Бібліятэка Жыровіцкага манастыра

Бібліятэка Жыровіцкага манастыра — збор кніг, які захоўваўся пры Жыровіцкім Успенскім манастыры з XVI стагоддзя. Вядома паводле вопісаў пачынаючы з 1731 года.

Бібліятэка Жыровіцкага манастыра
Краіна
Адрас Жыровіцы
Заснавана 1731

Гісторыя правіць

Жыровіцкі манастыр з'яўляўся буйным цэнтрам кнігавытворчасці, тут займаліся перапісваннем і друкаваннем кніг. Бібліятэка Жыровіцкага манастыра была адной з найбуйнейшых манастырскіх бібліятэк Рэчы Паспалітай. Нягледзячы на распаўсюджанне кнігадрукавання на тэрыторыі Беларусі, не толькі да канца XVII, але і ў XIX стагоддзі і нават XX стагоддзі працягвалася стварэнне рукапісных кніг. Асноўнае месца сярод рукапісных кніг займалі кнігі рэлігійнай тэматыкі. Перыяд станаўлення і развіцця бібліятэкі Жыровіцкага манастыра практычна не вядомы.

Скрыпторый пры Жыровіцкім манастыры дзейнічаў ужо ў сярэдзіне XVI стагоддзя. Фарміраванне бібліятэкі ў XVI стагоддзі звязваюць з праваслаўным родам Солтанаў, прадстаўнікі якога былі вядомымі збіральнікамі кніг. Заснавальнікам гэтага роду і першым заўзятым бібліяфілам быў маршалак Вялікага князя Казіміра Солтан Аляксандравіч. Будучы «чалавекам адукаваным і выяўляючы немалую цікавасць да кніжнай справы», ён арганізаваў у сваім маёнтку Шышкіна скрыпторый.

У 1493 годзе Жыровічы былі перададзены Вялікім князем Літоўскім у нашчадкавае валоданне Солтану Аляксандравічу і сталі радавой рэзідэнцыяй, туды была перавезена і бібліятэка. У ёй перапісваліся як богаслужбовыя кнігі, так і хранікальная літаратура, палемічныя творы, ажыццяўляліся пераклады кніг на старабеларускую мову. Сярод перапісаных кніг асаблівае месца займае «Гісторыя, або аповесць людзей розных, веры здольных пра вобраз чудоўны найсвяцейшай панны Марыі Жыровіцкай павета Слонімскага, выпісаная з немалаю працаю і стараннем сабраная праз шматгрэшнага бацьку».

Падчас паўстання Б. Хмяльніцкага Жыровіцкі манастыр у 1655 годзе быў разбураны, разам з ім, верагодна, пацярпела і бібліятэка. Жыровічы ўзялі пад апеку Слонімскія францісканцы, вярнуўшы манастыр базыльянам толькі пасля 1660 года. З гэтага часу пачалося папаўненне бібліятэкі.

Да сярэдзіны XVIII стагоддзя бібліятэка Жыровіцкага манастыра налічвала некалькі тысяч тамоў і складалася з асноўнай манастырскай бібліятэкі і сховішча пры зборы, дзе знаходзіліся найбольш каштоўныя кнігі.

Збор бібліятэкі правіць

У 1758 годзе на ўсіх кнігах бібліятэкі быў пастаўлены надпіс: «Сия книга есть з библиотеки монастыра Жировицкого чину Василия Великого 1758 подписана», былі прадстаўлены бібліятэчныя шыфры. Паводле вопісу 1800 года ў бібліятэцы было 2686 кніг у 3867 тамах, а таксама 537 рукапісаў і 93 гравюры. Кнігі былі размеркаваны па 17 раздзелах.

Выдатныя асобнікі ў зборы Жыровіцкай бібліятэкі правіць

У бібліятэцы захоўвалася знакамітае Жыровіцкае Евангелле, вядомае таксама пад назвай «Евангелле Сапегі». У кнізе знаходзіўся ўласнаручны запіс канцлера ВКЛ Льва Сапегі аб дараванні Жыровіцкаму манастыру шэрагу зямельных уладанняў.

Іншым выдатным рукапісным помнікам, які належаў бібліятэцы, была так званая «Энцыклапедыя» — гэта зборнік, які змяшчаў акрамя выпісак з рускіх летапісаў, шматлікія артыкулы прыродазнаўчага, навуковага зместу, рэлігійна-палемічныя, а таксама літаратурныя творы. Артыкулы ўключалі звесткі па астраноміі, анатоміі, гісторыі, геаметрыі. Пяць лістоў займалі табліцы для вылічэнні пасхаліі, астранамічных і каляндарных разлікаў. Даследчыкі лічаць, што аўтар «Энцыклапедыі» карыстаўся касмалагічным трактатам «Аб нябёсах  (руск.)» XV стагоддзя, працамі Яна Дамаскіна, астралагічнымі трактатамі — «Луннікам», «Альманахам», каментарыямі Галена да прац Гіпакрата.

У бібліятэцы Жыровіцкага духоўнага вучылішча быў багаты збор айчынных кніг, са слоўнікаў меліся польска-французскі слоўнік М. Троца (Лейпцыг, 1774) у трох тамах, гісторыка-геаграфічны слоўнік на лацінскай мове (Парыж, 1789), шэраг энцыклапедычных слоўнікаў.

Сярод найстаражытнейшых рукапісаў бібліятэкі — «Ізмарагд» (15 ст.), павучанні Ісаака Сірына  (руск.) (15 — 16 ст.), Кіева-Пячэрскі пацярык (16 ст.).

Сучасны лёс бібліятэчнага збору правіць

У сувязі з пераводам Літоўскай духоўнай семінарыі з Жыровіч у Вільню частка кніг бібліятэкі перавезена ў Віленскі Троіцкі манастыр. М. Нікалаеў ідэнтыфікаваў 52 рукапісы з бібліятэкі Жыровіцкага манастыра ў сучасных кнігазборах. У цяперашні час у Бібліятэцы АН Літвы захоўваецца 29 рукапісаў, якія, магчыма, паходзяць з бібліятэкі Жыровіцкага манастыра. Іншыя жыровіцкія рукапісы зберагаюцца ў Бібліятэцы Расійскай академіі навук  (руск.) у Санкт-Пецярбургу, архіве Санкт-Пецярбургскага аддзялення Інстытута расійскай гісторыі Расійскай академіі навук  (руск.)

Літаратура правіць

  • В. С. Пазднякоў. Бібліятэка Жыровіцкага манастыра // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 1. — 704 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0496-9.
  • Мотульский, Р. С. Из прошлого в будущее. Библиотеки Беларуси. Ч.1. / Р. С. Мотульский. — Минск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2011. — 256 с.
  • Берёзкина, Н. Ю. Библиотеки и распространение научных знаний в Беларуси (XVI—XX) / Н. Ю. Берёзкина; науч. Ред. : М. П. Костюк, А. А. Коваленя. — 2-е изд., испр. и доп. — Минск: Беларуская навука, 2013. — 523 с.
  • Культура Беларусі : энцыклапедыя. Т. 1. / рэдкал : Т. У. Бялова і інш. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2010. — 704 с.: іл.