Ітуруп (руск.: Итуруп, яп.: 択捉島) — востраў паўднёвай групы Вялікай грады Курыльскіх астравоў, самы буйны востраў архіпелага. Плошча — 3200 км². Насельніцтва (2014 г.) — 6 153 чал.

Ітуруп
руск. Итуруп, яп. 択捉島
Востраў Ітуруп Спадарожнікавы здымак
Востраў Ітуруп Спадарожнікавы здымак
Характарыстыкі
Плошча3 200 км²
Насельніцтва6 153 чал. (2014)
Шчыльнасць насельніцтва1,92 чал./км²
Размяшчэнне
45°00′ пн. ш. 147°53′ у. д.HGЯO
АрхіпелагКурыльскія астравы
Ітуруп (Расія)
Ітуруп
Ітуруп
Ітуруп (Японія)
Ітуруп
Ітуруп
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Геаграфія правіць

 
Вулкан Багдан Хмяльніцкі

Востраў выцягнуты з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад на 200 км, шырыня ад 7 да 27 км. Плошча — 3200 км². Складаецца з вулканічных масіваў і горных камлюкоў. На Ітурупе 9 дзеючых вулканаў: Кучаравы (986 м), Меншы Брат (562 м), Чырып (1589 м), Багдан Хмяльніцкі (1585 м), Баранскага (1134 м), Іван Грозны (1159 м), Стокап (1634 м), Атсанупуры (1205 м), Берутарубе (1223 м). На востраве мноства вадаспадаў, у тым ліку адзін з самых высокіх у Расіі — вадаспад Ілля Мурамец (141 м), які знаходзіцца на паўвостраве Мядзведжы; возера, гарачыя крыніцы. Ітуруп аддзелены пралівам Фрыза ад вострава Уруп, размешчанага ў 40 км на паўночны ўсход; пралівам Кацярыны — ад вострава Кунашыр, размешчанага ў 22 км на паўднёвы захад.

Клімат вільготны мусонны. Сярэднегадавая тэмпература — +4,8 °C. Гадавая колькасць ападкаў — 1140 мм.

Прырода правіць

Каля 54 % плошчы вострава Ітуруп займаюць лясы. У іх распаўсюджаны такія расліны, як бяроза, вольха, таполя, ціс, дуб, вярба, лістоўніца, хвоя, піхта, магнолія і інш. Расце бамбук чатырох відаў, які ў залежнасці ад глебавых умоў і асвятлення можа дасягаць 2,5 — 3 м. Вакол рэк і ўздоўж марскога ўзбярэжжа цягнуцца шырокія лугі.

Наземная фаўна адносна бедная. Ітуруп насяляюць буры мядзведзь, собаль, лісы, некалькі відаў грызуноў, заяц-бяляк, кажаны, 227 відаў розных птушак, на берагах спыняюцца 6 відаў ластаногіх. У марскіх прасторах вакол вострава сустракаюцца каштоўныя пароды рыб, крабы, кіты і дэльфіны. У рэках Ітурупа нерасцяцца ласосевыя.

Гісторыя правіць

 
Савецкі адміністрацыйны будынак, 1981 г.

Першымі вядомымі насельнікамі Ітурупа былі айны, якія з’явіліся на яго прасторах не меней 7 тысяч гадоў таму[1]. На іх мове назва вострава значыць «вялікі ласось»[2].

Першыя апісанні вострава Ітуруп былі зроблены японцамі ў першай палове XVII ст. У 1643 г. адкрыты і апісаны галандскімі мараплаўцамі. У 1715 г. уладар поўначы Хакайда абвясціў Ітуруп часткай сваіх валоданняў. Японцы прызначалі сярод айнаў сваіх правадыроў, мелі з імі сталыя гандлёвыя сувязі. З 1766 г. Ітуруп таксама наведвалі расійскія казакі і здабытчыкі меху, яны паведамлялі аб зборы ясаку з мясцовых жыхароў, прыняцці некаторымі з іх праваслаўя і расійскага падданства. У 1807 г. паміж японцамі і рускімі на востраве адбыўся ўзброены канфлікт. У 1855 г. Расія прызнала Ітуруп часткай Японіі.

У 1923 г. японскія ўлады пачалі прымусовае перасяленне на Ітуруп сялян з Хакайда. Японскія перасяленцы пераважна займаліся здабычай рыбы і лесу. У 1943 г. насельніцтва вострава складала каля 10 тысяч чалавек. У гады II сусветнай вайны японскія ваенныя пабудавалі аэрадром. Тут знаходзіўся значны ваенны гарнізон. У выніку Курыльскай аперацыі 18 жніўня — 23 жніўня 1945 г. Ітуруп быў захоплены савецкімі войскамі, прычым японскія ваенныя не аказалі супраціўлення. У 1945 — 1947 гг. японскае насельніцтва і айны пакінулі востраў, у 1946 г. ён быў далучаны да РСФСР, што не прызнаецца Японіяй.

Інфраструктура правіць

Большасць насельніцтва Ітурупа жыве ў горадзе Курыльск, тут дзейнічаюць порт, два аэрапорты. Галоўны занятак насельніцтва — рыбалоўства. Рыбная прамысловасць прадстаўлена 4 буйнымі кампаніямі. Ітуруп мае добры патэнцыял для развіцця турызму і здабычы рэнію.

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць