Пені́да (індан.: Nusa Penida) — востраў у Малайскім архіпелагу. Уваходзіць у склад інданезійскай правінцыі Балі. Плошча - 202,84 км². Насельніцтва (2010 г.) - 48 075 чал.[1], пераважна балійцы.

Пеніда
індан. Nusa Penida
Бераг
Бераг
Характарыстыкі
Плошча202,84 км²
Насельніцтва48 075 чал.
Шчыльнасць насельніцтва237,01 чал./км²
Размяшчэнне
8°44′39″ пд. ш. 115°32′15,50″ у. д.HGЯO
АкваторыяІндыйскі акіян
Краіна
РаёнБалі
Пеніда (Інданезія)
Пеніда
Пеніда
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Геаграфія правіць

Востраў Пеніда знаходзіцца ў 12 км на паўднёвы ўсход ад вострава Балі, 990 км на паўднёвы ўсход ад Джакарты і 10668 км на паўночны ўсход ад Мінска. Даўжыня — 19,4 км. Найбольшая шырыня — 13,7 км.

Геалогія Пеніды нагадвае паўднёвую нізкую частку Балі. Востраў сфарміраваўся ў зоне субдукцыі літасферных пліт (гл. Тэктоніка пліт) першапачаткова як падводнае вулканічнае плато, на якім доўгі час адкладаліся вапняковыя арганічныя ападкі. Яны склалі аснову сучаснай паверхні. Пазней субдукцыя выштурхнула востраў над паверхняй акіяну.

У сучасны перыяд рэльеф Пеніды характарызуецца стромкімі ўзнёслымі берагамі на поўдні і нізкай раўнінай на поўначы. Суша фактычна складаецца з трох плато. У цэнтры цягнецца града пагоркаў, найвышэйшы з якіх дасягае 524 м. Вапняковая паверхня кіпрая, выдатна ўсмоктвае атмасферныя ападкі, таму на Пенідзе няма сталых рэк і ручаёў. Яны напаўняюцца вадой толькі ў сезон мусонаў. Частка вільгаці запасіцца ў падземных карставых пустэчах і пячорах.

Падводная частка Пеніды звязана з суседнімі малымі астравамі Лембанган і Кенінган.

Клімат экватарыяльны пасатны. Сярэдняя гадавая тэмпература вагаецца ад +25 °C да 32 °C. Вільготны сезон мусонаў цягнецца з кастрычніка да сакавіка.

Прырода правіць

Схілы пагоркаў на востраве Пеніда пакрыты лясамі і хмызнякамі. Сярод раслін пераважаюць ксерафіты. У мінулым на востраве меўся статак дзікіх буйвалаў, якія да нашага часу знішчаны. Аднак захавалася шмат птушак, у тым ліку рэдкі балійскі шпак. У 2006 г. мясцовае насельніцтва прыняло рашэнне аб ахове дзікіх птушак. Такім чынам, Пеніда фактычна ператварылася ў птушыны запаведнік.

Гісторыя правіць

Археалагічныя раскопкі, якія стала арганізуюцца інданезійскімі вучонымі з 2001 г., паказалі, што востраў Пеніда быў населены сучасным чалавекам каля 10 тысяч гадоў таму, хаця маюцца ўскосныя факты, што людзі іншых відаў з'явіліся ў гэтых мясцінах значна раней. Знаходкі на паўднёвым усходзе вострава сведчаць пра тое, што першабытныя насельнікі жылі ў пячорах, займаліся паляваннем, збіральніцтвам і рыбалоўствам. Важную частку іх харчавання складалі кажаны, змеі, малпы, чарапахі і малюскі.

Частка гісторыкаў сцвярджае, што краіна Гурун, адкуль на Балі ў старажытнасці прывозілі буйвалаў, і якая ўзгадваецца ў надпісах з XI ст., была востравам Пеніда. У надпісах паведамляецца, што ў Гурун першапачаткова мелася асобная манархічная дзяржава са сталіцай Сукун, але ў 835 г. яна была заваявана балійцамі. У галандскіх пісьмовых крыніцах востраў узгадваецца з 1597 г. пад назвай Роса. Сучасная назва вострава з'явілася не раней за XVIII ст. і значыць на балійскай мове "крэйда".

Згодна фальклору саміх астравіцян, у XVII ст. Пеніда была захоплена балійскім паўстанцам Далемам Саванганам. Яго забіў Аджы Далем Дукат, выхадзец з Усходняга Балі, які пазней атрымаў Пеніду ў карыстанне, але сам выклікаў незадаволенасць раджы з балійскай дынастыі Гелгел і быў выгнаны. Пеніда канчаткова ўвайшла ў склад усходнебалійскай дзяржавы і выкарыстоўвалася як месца высылкі палітычных і крымінальных злачынцаў.

У 1908 г. Пеніда ўвайшла ў склад Галандскай Ост-Індыі, якая ў 1945 г. стала незалежнай дзяржавай Інданезіяй.

Інфраструктура правіць

Пеніда населена пераважна балійцамі, якія спавядаюць індуізм і размаўляюць на мясцовым дыялекце дарма лаксана. Яны жывуць у 16 вёсках. 18,32% жыхароў не мае доступ да электрычнасці.

Асноўныя галіны эканомікіземляробства, якое з-за недахопу вады цалкам не забяспечвае мясцовае насельніцтва, гандаль і абслугоўванне турыстаў. Пеніда папулярна сярод прыхільнікаў нырання з аквалангам. Востраў звязаны з Балі паромнай пераправай.

Зноскі

Спасылкі правіць

  Nusa Penida даведнік на сайце Wikivoyage