Вавілонія

старажытная рабаўладальніцкая дзяржава

Вавіло́нія — рабаўладальніцкая дзяржава на тэрыторыі сучаснага Ірака, у сярэднім і ніжнім цячэнні рэк Тыгр і Еўфрат. Існавала ў 19—6 ст. да н.э.

Дзяржава была заснавана пасля пранікнення ў Ніжнюю Месапатамію семіцкіх плямёнаў амарэяў, з якіх паходзіла 1-я дынастыя вавілонскіх цароў (19—16 ст. да н.э.). Да канца 18 ст. да н.э. (цараванне Хамурапі) Вавілонія захапіла ўсё Паўднёвае Двухрэчча і стала адной з самых магутных дзяржаў Пярэдняй Азіі. У 1518 да н.э. Вавілоніяй завалодалі вандроўныя плямёны касітаў, пачаўся перыяд палітычнага і культурнага заняпаду. У 15 ст. да н.э. трапіла пад уладу егіпецкіх фараонаў, а з 1300 да н.э. — асірыйскага цара Ніна. Пасля кароткага адраджэння пры Навухаданосары I (сяр. 12 ст. да н.э.) пачаўся новы перыяд палітычнага аслаблення, дзяржава трапляе пад уладу Асірыі і на працягу многіх стагоддзяў была яе правінцыяй. У канцы 2 — пач. 1 тыс. да н.э. у Вавілонію пранікаюць халдзейскія плямёны. У 626 да н.э. уладу ў Вавілоніі захапіў халдзейскі военачальнік Набапаласар, які ў саюзе з Мідыяй разбіў Асірыю і аб’явіў сябе вавілонскім царом. Было ўтворанае Нова-Вавілонскае (Халдзейскае) царства, якое дасягнула найбольшага росквіту пры Навухаданосары II (1-я пал. 6 ст. да н.э.). Былі пераможаныя Егіпет і Іўдзейскае царства; Вавілон стаў галоўным гандлёвым цэнтрам Пярэдняй Азіі. У 538 да н.э. пры Валтасары Вавілонія была заваявана Кірам II і стала правінцыяй дзяржавы Ахеменідаў. Пасля паходаў Аляксандра Македонскага Вавілонія прыйшла ў заняпад, а яе сталіца паступова страціла сваё значэнне.

Гісторыя правіць

Старажытны Вавілон узнік на месцы больш старажытнага шумерскага горада Кадынгіры, назва якога была пасля перанесена на Вавілон. Упершыню Вавілон згадваецца ў надпісе акадскага цара Шаркалішары (XXIII стагоддзе да н.э.). У XXII стагоддзі да н.э. Вавілон быў заваяваны і разрабаваны Шульгі, царом шумерскай дзяржавы Ура, які падпарадкаваў сабе ўсю Месапатамію.

Старававілонскі перыяд правіць

 
Вавілонія пры Хамурапі

Плямёны амарэяў, якія занялі ў канцы III тыс. да н.э. тэрыторыю Двурэчча, на працягу XX ст. да н.э. сталі ўтвараць незалежныя царствы. У 1895 г. да н.э. амарэйскім правадыром Суму-абумам было створана адно з такіх царстваў з цэнтрам у Вавілоне. Падчас актыўных войнаў паміж дзяржавамі Месапатаміі да 1800 г. да н.э. Вавілон стаў цэнтрам поўдня краіны, падкантрольнага царству Ларса. Смерць цара Шамшы-Адада I, які кіраваў велізарнай дзяржавай, якая ўключала ў сябе Верхнюю Месапатамію, дазволіла вавілонскаму цару Хамурапі пачаць далучэнне разрозненых царстваў. За 1764—1756 гг. да н.э. былі заваяваны Элам, Мары, Ашур, Эшнуна, Сузіяна — утварылася адзіная агульнамесапатамская дзяржава, самым знакамітым помнікам якой сталі Законы Хамурапі.

Вавілонская дзяржава мела рысы старажытна-ўсходняй дэспатыі, на чале якой стаяў цар, які валодаў заканадаўчай, выканаўчай, судовай і рэлігійнай уладай і абапіраўся на армію; воіны атрымлівалі ад дзяржавы зямельныя надзелы, што перадаваліся ў спадчыну па мужчынскай лініі і былі неадчужальныя. Асноўную масу насельніцтва складалі дробныя вытворцы і ўласнікі. Грамадства падзялялася на паўнапраўных грамадзян, юрыдычна свабодных, але непаўнапраўных мушкенумаў, якія працавалі ў царскай гаспадарцы, і рабоў. Былі развіты ірыгацыйнае земляробства, садаводства, рамёствы, знешні і ўнутраны гандаль. Значнымі гандлёмі цэнтрамі ў гэты час былі гарады Вавілон, Ніпур, Сіпар, Ларса, Ур.

Сярэдневавілонскі перыяд правіць

Пры пераемніку Хамурапі Самсу-ілуне (1749—1712 гг. да н.э.) у 1742 г. да н.э. адбіў уварванне плямёнаў касітаў, якія абрынуліся на Месапатамію. З канца XVII ст. да н.э. Вавілонія перажыла ўнутраны крызіс.

Уварванне хетаў у 1595 да н.э. і захоп Вавілона іх царом Мурсілі І у 1594 да н.э. спынілі праўленне старававілонскай дынастыі. Каля 1518 да н.э. заваявана касітамі, якія панавалі да 1150-х г. да н.э. (т.зв. касіцкі перыяд). Афіцыйнай назвай дзяржавы касітаў было Кардуніяш. Яго цары ў XV—XIV стст. да н.э. валодалі вялікімі тэрыторыямі даліны Ніжняга Еўфрата, Сірыйскага стэпу — аж да межаў егіпецкіх уладанняў у Паўднёвай Сірыі. Кіраванне Бурна-Бурыяша II (каля 1366—1340 гг. да н.э.) было апагеем касіцкай магутнасці, аднак пасля яго кіравання пачынаецца 150-гадовы перыяд вавілона-асірыйскіх войнаў. Пры апошнім касіцкім цару Эліль-надзін-аху (1159—1157 да н.э.) Вавілонія трапіла пад уладу Элама.

Асіра-вавілонскі перыяд правіць

Эламітам не ўдалося далучыць Вавілонію да сваёй дзяржавы, паколькі іх валадарства натыкнулася на супраціўленне мясцовага насельніцтва. Вызвалілася пры Навухаданосару І (11261105 да н.э.), які перанёс сталіцу з г. Ісін у Вавілон. Аднак адроджанае Вавілонскае царства апынулася ў цені моцнай Асірыі. У IX ст. да н.э. паўднёвую частку Вавілоніі занялі халдзеі.

Напачатку XI ст. да н.э. асірыйскі цар Тыглатпаласар I захапіў Вавілон, але ўтрымаць яго асірыйцы не здолелі, і націск качэўнікаў прымусіў засяродзіць увагу на заходніх межах. Да 745 да н.э. Тыглатпаласар III аднавіў парадак у сваім царстве, завяршыў паўторнае заваяванне Вавілоніі і ў 728 да н.э. быў каранаваны ў старажытным горадзе Хамурапі. Тым не менш, моцны сваімі сепаратысцкімі настроямі Вавілон не стаў сталіцай Асірыі. Вавілонская зяржава страціла незалежнасць, аднак захавала статус асобнага царства ў складзе Асірыі. Асірыйскі цар Сінахерыб пасля паўстання ў Вавілоне (689 да н.э.) зраўняў гэты горад з зямлёй[1], аднак ужо яго пераемнік Асархадон заняўся аднаўленнем горада.

Новававілонскі перыяд правіць

 
«Халдзейская імперыя» (Новававілонскае царства) каля 600 г. да н.э.

Зноў стала незалежная ў час кіравання халдзейскага правадыра Набапаласара (626—605 да н.э.), які заснаваў халдзейскую (новававілонскую) дынастыю. Найбольшага эканамічнага росквіту і культурнага адраджэння Вавілонія дасягнула пры Навухаданосару II (604561 да н.э.). Пасля яго смерці знаць і жрацы ўмешваліся ва ўладу. Рэлігійная рэформа апошняга цара, арамея па паходжанні, Набаніда (556—539 да н.э.), якая вылучыла на першы план культу бога Месяца Сіна замест культу вярхоўнага вавілонскага бога Мардука, выклікала канфлікт са жрацамі, яго актыўная знешняя палітыка (войны ў Аравійскай пустыні) аслабіла армію. У 539 годзе да н.э. Вавілонія была заваявана персідскім царствам Ахеменідаў.

Культура і мастацтва правіць

Вавілона-асірыйская літаратура правіць

Вавілона-асірыйская літаратура адлюстроўвае розныя бакі гаспадарчага, грамадскага і паўсядзённага жыцця народаў, якія жылі ў Старажытнай Месапатаміі ў першыя тры тысячагоддзі да нашай эры. Адметнай рысай Вавілона-асірыйскай літаратуры з’яўляецца незвычайны кансерватызм усіх літаратурных жанраў. Задачай пісца было не стварэнне новага літаратурнага твора, а захаванне для будучых пакаленняў літаратурнай спадчыны старажытнасці ці ў лепшым выпадку прымяненне старажытнай літаратуры да патрэбнасцей і патрэб сучаснасці.

Зноскі

  1. ВАВИЛОН И АССИРИЯ. Архівавана з першакрыніцы 28 лістапада 2012. Праверана 6 студзеня 2015.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць