымалася вярнуць яго, але неўзабаве ён быў захоплены сарматамі. У 470 годзе Сінгідунум быў захоплены остготамі. У 488 годзе ім авалодалі гепіды, але ў 504 годдзе остготы адбілі горад. Праз некалькі гадоў яны, паводле мірнай дамовы, вярнулі яго Візантыі. У 512 годзе імператар прыняў рашэнне рассяліць у ім герулаў, каб тыя баранілі мяжу імперыі ад нападаў гепідаў з іншага берага Дуная[6].

Пры Юстыніяне I вакол Сінгідунума збудавалі магутныя каменныя ўмацаванні. У 584 годзе горад захапілі і разрабавалі авары і славяне, якія, неўзабаве пакінулі яго і Сінгідунум ізноў быў заняты візантыйскім гарнізонам. На мяжы VI—VII стст. горад быў апорным пунктам візантыйцаў падчас паходаў імператара Маўрыкія супраць славян і авараў. У 602 годзе авары зноў узялі штурмам Сінгідунум і разрабавалі яго. Каля 630 года ў яго наваколлі рассяліліся сербы. Неаднаразова разбураны горад да таго часу ўжо страчваў сваё вайсковае значэнне. Пасля гэтага на працягу больш чым двух стагоддзяў пра яго не згадваецца ў крыніцах. Толькі ў 878 годзе ў лісце Папы Рымскага балгарскаму князю Уладзіміру-Міхалу зноў ідзе гаворка пра горад, але ўжо пад яго славянскай назвай Бялград. У гэты перыяд ён уваходзіў у склад Першага балгарскага царства[6]. У балгараў Бялград быў адбіты венгерцамі, але праз пэўны час Балгарыі атрымалася вярнуць горад. У 1018 годзе горад стаў часткай Візантыі і зноў стаў мець ролю важнай памежнай крэпасці імперыі[6].

У 1040 годзе ў Памараўе бліснула антывізантыйскае паўстанне пад правадырствам Пятра Дзяляна. Сярод захопленых паўстанцамі гарадоў быў і Бялград, дзе Дзялян абвясціў сябе ўнукам балгарскага цара Самуіла і быў абвешчаны балгарскім царом пад імем Пятра II. У 1041 годзе паўстанне было прыгнечана візантыйцамі. На працягу XI—XII стст. горад быў арэнай бязлітаснага змагання паміж Візантыяй і Венгрыяй. Апроч войскаў гэтых дзяржаў яго некалькі разоў спусташалі крыжакі, якія ішлі праз гэты раён ў Святую зямлю[6].

У 1284 годзе кароль Сербіі Драгуцін ад свайго венгерскага караля Ласла IV атрымаў у кіраванне вобласць Мачву з Бялградам. Ён інтэнсіўна засяляў яе сербамі, у горадзе рос уплыў Сербскай праваслаўнай царквы. Актыўна вялося новае будаванне. У 1319 годзе, праз некалькі гадоў пасля смерці Драгуціна, венгерскае войска захапіла і зруйнавала горад. На працягу XIV стагоддзя ён быў памежным фарпостам, на які венгерскія каралі глядзелі як на перашкоду, што не дазваляла Сербіі пашырацца на поўнач[7].

Пасля з’яўлення на Балканах туркаў і бітвы на Косавам полі венгерцы, імкнучыся чужымі рукамі абараніць Дунай, перадалі Бялград сербскаму дэспату Стэфану Лазаравічу[8]. Ён адбудаваў горад і збудаваў там магутныя ўмацаванні. Бялград быў падзелены на дзве часткі — Верхні горад і Ніжні горад.

Спадчыннік Стэфана Джурадж Бранкавіч быў змушаны вярнуць горад Венгрыі[9]. Наўзор Бялградскай крэпасці ён пабудаваў умацаванні ў Смедзераве. Тым часам, сам Бялград пад венгерскім кіраваннем хутка страціў сваю эканамічную і культурную ролю. Апроч таго, негатыўным абліччам адбілася і венгерская нацыянальная палітыка — кароль Сігізмунд засяляў горад венгерцамі, а сербам быў забаронены ўваход у яго цэнтральную частку[7].

 
Аблога Бялграда ў 1456 годзе.
 
Бялградская крэпасць у XVI стагоддзі.

Для Асманскай імперыі захоп Бялграда быў важным заданнем, бо крэпасць затуляла шлях у Венгрыю і не дазваляла туркам весці свае наступальныя паходы у яе кірунку. У 1440 годзе Бялград аблажыла турэцкае войска колькасцю ў 100 000 чалавек пад камандаваннем султана Мурада II. Ёй не атрымалася ўзяць горад, але на вяршыні Авалы, на месцы сербскага ўмацавання Жрноў, туркі пабудавалі крэпасць і змесцілі ў ёй буйны гарнізон, які стаў апорным пунктам для наступных атак на Бялград. У 1456 годзе туркі распачалі яшчэ адну беспаспяховую аблогу горада. Аж да канца стагоддзя вакол яго вяліся бязлітасныя баі. У 1521 годзе султан Сулейман захапіў Бялград[10].

Пасля паразы пад Венай у 1683 годзе туркі сталі губляць свае еўрапейскія ўладанні, і ў 1688 годзе горад захапілі аўстрыйцы[11]. Яны адразу пачалі будаванне новай сучаснай крэпасці па праекце Андрэя Корнара. Праз два гады турэцкае войска зноў авалодала Бялградам. Падчас аблогі гарматным ядром была пашкоджана адна з веж у замку Верхняга горада. У выніку пажару ў крэпасці выбухнуў парахавы склад. Загінула больш за тысячу чалавек, а замак дэспата Стэфана быў разбураны. Пасля захопу крэпасці туркі працягнулі будаванне ўмацаванняў па праекце Корнара, бо ён перайшоў да іх на службу[3].

 
Аблога Бялграда аўстрыйцамі ў 1717 годзе.

Некалькі гадоў горад быў турэцкай памежнай крэпасцю, а ў 1717 годзе ім ізноў авалодалі войскі Аўстрыйскай імперыі. Крэпасць была перабудавана па сучасным праекце, апроч таго, умацаванні акружылі ўвесь горад. Пад уладай Аўстрыі Бялград ізноў перажыў нядоўгі росквіт. Было пабудавана мноства новых будынкаў, ажывіўся гандаль[12]. Сярод яго жыхароў у вялікай колькасці з’явіліся венгерцы, немцы, французы, чэхі і інш. У выніку чарговай вайны з Турцыяй Аўстрыя была змушана саступіць Бялград пасля заключанага ў ім у 1739 годзе мірнай дамовы. Турэцкі гарнізон знёс вонкавыя ўмацаванні, казармы і іншыя будынкі, пабудаваныя аўстрыйцамі. Шэраг хрысціянскіх цэркваў былі пераўтвораны ў мячэці[10].

У час чарговай вайны з Асманскай імперыяй аўстрыйцы ў 1789 годзе захапілі горад, але пакінулі яго пасля падпісання Сістоўскай мірнай дамовы. Тым часам, Бялград быў зачынены для янычараў, ім было забаронена наведваць яго. Пасля скону Мустафы-пашы ў 1801 годзе янычарам атрымалася захапіць уладу ў горадзе і наваколлях. Учынены імі няпраўнасць і тэрор[13] прывялі да Першаму сербскаму паўстанню[10].

 
Аэраздымак крэпасці ў 1914 годзе.

Распачатае ў 1804 годзе паўстанне адной са сваіх мэт мела вызваленне Бялграда. У 1807 годзе сербскаму войску пад кіраўніцтвам Карагеоргія атрымалася авалодаць горадам. Паўстанцы атрымалі яго ў дрэнным стане, горад быў у заняпадзе, шмат якія будынкі былі цалкам ці часткова разбураны. Карагеоргій абвясціў Бялград сталіцай краіны і прыступіў да яго аднаўлення. Развіццё сталіцы было перапынена разгромам паўстання ў 1813 годзе. Турэцкі гарнізон, які заняў Бялград, ажыццяўляў рэпрэсіі[14], якія прывялі да Другога сербскага паўстання, распачатаму ў 1815 годзе. Яго лідару Мілашу Абрэнавічу пры падтрымцы Расіі атрымалася дамагчыся для Сербіі аўтаноміі ў рамках Асманскай імперыі[15].

19 красавіка 1867 года, пасля працяглых перамоў, турэцкі гарнізон пакінуў Бялград, і горад ізноў стаў сталіцай Сербіі. З гэтага моманту крэпасць страціла сваё вайсковае значэнне. У час Першай сусветнай вайны усе будынкі ўсярэдзіне ўмацаванняў былі разбураны, а сцены і вежы сур’ёзна пацярпелі. Пасля Другой сусветнай вайны крэпасць ператварылася ў турыстычны аб’ект і месца адпачынку жыхароў Бялграда. Цяпер на яе тэрыторыі і ў прылеглым парку Калемегдан рэгулярна праводзяцца культурныя і спартовыя мерапрыемствы[3].

Гл. таксама правіць

Крыніцы правіць

  1. Историја (серб.). Праверана 21 лютага 2017.
  2. а б Антички период (серб.). Праверана 21 лютага 2017.
  3. а б в г Историја Београдске тврђаве (серб.). Сайт Белградской крепости. Праверана 12 ліпеня 2018.
  4. Парфёнов В. Н. 2001, с. 30.
  5. Парфёнов В. Н. 2001, с. 182.
  6. а б в г Византија (серб.). Праверана 21 лютага 2017.
  7. а б Средњовековни српски Београд (серб.). Праверана 21 лютага 2017.
  8. История Югославии 1963, с. 111.
  9. История Югославии 1963, с. 113.
  10. а б в Турска и аустријска владавина (серб.). Праверана 21 лютага 2017.
  11. История Югославии 1963, с. 210.
  12. История Югославии 1963, с. 214.
  13. История Югославии 1963, с. 310.
  14. История Югославии 1963, с. 325.
  15. Ослобођење Београда (серб.). Праверана 21 лютага 2017.

Літаратура правіць

  • Парфёнов В. Н. Император Цезарь Август: Армия. Война. Политика (руск.). — Спб: Алетейя, 2001. — 278 с. — ISBN 5-89329-396-7.
  • История Югославии (руск.). — М.: Издательство Академии Наук СССР, 1963. — Т. 1. — 736 с.
  • История Югославии (руск.). — М.: Издательство Академии Наук СССР, 1963. — Т. 2. — 438 с.

Спасылкі правіць