Біягеаграфія — навука, якая вывучае заканамернасці распаўсюджвання жывёл і раслін, а таксама характар фауны і флоры асобных тэрыторый. Біяграфія падзяляецца на зоагеаграфію (геаграфію жывёл) і фітагеаграфію (геаграфію раслін).

Карта свету з заагеаграфічнымі рэгіёнамі

Сучасныя біягеаграфічныя даследаванні маюць некалькі кірункаў:

  • арэалаграфія вывучае тыпы арэалаў, іх структуру і паходжанне, размяшчэнне асобін унутры відавых арэалаў, што дае магчымасць стварэння кадастравых картаў;
  • рэгіянальная біягеаграфія займаецца фларыстычным і фауністычным раянаваннем на аснове вывучэння сістэматычнага складу флоры і фауны пэўных раёнаў Зямлі;
  • экалагічная біягеаграфія вывучае залежнасць пашырэння арганізмаў ад экалагічных фактараў асяроддзя, пераважна клімату, але таксама і гаспадарчай дзейнасці чалавека;
  • гістарычная біягеаграфія высвятляе ўплыў мінулых геалагічных эпох Зямлі на сучасны склад згуртаванняў арганізмаў і іх цяперашняе раазмяшчэнне на планеце.

Вынікі даседаванняў па біягеаграфіі ўлічваюцца пры ахове і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, а таксама правядзенні мерапрыемстваў па знешнім каранціне, ахове раслін і барацьбе з пераносчыкамі прыродна-ачаговых захворванняў чалавека і свойскіх жывёл.

Гісторыя правіць

Пачатак біягеаграфіі пакладзены ў 19 стагоддзі працамі натуралістаў (А. Гумбальт, А. Дэкандоль, А. Уолес, Ф. Склетэр, П. Палас, М. А. Северцаў і інш.), якія вывучалі флору і фауну розных рэгіёнаў зямнога шара.

На Беларусі значны ўклад у развіццё біягеаграфіі зрабілі І. Д. Юркевіч, М. Дз. Несцяровіч, В. І. Парфёнаў, А. Е. Агаханянц і інш.

Пытанні біягеаграфіі распрацоўваюцца ў навукова-даследчых інстытутах АН Беларусі (эксперыментальнай батанікі, заалогіі, лесу, геалагічных навук, праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі, Цэнтральным батанічным садзе), Беларускім геолагаразведачным НДІ.

Літаратура правіць

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
  • Второв П. П., Дроздов Н. Н. Биогеография. — М.: Владос. 2001. — 304 с.
  • Яблоков А. В., Остроумов С. А. Уровни охраны живой природы.  / Под ред. Н. Г. Хрущёва. — М.: Наука, 1985. — 174 с. — (Человек и окружающая среда).

Спасылкі правіць