Волак — сухапутны шлях зносін прызначаны для перацягвання (валачэння) суднаў паміж вадаёмамі.

Часцей для волакаў выбіраліся месцы найбольшага збліжэння вадаёмаў, напрыклад рэк розных басейнаў. Працягласць валокаў звычайна не перавышала 20-30 км. Волакам маглі карыстацца ў адным ці абодвух напрамках руху, у залежнасці ад рэльефу мясцовасці. Звычайна валокамі карысталіся ў перыяд навігацыі (з вясны па восень). Судны перацягвалі па сушы на катках або выгружаныя на адным баку тавары перавозіліся ці пераносіліся па волаку і грузіліся на судны на яго іншым баку.[1]

Старажытны свет правіць

Найбольш вядомы Дыёлк — волак праз Карынфскі перашыек.

На тэрыторыі Беларусі правіць

Да зручных волакаў прыплывала шмат гандляроў, тут сяліліся рамеснікі і іншы працоўны люд, які абслугоўваў волак, такім чынам пры волаках ствараліся адкрытыя гандлёва-рамесныя паселішчы. На аснове «волакавай» тапаніміі, аналізу тапаграфіі і геамарфалагічнага характару мясцовасці на тэрыторыі Беларусі даследчыкі (І. Д. Гарбачэўскі, М. П. Загоскін, В. А. Жучкевіч і інш.) выявілі каля 20 сярэдневечных волакаў. Таксама звесткі пра валокі даюць археалагічныя і нумізматычныя матэрыялы.[1]

Волакі злучалі левыя прытокі Заходняй Дзвіны з правымі прытокамі Дняпра і Нёмана, левыя прытокі Прыпяці і правыя Дняпра з прытокамі Заходняга Буга і Нёмана.[1]

Волак у воз. Плаўна правіць

Яшчэ В. Я. Данілевіч адзначаў, што гандлёвы шлях ад Полацка ішоў на поўдзень «Западнай Дзвіной, Улай і Эсай, з якіх перапраўляліся волакам у возера Плаўна, з якога пачыналася рака Сергуч, прыток Бярэзіны».[2]

Мядзельскі волак правіць

Праз перашыек паміж возерам Мядзел (басейн Заходняй Дзвіны) і возерам Мястра (басейн Нёмана). На перашыйку знаходзіўся «двор» Волак (цяпер не існуе) і пры ім вёска Волачак (цяпер нежылая).

Друцкі волак правіць

На месцы Друцкага волаку, паміж вёскамі Дроздава і Скавышкі, выяўлены шэраг курганных могільнікаў колішніх адкрытых гандлёва-рамесных паселішчаў, пры раскопках знойдзены гіркі-разнавагі і дэталі шаляў у пахаванні, а таксама вялікая колькасць разнастайных пацерак, упрыгожанняў са срэбра і інш. (X—XI ст.).[3]

Арэхаўскі волак правіць

На месцы волаку з Дняпра ў Заходнюю Дзвіну праз раку Лучоса пры раскопках курганных могільнікаў выяўлены рэчыўны комплекс (VIII—XI ст.) падобны да знаходак на Друцкім волаку.[3]

Зноскі

  1. а б в Археалогія і нумізматыка…
  2. Данилевич В. Е. Пути сообщения Полоцкой земли до конца XIV ст. — Юрьев, 1898. — С. 9.
  3. а б Гісторыя Беларусі…

Літаратура правіць

  • Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя. — Мн.: БелЭн, 1993.
  • Гісторыя Беларусі. У 6 т. / Вяргей В., Ганецкая І., Гурын М. — Т. 1. — Мн.: Экаперспектыва, 2000.
  • Данилевич В. Е. Пути сообщения Полоцкой земли до конца XIV ст. — Юрьев, 1898.
  • Во́лак, волакі // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 176. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.

Спасылкі правіць