Валынскія немцы (ням.: Wolhyniendeutsche, Wolyniendeutsche, укр.: Волинські німці) — адна з этнічных меншасцей Украіны, што пражывала на Валыні да Другой сусветнай вайны.

Частка нямецкамоўнага насельніцтва ў паветах Валынскай губерні паводле перапісу 1897 года.

Гісторыя правіць

Першай нямецкай калоніяй на Валыні лічыцца паселішча ў Галендры Уладзімір-Валынскага павета (цяпер у Цярнопальскай вобласці), заснаванае ў 1797 годзе. У 1804 годзе немцы пасяліліся ў Антонаўцы, каля мястэчка Кунеў (цяпер у Хмяльніцкай вобласці), у 1817 г. з’явілася калонія Вальдгайм. У Ровенскім павеце першая нямецкая калонія — Сафіеўка — з’явілася ў 1811 годзе. Пачынаючы з 1815 года на Валынь сталі перасяляцца немцы з Заходняй Прусіі і менаніты з Пфальца (якія мелі швейцарскае паходжанне). Асабліва шмат немцаў перасялілася ў рэгіён у 1860-я гады: калі ў 1862 годзе ў Валынскай губерні пражывала 4 247 немцаў, то ў 1868 г. іх налічвалася ўжо 20 505 чалавек (большасць з іх паходзіла з Прусіі і Аўстрыі).

Па стане на 1871 год немцы пражывалі ў 56 паселішчах Луцкага павета, 31 — Ровенскага, 28 — Жытомірскага, 22 — Ноўгарад-Валынскага павета, па некалькі нямецкіх паселішчаў існавала таксама ва Уладзімір-Валынскім, Дубенскім, Астрожскім і Оўруцкім паветах. Немцы жылі адасоблена, амаль не кантактуючы з украінскім насельніцтвам.

Паводле перапісу 1897 года, для 171 331 асоб, што жылі на Валыні, роднай мовай была нямецкая. Найбольшую вагу нямецкамоўныя асобы складалі ў Луцкім павеце — 30 255 чалавек, або 12,0 % насельніцтва. Пераважная большасць валынскіх немцаў вызнавалі пратэстанцтва (лютэранства і менаніцтва).

Да Першай сусветнай вайны на Валыні пражывала каля 200 тысяч немцаў. Падчас яе частка немцаў была пераселена ў Германію, яшчэ частка была выслана царскімі ўладамі ў Сібір. Каб пазбегнуць гэта дэпартацыі, многія немцы пабраліся шлюбам з украінцамі. У міжваенны перыяд тэрыторыя валынскіх немцаў была падзелена паміж Польшчай і Савецкай Расіяй. У апошняй у 1930 годзе быў утвораны Пулінскі нямецкі раён, які ўваходзіў у склад Валынскай (Жытомірскай) акругі і праіснаваў да 1935 года.

Падчас Другой сусветнай вайны ў 1939 годзе з польскай тэрыторыі было пераселена ў Вартэланд каля 45 000 чалавек валынскіх і галіцкіх немцаў. Тых немцаў, што пражывалі ў савецкай частцы Валыні (каля 44 600 чалавек) перасялілі службы СС у 1943—1944 гадах, спачатку ў Беласток, а потым у Вартэланд.

Пасля 1945 года частка валынскіх немцаў вярнулася ў СССР, частка здолела застацца ў Германіі. Вялікая канцэнтрацыя іх была ў Лінстаў (цяпер у складзе зямлі Мекленбург — Пярэдняя Памеранія). З 1992 года там працуе музей і Культурны і грамадскі цэнтр валынянаў-перасяленцаў.

Гл. таксама правіць

Спасылкі правіць