Вульф Сосенскі (1883, Даўгінава — 3 мая 1969) — збіральнік яўрэйскага беларускага фальклору. Вядомы як сябар Змітрака Бядулі, што заахвоціў яго пісаць па-беларуску.

Вульф Сосенскі
Дата нараджэння 1883
Месца нараджэння
Дата смерці 3 мая 1969(1969-05-03)
Месца смерці
Род дзейнасці кравец, дзеяч культуры, збіральнік фальклору, збіральнік народных казак
Партыя

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў лютым 1883 года ў мястэчку Даўгінава Вілейскага павета Віленскай губерні Расійскай імперыі. Ён быў старэйшым сынам у шматдзетнай сям’і вядомага ў ваколіцах краўца Абеля Сосенскага. Вучыўся ў хедары, аднак навучанне кінуў, каб дапамагаць бацьку. У канцы 1890-х успрыняў ідэі беларускага адраджэння, займаўся асветніцтвам. У 1903 годзе стаў членам яўрэйскай сацыялістычнай партыі Бунд.

У 1906 годзе прыехаў у Вільню і ўзяў удзел у распаўсюдзе першай беларускай легальнай газеты «Наша Доля», супрацоўнічаў з «Нашай Нівай», не толькі як распаўсюднік, але і публікуючы ў ёй карэспандэнцыі і невялікія нарысы.

Асноўнай працай Вульфа Сосенскага заставалася кравецтва, але ў 1910 годзе згарэў ягоны дом, а ўвосень таго ж году яго забралі ў Вільню на службу ў Расійскай арміі.

У 1914 годзе ён быў мабілізаваны на фронт і трапіў у нямецкі палон, адкуль быў вызвалены толькі ў 1920 годзе. Вярнуўшыся ў Даўгінава, аднавіў грамадскую дзейнасць, удзельнічаў у стварэнні школы, банка і арганізацыі па аказанні дапамогі бедным хворым мястэчка. Спрабаваў стварыць у Даўгінаве беларускую культурніцкую суполку, працягваў скіроўваць яўрэяў працаваць на карысць беларускай культуры.

У 1922 годзе быў арыштаваны польскай паліцыяй за супрацоўніцтва з беларускім рэвалюцыйным друкам і ўдзел у святкаванні Першага мая. Ягоны брат паспрабаваў падкупіць начальніка паліцыі, але гэта прывяло да разборак у паліцэйскіх колах. Сосенскага доўга катавалі, спрабуючы даведацца, за што начальнік атрымаў такія грошы. Фалькларыст ледзь выжыў і мусіў доўга лячыцца. Аднак начальнік паліцыі паспрыяў ягонаму выхаду на волю.

З пачатку 1920-х гадоў Вульф Сосенскі зноў часта наведваў Вільню, кантактаваў з беларускай інтэлігенцыяй. У 1927 годзе браў удзел у І з’ездзе Таварыства беларускай школы ў Вільні.

Увесь гэты час Вульф Сосенскі збіраў фальклор, надаючы асаблівую ўвагу яўрэйскаму фальклору на беларускай мове. А ў першай палове 1930-х гадоў ён уклаў рукапісны зборнік «Беларуска-жыдоўскі фальклор з мястэчка Даўгінава».

У 1939 годзе Вульф Сосенскі вітаў далучэнне Заходняй Беларусі да БССР, нацярпеўшыся ад польскіх уладаў. У 1941 годзе, калі Даўгінава трапіла ў зону германскай акупацыі, яму ўдалося ўратавацца, перайшоўшы з партызанскім атрадам на савецкі бок лініі фронту, аднак шасцярых ягоных дзяцей, якіх ён выхоўваў адзін, а таксама чатырох братоў і сястру нацысты знішчылі з большасцю яўрэйскага насельніцтва мястэчка. Рэшту вайны ён правёў у эвакуацыі ў Тагучынскім раёне Новасібірскай вобласці Расіі, дзе сустрэў сваю другую жонку. Ад гэтага шлюбу ў 1945 годзе ў іх нарадзілася дачка. З сям’ёй яны пасяліліся ў Латвіі, дзе Сосенскі працягваў працаваць краўцом, пакуль не пагоршыўся зрок.

У 1966 годзе, сутыкаючыся з праявамі антысемітызму, праз Польшчу ён эміграваў у Ізраіль. Апошнія гады Вульф Сосенскі правёў у Іерусаліме, у раёне Кір’ят га-Ёвэль, працягваючы запісваць і апрацоўваць фальклор, нягледзячы на кепскі зрок. Напрыклад, была запісана арабская казка «Трэба слухаць бацьку», пачутая ад іракскага яўрэя. Даследчыцы Дайне Бэгар ён распавёў каля 40 народных казак беларускіх яўрэяў. Некаторыя з гэтых казак трывала ўвайшлі ў фальклорную скарбонку: іх перыядычна змяшчаюць у зборніках і анталогіях, у тым ліку і ў перакладах на замежныя мовы.

Памёр Вульф Сосенскі 3 мая 1969 года.

Спасылкі правіць