Вайна Тэўтонскага ордэна з Вялікім Княствам Літоўскім

Вайна Тэўтонскага ордэна з Вялікім Княствам Літоўскім (12831409) — вайна, якую вялі (з перапынкамі) нямецкія рыцарскія ордэны (Тэўтонскі (Нямецкі, Прускі), Інфлянцкі (Лівонскі) і інш.) супраць ВКЛ, у асноўным у Жамойці і ў беларускім Панямонні; частка агульнай нямецкай экспансіі ў Прыбалтыцы.

Прыбалтыка ў 1308—1455.

Знікненне фармальнай, ідэалагічнай нагоды для вайны — хрышчэнне Літвы паводле Крэўскай уніі (1385), — не азначыла, аднак, і сканчэння ваенных дзеянняў, а толькі іх пераход у новую форму.

Сярод наступстваў вайны было ўтварэнне незаселенай густа-лясной пустэчы паміж землямі Ордэна і ВКЛ. Таксама мяркуецца[1], што пераважная скіраванасць нямецкіх удараў на балцкія землі запаволіла рост, а магчыма, што і паменшыла значэнне балцкага элемента ў ВКЛ.

У палітычны і ваенны фон вайны ўваходзілі канфлікты з Польшчай за Валынь і Галіччыну (1340—1360-я гады) і з Маскоўскім княствам за ўплыў на княствы Русі: Смаленск, Цвер і іншыя (1340-я—1370-я гады), унутраны канфлікт вакол улады ў ВКЛ (1370—1390-я гады).

Агульны характар правіць

Агульны характар вайны асноўваўся на аперацыях мясцовага значэння (паходах, рэйдах, з нямецкага боку вядомых як г.зв. «паходы на Літву»), скіраваных на эканамічнае аслаблення праціўніка — на спусташэнне земляў і масавы выган палонных (з ВКЛ так было выведзена больш за 200 тыс. ч.). Адносна вялікія бітвы здараліся вельмі рэдка (бітва пад Коркгаўзам, 1298, бітва пад Ваплаўкен, 1311, бітва пад Меднікамі, 1320, бітва на Стрэве, 1348, бітва пад Рудавай, 1370).

Наогул, нягледзячы на ідэйнае апраўданне вайны нехрышчонасцю Літвы, ваенныя дзеянні Ордэна ў ВКЛ не мелі выразнага рэлігійнага характару, а больш былі выпрабаваннем для рыцарства, у т.л., для «гасцей» з ліку рыцарства еўрапейскага: англійскага, французскага, з 1360-х гадоў — польскага. Сілы, якія прыцягваліся, звычайна былі параўнальна нязначнымі (некалькі соцень воінаў, невялікая колькасць братоў-рыцараў). З іншага боку, частасць такіх паходаў дасягала 8 за год (2-я пал. 14 ст.), нярэдка — некалькіх разоў за год, звычайна — раз за год, і вельмі рэдка за год не адбывалася аніводнага такога паходу. За 1345—1377 налічваюць да 100 такіх паходаў[2].

Пасля 1360 ваенныя дзеянні набылі новыя асаблівасці. Актывізавалася еўрапейская дапамога, у тым ліку прыток еўрапейскага, у т.л. польскага, рыцарства на дапамогу Ордэну ў паходах у Прусію і адтуль на Літву. Практычна, гэтыя землі, як «населеныя паганцамі», сталі вайсковым палігонам для рыцарства Еўропы[3]. Часцей сталі высылацца вялікія кантынгенты, сталі асвойвацца новыя кірункі ўдараў — апроч самой Жамойці, на Аўкштоту (асабліва інфлянцкае войска), на Русь, Полацкую і Чорную (Дзяляцічы, Беліца і інш.). З 1370-х гадоў тэўтонскія і інфлянцкія войскі пачалі ажыццяўляць свае паходы ўзгоднена (напрыклад, у паходах 1371, 1372 і 1377).

Зброя правіць

У 1340-я гады немцамі пачынае выкарыстоўвацца агнястрэльная зброя. У час гэтай вайны была ўпершыню на землях ВКЛ выкарыстана артылерыя (ордэнская аблога Друі[4], жнівень 1377). Неўзабаве артылерыя з'явілася і ў войску ВКЛ.

Падзеі правіць

Вайна пачалася нападам тэўтонцаў на літоўскі замак Бізэну (1283). Асноўнымі цэлямі тэўтонцаў сталі Жамойць і замкі сярэдняга Панямоння, але пад удар трапіла і беларускае Панямонне — ужо ў 1284 адбыўся першы (і паспяховы) нямецкі паход на Гарадзен (Гродна). Разумеючы важнасць своечасовага апавяшчэння аб нападах, князь Віцень узяў пад сваю апеку адбудаваныя бізэнскі і гарадзенскі замкі, і ўвёў у іх сталую гарнізонную службу, што было навіной у тагачаснай ваеннай справе ў ВКЛ. Верагодна, што на той час Ордэн не быў гатовы да поўнамаштабнай вайны з ВКЛ, таму актыўныя ваенныя дзеянні даволі доўга (да 1295) не ўзнаўляліся, а тымчасам, тэўтонцы ўмацавалі свае пазіцыі будовай замкаў Рагнет і Тыльзіт на Нёмане (1289).

1290-я гады правіць

У 1295 і 1296 адбыліся тры ордэнскія паходы ў гарадзенскае Панямонне, з іх два — на сам Гарадзен. Наогул, горад і крэпасць прыцягвалі найбольшую ўвагу Ордэну як стратэгічны пункт на шляху далейшай экспансіі, і на працягу ўсяго 14 ст. былі мэтай шматлікіх ордэнскіх паходаў. У сваю чаргу, Гарадзен служыў базай для ваенных удараў ВКЛ на захад.

У Падзвінні войска ВКЛ перамагло ордэнскае (1298) пад Коркгаўзам (у сучаснай Латвіі).

1300-я гады правіць

Важнай вяхой у нарошчванні ваеннага патэнцыялу Ордэну ў Прыбалтыцы стала прыбыццё ў Прусію (1304) г.зв. «гасцей» — крыжовых рыцараў з розных нямецкіх земляў, якія збіраліся дапамагаць Ордэну ў барацьбе супраць новых ворагаў хрысціянства — «літвінаў». Перавод сталіцы Ордэна ў Марыенбург (1309) сігналізаваў аб пераносе цэнтру ўвагі Ордэна са Святой Зямлі на Прыбалтыку і азначыў актывізацыю барацьбы Ордэна супраць ВКЛ.

У 1305 і 1306 ордэнскія войскі здзейснілі тры паходы ў Гарадзенскую зямлю, у 1311 — яшчэ два. У красавіку 1311 Віцень з літоўска-беларускім войскам уварваўся ў Прусію, але рыцары яго дагналі і разграмілі на зваротным шляху. У 1314 адбыліся тры спусташальныя ордэнскія паходы, два на этнічныя літоўскія землі, і адзін — на Наваградак («у зямлю Крывічоў»; Гл. таксама: Давыд Гарадзенскі); войскі ВКЛ абложвалі замак Хрыстмемель (1315). У далейшым, па сканчэнні перыяду пасіўнасці пасля смерці князя Віценя, сілы ВКЛ перайшлі да актыўных дзеянняў і на нейкі час перахапілі ініцыятыву: паход Давыда Гарадзенскага на Прусію (1319), бітва пад Меднікамі (1320), чатыры паходы войска ВКЛ у Прусію і Інфлянты за перыяд да 1323, у той час як Ордэн адказаў толькі адным. Гэтым самым часам дапамогу ад ВКЛ у абароне ад ордэнскіх войскаў атрымліваў Пскоў (1322 і 1323).

1320-я гады правіць

У 1-й чвэрці 14 ст. палітычнае становішча ВКЛ палепшылася. Ініцыятыва хрышчэння Літвы Гедзімінам (13221324) спрычынілася да заступніцтва за Літву папы Яна XXII, які забараніў Ордэну паходы на яе тэрыторыю, і да падпісання чатырохгадовага перамір'я (1324). Саюзнікам ВКЛ стала Польшча, дзе жадалі рэваншу за захоп Ордэнам Памор'я і Гданьска (1308—1309). Ваенны саюз ВКЛ і Польшчы быў падпісаны ў 1325. Адным з замежнапалітычных наступстваў гэтага саюзу было ўцягванне ВКЛ у канфлікт паміж імператарам Людовікам Баварскім і папай Янам XXII на баку апошняга і Польшчы, якая падтрымлівала папу. Гл. таксама: паход на Брандэнбург, 1326; паход на Брандэнбург, 1327; бітва пад Плоўцамі, 1331.

У 1327 ваенныя дзеянні былі ўзноўлены, гэтым разам паміж Тэўтонскім ордэнам і ВКЛ разам з Польшчай. У 1328 адбыліся тры паходы немцаў на ВКЛ, два з іх — на Гродна, у 1329 прускае войска ўварвалася ў Жамойць і заняло там амаль усе ключавыя замкі. У 1329, пасля аблогі і няўдалай спробы Гедзіміна дапамагчы саюзнікам (паход на Каркус), Інфлянцкі Ордэн захапіў Рыгу. Узяцце і падпарадкаванне Рыгі і рыжскага архібіскупа (1329) дазволіла Інфлянцкаму ордэну, які да 1330-х гадоў практычна не вёў актыўных дзеянняў супраць ВКЛ, актывізавацца пачаўшы з 1331 (паход на Вільню, 1334; паходы на Жамойць 1330, 1332 і 1333; паходы на Полацак 1333 і 1334; аблога крэпасці Пулен, 1336).

Пасля фактычнага сканчэння вайны з Польшчай (1332) і падпісання з ёй перамір'я (1337), актывізаваўся і Нямецкі ордэн. На Нёмане былі пастаўлены замкі Марыенбург і Баербург (гэты замак меўся быць сталіцай падпарадкаванага літоўскага края), замак Фрыдбург перабудаваны з захопленай крэпасці Велена. У 1337 Ордэн атрымаў ад імператара Людовіка Баварскага новы данацыйны акт (дарчы ліст) на Літву, прычым Літва разумелася як гістарычны рэгіён — з Жамойцю і Руссю. Адзначаецца, што ізаляванасць на палітычнай сцэне Еўропы, і практычная адсутнасць ваеннай актыўнасці ВКЛ у 1330-я гады прывялі княства пад канец дзесяцігоддзя да надзвычай цяжкага становішча[5].

Аднак, у канцы 1330-х гадоў актыўнасць ордэнаў неспадзявана паменшылася, прычынай чаго лічаць зварот князя Гедзіміна па прыняцце хрысціянства, за што той і быў атручаны.

1340-я гады правіць

Пасля смерці Гедзіміна палітычнае становішча ВКЛ пагоршылася. Інфлянцкі ордэн узнавіў наступ на Пскоўскую зямлю (1341), немцамі была купленая ў Даніі Эстонская зямля (1346). Пасля Калішскага міру (1343) Польшча на 66 гадоў выйшла з ваенных дзеянняў у гэтым рэгіёне. Тымчасам, Польшча вяла з ВКЛ барацьбу за Валынскую і Галіцкую землі. Такім чынам, апроч канфліктаў з Польшчай і Масквой (вакол Смаленскай зямлі), у 1340—1350-я гады ВКЛ засталося сам-насам з кансалідаванымі сіламі Ордэна, з якім салідарызаваліся і ўплывовыя постаці еўрапейскай палітыкі — Ян Чэшскі, Людовік Венгерскі, герцаг Карл Люксембургскі (будучы імператар Карл IV). Да ўдзелу ў «святой вайне з паганцамі» запрашаліся еўрапейскія рыцары, і рыцарства Еўропы ахвотна ўдзельнічала ў вайне (паход атрада герцага Вільгельма на Жамойць і інш.).

Паход аб'яднаных рыцарскіх сіл на Літву ў 1345 сарваўся з-за дрэннай каардынацыі і ранняй вясны, але ў 1348 адбыўся спусташальны паход прускага войска з удзелам рыцараў-«гасцей» на Панямонне, які скончыўся цяжкай паразай арміі Альгерда і Кейстута пад Коўнай.

Гэтыя падзеі, аднак, азначылі пачатак перыяду адноснага зацішша ў вайне. У 1345—1360 Прускі ордэн правёў 10 паходаў, Інфлянцкі — 6, ВКЛ — 10. Сваю ролю тут зайграла тагачасная агульнаеўрапейская эпідэмія чумы, але галоўнай прычынай лічыцца новая ініцыятыва хрышчэння Літвы, якая выходзіла ад Кейстута (1348) да нямецкага імператара і багемскага караля Карла IV, потым ад князёў Літвы да Людовіка Венгерскага (1351), потым паўторна да Карла IV (1358).

Гэтым часам паміж Нямецкім ордэнам і ВКЛ двойчы заключаўся мір, у 1349—1351 і 1355—1356, але пасля няўдачы ініцыятывы 1358 падтрымка Карла IV была страчана, і ў 1360 ваенныя дзеянні ўзнавіліся.

1360-я гады правіць

У 1362 была захоплена Коўна, у 1366 праведзены паход на Полацак. У 1367 быў заключаны мір з інфлянцкім ландмагістрам, што дазволіла Альгерду правесці тры паходы на Маскву. У 1370 ваенныя дзеянні ўзнавіліся, і войска ВКЛ пры спробе паходу на Кенігсберг панесла паразу пад Рудавай. Паходы на ВКЛ адбываліся ў 1371, 1372. У 1373 ўзнавіліся і шырокамаштабныя ваенныя дзеянні, прычым поспех усё больш хіліўся на боку Ордэна, які, да таго ж, атрымліваў дапамогу з боку Еўропы. У 1377 былі абложаны Трокі і часткова спалена Вільня, у жніўні 1377 абложана Друя[4], увосень 1377 адбыўся паход Альбрэхта III Аўстрыйскага на Жамойць, у снежні — напад на Беліцкі замак (цяпер в. Беліца). У 1379 быў абложаны замак Берасце, спустошана Гарадзенская зямля. У 1381 адбыліся паходы на Вільню і на Полацк, быў разбураны замак Наваполле.

Дзеянні ВКЛ у 1370-я гады былі абмежаванымі, з іх найбольш значнымі былі паходы Свідрыгайлы і Андрэя Альгердавіча на Дзюнабург і Падзвінне ў 1373 і 1375, паход Кейстута ў Курляндыю ў 1377.

У 1379 Ягайла і Кейстут падпісалі з вялікім магістрам Вінрыхам фон Кніпродэ 10-гадовае перамір'е, якое тычылася толькі пэўных прыгранічных земляў (Ваўкавыск, Сураж, Драгічын, Камянец, Мельнік, Бельск, Берасце, Горадзен). У тым самым годзе Ягайла пачаў шукаць сепаратнага пагаднення з крыжакамі, і ў лютым 1380/1381[6] падпісаў з інфлянцкім ландмагістрам мірнае пагадненне, якое не тычылася Жамойці і земляў Кейстута, а ў маі 1380/1381 падпісаў з магістрам усяго Тэўтонскага ордэна мірнае пагадненне, якое таксама не тычылася земляў Кейстута.

Гэты перыяд вайны праходзіў пад моцным уплывам унутрыдзяржаўнай барацьбы Ягайлы і Кейстута, потым Вітаўта, якую часова выйграў Ягайла. Узамен за 4-гадовы мір, ён саступіў (31.10.1382) Ордэну Жамойць па раку Дубісу, і паабяцаў на працягу 4 гадоў хрысціцца. Але Вітаўт, уцёкшы ў Прусію, паабяцаў Ордэну, у якасці лена, наогул усю Жамойць. У сваю чаргу, улады Ордэна карысталіся канфліктам унутры ВКЛ у сваіх уласных інтарэсах, і, напрыклад, парушылі пагадненне ў верасні 1383 у паходзе на Вільню і Трокі, супольна з сіламі Вітаўта (3000 жамойтаў). Трокі былі захоплены, частка Вільні спалена. Аднак, хутка Ягайла змог адваяваць Трокі, а Ордэн страціў свайго ўнутранага саюзніка пасля ўцёкаў Вітаўта (лета 1384). Ягайла, шукаючы саюзнікаў, адхіліў саюз з Масквой, і зрабіў выбар на карысць Польшчы, што абумовіла падпісанне Крэўскай уніі (1385).

Пасля 1385 правіць

Незадаволенасць умовамі Крэўскай уніі, палітыкай Ягайлы і ўзмацненне ўнутрыдзяржаўнай апазіцыі на чале з Вітаўтам прывялі да працягу грамадзянскай вайны (13891392), у якой удзельнічаў і Ордэн. Вітаўт, тады князь гародзенскі, збег да крыжакоў і заключыў з імі саюз. У 1390 Вітаўт з войскам крыжакоў (сярод «гасцей» — Генрых, граф Дэрбі, у далейшым — кароль Генрых IV) няўдала штурмаваў замкі Вільні і адступіў у Прусію. Новы і таксама беспаспяховы паход на Вільню быў здзейснены Вітаўтам і крыжакамі ў 1391. Зімой 1391 Вітаўт узяў Гродна і Меднікі. Аднак, у 1392 Вітаўт разарваў саюз з Ордэнам, і 4 жніўня 1392 заключыў Остраўскае пагадненне з Ягайлам.

Умяшанне Тэўтонскага ордэна ў палітыку ВКЛ праягвалася і далей. У 1394 атрад крыжакоў на чале з ордэнскім маршалам Вернерам Тэтынгерам, дайшоўшы да Вільні, Наваградка, Ліды і «зрабіўшы значныя спусташэнні.. зганяе мноства палонных абодвага полу і зводзіць іх у Прусію»[7].

Спусташэнні, якія чыніла вайна, а таксама жаданне свабодна дзейнічаць на ўсходзе, падштурхнулі Вітаўта да сепаратнага Салінскага міру з крыжакамі, згодна з умовамі якога крыжакам назаўсёды адыходзіла Жамойць (мір папярэдне падпісаны 23 красавіка 1398 і зацверджаны 12 кастрычніка 1398 на востраве Салін)[8]. Такі дагавор, між іншым, сведчыў і пра жаданне буйных феадалаў ВКЛ цалкам разарваць дзяржаўную унію з Польшчай.

Аднак, феадалы Жамойці не згадзіліся з пераходам пад уладу немцаў і паўсталі. Гэта, разам з працягам ордэнскіх набегаў на ВКЛ, і з няўдачамі на ўсходзе (Гл. таксама: бітва на Ворскле), вымусіла Вітаўта да змены курсу, падтрымкі Жамойці і заключэння Віленска-Радамскай уніі з Польшчай (1401).

Напады крыжакаў працягваліся і ў далейшым. Увосень 1401 адзін з крыжацкіх атрадаў напаў на Коўна, другі на Гародзенскую зямлю. Крыжакі спусташалі і палілі вёскі, выводзілі ў Прусію палонных. У лютым 1402 магістр Ордэна зноў зрабіў напад на Гародзенскую зямлю, забраўшы 400 палонных. Быў зроблены напад і з Лівоніі. А ў маі 1402 літоўскія і жамойцкія атрады захапілі Клайпеду і іншыя пагранічныя замкі, спалілі іх, а насельніцтва ўзялі з сабой у Літву. Улетку 1402 крыжакі дайшлі да Меднікаў і Ашмянаў. Замкаў не здабылі, але край быў спустошаны. У канцы 1402 Вітаўт спаліў Рагнету, а ў красавіку 1403 нават захапіў Дынабург і Юрбарг, аднак крыжакі ўзялі Мерэч і спустошылі ваколіцы Трок. Цяжкасці вайны на два фронты (з Ордэнам і з Масквой) вымусілі Вітаўта да чарговага, Рацёнжскага, міру з крыжакамі (22.5.1404), якім пацверджваўся Салінскі мір 1398[9].

Аднак, пасля падпісання міру з Масквой (1408), на патаемнай нарадзе Ягайлы і Вітаўта ў Наваградку (канец снежня 1408) было пастаноўлена вярнуць Жамойць у ВКЛ.

Вясной 1409 у Жамойці было пачата паўстанне, якое было падтрыманае Вітаўтам, і палітычна падтрыманае Ягайлам (аспрэчана юрыдычнае права Ордэна на Жамойць тым, што Ордэну быў прапанаваны трацейскі суд адносна Жамойці, і было прапанавана ўстрымацца ад нападаў на Жамойць). Пасольства Ягайлы да вялікага магістра (1409) пагражала ў выпадку адмовы падтрымаць ВКЛ. Вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген у адказ абвясціў Польшчы вайну (фармальнае абвяшчэнне ў Марыенбургу 6.8.1409, грамата польскаму каралю ўручана ў Корчыне 15.8.1409).

Такім чынам асобная вайна ВКЛ скончылася, і пачалася «Вялікая вайна» Польшчы і ВКЛ з Тэўтонскім ордэнам. Гл. таксама: Грунвальдская бітва.

Зноскі

  1. Ермаловіч. С.51,84,85.
  2. Ермаловіч/ C/51.
  3. Быў папулярны, напр., такі выраз: «Заслужыць (рыцарскія) шпоры ў Прусіі».
  4. а б Дакладней, верагодна, што гэта была менавіта Друя («новы замак русінаў амаль у 12 мілях за Дзюнабургам»).
  5. Мікола Ермаловіч. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд. — Гіст. дасл. — Мн.: Выд. цэнтр "Бацькаўшчына": МП "Бесядзь", 1994. — 91 с. ISBN 985-6026-01-6. С.36,37.
  6. Варыянт злічэння 1380 у Сагановіча, 1381 у Ермаловіча.
  7. Длугош, Я. грюнвальдская битва. — М. — Л., 1962. — С. 33.
  8. Любавский, М. Литовско-русский сейм. — М., 1900. — С. 24—26.
  9. Kolankowski, L. Dzieje Wielkiego Księstwa Litewskiego za Jagiellonów. T. 1. — Warszawa, 1930. — S.81—83.

Літаратура правіць

  • Анатоль Грыцкевіч. Барацьба Вялікага княства Літоўскага і Рускага (беларуска-літоўскай дзяржавы) з Тэўтонскім ордэнам у канцы XIV — першай палове XV ст. // Адраджэнне: Гіст. альманах. Вып. 1 / Склад. і навук. рэд. А. П. Грыцкевіч. — Мн.: Універсітэцкае, 1995. — 259 с.: іл. ISBN 985-09-0088-1. С.36—61.

Спасылкі правіць