Вялікае Княства Літоўска-Беларускае

Вялікае Княства Літоўска-Беларускае — палітычны праект лідараў кансерватыўнага карэннага каталіцкага і польскамоўнага дваранства Мінскай губерні (галоўным чынам, членаў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі) у 1918 г., які прадугледжваў стварэнне на землях Беларусі і Літвы канстытуцыйна-манархічнай дзяржавы пад куратарствам (апекай) Германскай імперыі — Вялікага Княства Літоўска-Беларускага (з паўночна-заходніх губерняў былой Расійскай імперыі) са сталіцай у Вільні. Праект быў як жаданнем мясцовага ліберальна-кансерватыўнага дваранства стварыць супольную беларуска-літоўскую дзяржаву, асобную ад Расіі і Польшчы, так і альтэрнатывай стварэння ў Беларусі і Літве сацыялістычных па характару рэспублік. Спроба стварэння Вялікага Княства Літоўска-Беларускага з'яўляецца адным з эпізодаў у працэсе змагання ў 1917—1921 гг. мясцовых кансерватыўных дваран на чале з Эдвардам Вайніловічам (1847—1928) па рэалізацыі ідэі палітычнай суб'ектнасці беларуска-літоўскіх зямель (ці толькі Беларусі).

Гісторыя праекта правіць

 
Карта «Паўночна-Заходняга краю» Расійскай імперыі — «Карта шасці губерняў Літвы і Беларусі», надрукаваная ў выдавецтве газеты «Kurier Litewski», паміж 1905—1910 гг.

Ініцыятарамі стварэння ў 1918 г. Вялікага Княства Літоўска-Беларускага выступілі лідары кансерватыўнага карэннага каталіцкага і польскамоўнага маёнткавага сярэднезаможнага і заможнага дваранства Мінскай губерні, многія з якіх былі лідарамі і членамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ), а таксама былымі прадстаўнікамі ліберальна-кансерватыўнага кірунка «краёвасці», якія патрабавалі раней (у 1905—1907 гг.) ад расійскай улады і грамадства палітычнай суб'ектасці літоўска-беларускіх губерняў (Паўночна-Заходняга краю) у форме аўтаноміі ў Расійскай імперыі[1]. Лідарам краёўцаў-кансерватараў быў Эдвард Вайніловіч, старшыня МТСГ. Апагей уплыву ліберальна-кансерватыўнага кірунка «краёвасці» у літоўска-беларускіх землях быў у 1905—1911 гг., але і пасля гэтага лідары ліберальна-кансерватыўнага кірунка «краёвасці» у Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях не адмовіліся ад ідэі палітычнай суб'ектнасці літоўска-беларускіх зямель у той ці іншай форме. Яшчэ ў часы Расійскай імперыі мінскія кансерватыўныя дваране на закрытых сходах Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі выказваліся, што плануемая незалежная беларуска-літоўская дзяржава павінна мець канстытуцыйна-манархічны лад і падтрымліваць ліберальна-кансерватыўныя каштоўнасці (павага права прыватнай уласнасці; прававая роўнасць усіх моў, культур і веравызнанняў; падтрымка сямейных каштоўнасцей і рэлігійнасці; развіццё сістэмы адукацыі і ўсеагульная пісьменнасць; скасаванне саслоўных адрозненняў; і інш.)[2]. Караль Незабытоўскі (1865—1952), адзін з лідараў таварыства, афарыстычна заявіў аднойчы на сходзе Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, што «рэспубліка» прывядзе да «рэж публіку»[3]. Планавалася, што сталіцай Вялікага Княства будзе Вільня.

Пасля звяржэння расійскага самаўладдзя ў ходзе Лютаўскай рэвалюцыі (1917) і ўстанаўлення Часовага ўрада Расіі ў Петраградзе лідары МТСГ на чале з Эдвардам Вайніловічам узялі кірунак на рэалізацыю палітычнай суб'ектнасці Беларусі, хоць лідары МТСГ не пастулявалі выразна акрэсленую форму палітычнай суб'ектнасці Беларусі — гэта залежала ад зменлівых знешніх абставін[4]. Праз віцэ-старшыню МТСГ Рамана Скірмунта, які быў найбліжэйшым сябрам і «правай рукой» Эдварда Вайніловіча, мінскія дваране-кансерватары хацелі паўплываць на сацыялістычныя партыі і арганізацыі ў Мінскай губерні і замацаваць памяркоўную праграму аграрных рэформ у Беларусі, не дапускаючы скасавання права прыватнай уласнасці на зямлю і нацыяналізацыі ўсёй зямлі без выкупу, а таксама імкнуліся ў сярэдзіне красавіка 1917 г. дабіцца ў Часовага ўрада Расіі аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі, увядзення ў школах беларускай мовы і гісторыі Беларусі, правядзення дэмакратычных выбараў у мясцовыя органы ўлады, кампенсацыю насельніцтву страт, прычыненых вайной, і інш.[5]

 
Картка Усерасійскага сельскагаспадарчага перапісу 1917 года, дзе граф Ежы Эмерыкавіч Чапскі ўласна пазначыў сваю нацыянальнасць як "беларус".

Пасля Кастрычніцкага перавароту ў Расіі і ўсталявання ў Петраградзе ўлады бальшавікоў, якія дэкрэтам аб зямлі ад 26 кастрычніка 1917 г. скасоўвалі прыватную ўласнасць на зямлю, лідары МТСГ адправілі праз лінію фронта дэлегацыю прадстаўнікоў Польскай рады Мінскай зямлі для сустрэчы ў Брэсце з нямецкім генералам Максам Гофманам (1869—1927) і прапанавалі немцам займаць тэрыторыю Беларусі да Дняпра, абяцаючы дапамогу ў гэтым праз стварэнне ўласных вайсковых адзінак[6][7]. Пасля сустрэчы ў Брэсце з немцамі дэлегацыя адправілася ў Варшаву, каб наладзіць кантакт і дабіцца збліжэння з паўнезалежнай пранямецкай польскай Рэгенцкай Радай Каралеўства Польскага (1916—1918) у Варшаве, кіруючыся ў сваіх планах прынцыпам «толькі, каб не Расія»[8]. Лідары МТСГ, кіруючыся таксама прынцыпам захавання палітычнай суб'ектнасці Беларусі, праз сваіх дэлегатаў ад Польскай рады Мінскай зямлі заявілі польскай Рэгенцкай Радзе аб жаданні выхаду Беларусі з-пад уплываў бальшавіцкай Расіі, але «без намеру непасрэднага ўключэння Беларусі ў склад Польшчы»[9]. У склад Рэгенцкай Рады ў Варшаве ўваходзіў і даўні сябар графа Ежы Чапскага ксёндз Зыгмунт Хелміцкі. Вынікам дамоўленасці стаў наступ у лютым 1918 г. нямецкіх войск на Мінск, дзе нямецкая ваенная ўлада (10-я нямецкая армія) адхіліла прэтэнзіі Народнага сакратарыята Беларусі (на чале з Язэпам Варонкам) на ўладу і негатыўна аднеслася да яго сацыялістычнага складу і заяўленняў «абараняць заваёвы рэвалюцыі», а прыняла прывітальны адрас і мемарыял ад дваран-кансерватараў, падпісаны ў тым ліку і Эдвардам Вайніловічам, і ўхваліла стварэнне ў Мінску 25 лютага 1918 г. Менскага беларускага прадстаўніцтва (Беларускага народнага прадстаўніцтва) на чале з Раманам Скірмунтам[10][11].

Канкурэнтамі дваран-кансерватараў (прыхільнікаў капіталістычнага ладу дзяржавы) у працэсе стварэння беларускай дзяржаўнасці былі беларускія сацыялістычныя партыі і арганізацыі. Аб'яўленне 25 сакавіка 1918 г. у занятым нямецкімі войскамі Мінску незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), што пачала стварацца як сацыялістычная дзяржава[12], было ўспрынята кансерватыўнымі мінскімі дваранамі негатыўна: яшчэ 9 сакавіка 1918 г. была прынята Другая Устаўная грамата БНР, сёмы пункт якой аб'яўляў скасаванне прыватнай уласнасці на зямлю. Раман Скірмунт, які 12 красавіка 1918 г. быў уведзены ў склад Рады БНР, арыентаваў Раду на супрацоўніцтва з нямецкай ваеннай адміністрацыяй у Мінску і Германіяй: па ініцыятыве Рамана Скірмунта 25 красавіка 1918 г. старшыня Рады БНР Іван Серада, старшыня Народнага сакратарыята Язэп Варонка, члены рады БНР Раман Скірмунт, Павел Аляксюк, Язэп Лёсік і іншыя асобы адправілі тайную тэлеграму германскаму імператару, у якой паведамлялі аб жаданні незалежнай і непадзельнай Беларусі ў саюзе з Германскай імперыяй[13]. Па рэкамендацыі германскага ваеннага камандавання ў Мінску фарміраванне новага склада кабінета міністраў БНР было даручана Раману Скірмунту. У маі 1918 г. Скірмунт як дэлегат БНР выехаў у Берлін, дзе безвынікова хадайнічаў аб аудыенцыі ў германскага імператара[14]. Тым не менш, на думку беларускага гісторыка Захара Шыбекі, толькі пад аховай 10-й нямецкай арміі, якую прывялі ў Мінск і Мінскую губерню мясцовыя кансерватыўныя каталіцкія і польскамоўныя маянткоўцы, удалося разгарнуць стварэнне рэальных элементаў уладных структур БНР — Рады, мясцовых рад у паветах (выбарных органаў БНР) — і выдаваць пашпарты БНР, займацца міжнароднай дзейнасцю, адкрываць беларускамоўныя школы і выдаваць газеты, аднавіць дзейнасць царквы і касцёла, акрамя стварэння ўласнага войска і паліцыі БНР, што не дазвалялі немцы[15]. Шыбека лічыць, што без нямецкіх гарантый ва ўмовах незацікаўленнасці і захопніцкіх намераў бліжэйшых суседзяў (Расіі, Украіны, Польшчы і Літвы) наўрад ці ўдалося зрабіць такі феномен як БНР — важны досвед стварэння беларускай дзяржаўнасці ў XX ст., што стала ўзорным і сімвалічным на наступныя гады[16].

16 чэрвеня 1918 г. у Мінску т.зв. «група Вайніловіча» звярнулася з Дэкларацыяй да камандзіра 10-й нямецкай арміі нямецкага генерала Эрыха фон Фалькенгайна, у якой прасіла паспрыяць прызнанню незалежнасці Беларускай дзяржавы: «Агульны сход Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, які складаецца з верных сыноў і грамадзян гэтай краіны, выказвае гарачае пажаданне, што багатая гістарычнымі, дзяржаўнымі традыцыямі і этнаграфічнай адметнасцю Беларусь, краіна з уласнай культурай з дапамогай магутнага Германскага Рэйха будзе прызнана незалежнай дзяржавай па прыкладу Літвы і Украіны і расквітнее ў саюзе з Цэнтральна-еўрапейскімі дзяржавамі». Гэтая Дэкларацыя была падпісана прадстаўнікамі МТСГ (Эдвард Вайніловіч, Мечыслаў Пароўскі, Вітальд Лопат, Зыгмунт Рэвенскі, Ігнат Віткевіч), Саюза землеўласнікаў (граф Ежы Гутэн-Чапскі, Аляксандр Любанскі, Леў Львовіч Ваньковіч, Міхал Валовіч) і Саюза Мінскага дваранства (Людвік Уняхоўскі, Геранім Кеневіч, Юзаф Свянціцкі)[17]. У ліпені 1918 г. кіраўнік Прадстаўніцтва Рэгенцыйнай Рады Каралеўства Польскага у Берліне граф Адам Ронікер атрымаў распараджэнне з дапамогай друку пазнаёміць грамадства Германскай Імперыі і Аўстра-Венгерскай імперыі з гэтым дакументам. У суправаджальным лісце да распаражэння ўказвалася, што мінскія землеўласнікі падтрымліваюць незалежнасць Беларусі, абвешчаную Радай БНР, і іх пазіцыя не звязана з польскім нацыянальным рухам[18].

Раман Скірмунт, якому было даручана сфарміраваць новы кабінет міністраў БНР з 9 ліпеня 1918 г. і якога падтрымлівалі лідары МТСГ і дваране-кансерватары, адразу паставіў на перагляд сёмы пункт Другой Устаўной граматы БНР, які тычыўся аграрнага пытання. З ухвалы кансерватыўных дваран-маянткоўцаў Скірмунт прапаноўваў беларускім сацыялістычным партыям кампраміс па зямельным пытанні (продаж часткі зямлі маянткоўцаў сялянам невялікімі надзеламі па цане, якая адпавядала іх рэальнай вартасці), але не змог дабіцца паразумення ў сацыялістаў[19]. У канечным выніку 20 ліпеня 1918 г. кабінет Рамана Скірмунта быў вымушаны афіцыйна падаць у адстаўку, а фармаванне новага складу кабінета, створанага на кааліцыйнай аснове, прадстаўнікі фракцый Рады БНР даручылі Івану Серадзе[19]. А ў намерах жа мясцовых кансерватыўных дваран-маянткоўцаў было фармаванне за ўласны кошт галоўнага для ўмацавання беларускай дзяржаўнасці — войска БНР у 200 тысяч жаўнераў, фінансаванне якога абяцалі падтрымаць таксама і віленскія банкіры[20]. Нямецкае палітычнае кіраўніцтва ў Берліне не спяшалася з працэсам прызнання і падтрымкі беларускай дзяржаўнасці і фармавання беларускага войска.

Зварот да германскага імператара правіць

 
Генерал-фельдмаршал фон Эйнхарн (злева) і генерал Фердынанд фон Брэдаў (справа) наведалі нядаўна заняты нямецкімі войскамі Мінск. Фота 1918 г. — каля касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі
 
Парад нямецкіх войск у Мінску на плошчы Свабоды — прымае генерал-фельдмаршал Эрых фон Фалькенхайн. Фота 1918 г.

Як вынікае з мемуараў Эдварда Вайніловіча, пасля таго, як у канцы кастрычніка/пачатку лістапада 1918 г.[21] нямецкія войскі пакідалі тэрыторыю Магілёўскай губерні паводле рашэнняў Брэсцкага міру з бальшавікамі ад 3 сакавіка 1918 г., у Мінску лідары карэннага дваранства Мінскай губерні (галоўным чынам, члены Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі) выказаліся супраць падзелу Беларусі на часткі, выступілі з ініцыятывай стварэння пад нямецкім куратарствам «Вялікага Княства Літоўска-Беларускага» (з паўночна-заходніх губерняў)[22][23]. Самым маладым у той дэлегацыі, паводле слоў Эдварда Вайніловіча, быў Зыгмунт Рэвенскі[24].

Першапачаткова ўзначаліць дэлегацыю мінскіх дваран да нямецкага генерала Эрыха фон Фалькенгайна (1861—1922), камандзіра 10-й нямецкай арміі, было прапанавана Эдварду Вайніловічу як самаму паважанаму і ўплывоваму лідару карэнных мінскіх дваран (пра што ведалі і нямецкія ўлады), але той адмовіўся, бо меў антынямецкія палітычныя погляды і не лічыў годным ствараць дзяржаву пад нямецкім куратарствам. Аднак у канечным выніку Вайніловіч падпісаў зварот (без гэтага дакумент не меў бы вялікай вагі), хоць і не паставіў свой подпіс на першым месцы ў дакуменце, і прысутнічаў у складзе дэлегацыі (дзе былі і асобныя рускія маянткоўцы Мінскай губерні) да генерала фон Фалькенгайна. У Мінску дэлегаты (30 асоб), якіх узначаліў новавыбраны мінскі губернскі маршалак граф Ежы Чапскі, папрасілі генерала Фалькенгайна паведаміць аб сваім памкненні германскаму імператару Вільгельму II[25]. Па сутнасці гэта была апошняя спроба краёўцаў-кансерватараў да адміністрацыйна-тэрытарыяльнага яднання літоўска-беларускіх зямель, прычым не ў якасці аўтаноміі ў рамках Расіі ці Польшчы, а як самастойнай дзяржавы. Генерал фон Фалькенгайн адказаў дэлегацыі мінскіх дваран, што павінен строга выконваць рашэнні Брэсцкага міра, але перадасць прапанову ў Галоўную імператарскую стаўку[26].

У Берлін (сталіцу Германскай імперыі) 24 кастрычніка 1918 г. з місіяй ад мінскіх дваран-кансерватараў на чале дэлегацыі мясцовых дваран (князь Антоні Альбрэхт Радзівіл, Станіслаў Хржанстоўскі, граф Ежы Чапскі, Аляксандр Любанскі) і прадстаўніка купецтва і прадпрымальнікаў (Грэгар Каплан) паехаў Раман Скірмунт, але атрымаць аудыенцыю ў германскага імператара Вільгельма II ім не ўдалося[27][28]. У Берліне пачалася Лістападаўская рэвалюцыя (1918), якая ліківідавала нямецкую манархію і ўстанавіла рэспубліку. Немцы ў лютым 1919 г. хутка пакінулі ўсю тэрыторыю Беларусі, а на змену ім прыходзілі войскі бальшавікоў — Чырвоная армія.

Тое, што новай дзяржаве давалі назву «Вялікае Княства Літоўска-Беларускае» (а не, напрыклад, «Каралеўства Літвы і Беларусі»), з'яўляецца прамым зваротам да гістарычнай традыцыі дзяржаўнасці на літоўска-беларускіх землях у форме сярэднявечнага Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (ВКЛ) і жаданнем правесці ад яго пераемнасць — «краёўцы» звярталіся як да дзяржаўных традыцый ВКЛ, так і сваіх генеалагічных і культурных каранёў у гэтай дзяржаве[29]. Навацыяй было тое, што мінскія дваране прапаноўвалі даць назву новай дзяржаве не «Вялікае Княства Літоўскае» (альбо «Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае»), а «Вялікае Княства Літоўска-Беларускае», што сведчыла пра прыманне імі новага значэння геаграфічнай і этнанімічнай тэрміналогіі, змененай у «паўночна-заходніх губернях» за часы Расійскай імперыі пад уплывам афіцыйнай расійскай ідэалогіі і навукі, калі слова «Беларусь» пачало адносіцца толькі да арэала рассялення славянамоўнага сялянства Паўночна-Заходняга краю, а «Літва» — толькі да балтамоўнага.

Праект стварэння Вялікага Княства Літоўска-Беларускага не з'яўляецца дастаткова вывучанай гісторыкамі тэмай. Аднак ёсць ускосныя звесткі, што мінскія ініцыятары палітычнага праекта, верагодна, мелі пэўныя сувязі і каардынацыю з кансерватыўнымі каталіцкімі і польскамоўнымі дваранамі ў трыманай Літоўскай Тарыбай Вільні і Віленшчыне, а таксама прадстаўнікамі ў Берліне, у прыватнасці — з князем Мацеем Радзівілам (1873—1920), графам Альфрэдам Тышкевічам (1882—1930), графам Янам Тышкевічам (1896–1939) і інш., якім не падабалася палітыка Літоўскай Тарыбы[30]. Акрамя таго, сам праект Вялікага Княства Літоўска-Беларускага быў па сутнасці аналагічным праектам у шэрагу з'яўлення манархічных дзяржаў-лімітрофаў пад куратарствам Германіі на землях Польшчы, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Украіны і Фінляндыі ў той жа перыяд, калі эканоміка Германіі ўжо не вытрымлівала ваенных выдаткаў, што пагражала здаваннем немцамі пазіцый на ўсходнім фронце пад канец Першай суветнай вайны.

Пошукі новых форм палітычнай суб'ектнасці Беларусі і Літвы правіць

Спроба стварэння Вялікага Княства Літоўска-Беларускага з'яўляецца адным з эпізодаў у працэсе змагання ў 1917—1921 гг. мясцовых кансерватыўных дваран на чале з Эдвардам Вайніловічам (1847—1928) па рэалізацыі ідэі палітычнай суб'ектнасці беларуска-літоўскіх зямель (ці толькі Беларусі) і зламання іх правінцыялізацыі на міжнароднай арэне. Пасля няўдачы стварыць Вялікае Княства Літоўска-Беларускае многія каталіцкія і польскамоўныя кансерватыўныя дваране (у тым ліку, многія члены Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі) падтрымалі ідэю ўваходжання літоўска-беларускіх зямель як суб'екта федэрацыі ў склад аднаўляемай у 1919—1920 гг. Юзафам Пілсудскім шматнацыянальнай федэрацыйнай Рэчы Паспалітай і прынялі ўдзел у фінансаванні Літоўска-беларускіх дывізій[31].

Ідэю ператварэння міжваеннай Польшчы (1918—1939) у канстытуцыйна-манархічную і федэрацыйную дзяржаву (з такіх складовых суб'ектаў як Польшча, Беларусь і Літва) будуць падтрымліваць «віленскія кансерватары», якія сталі ў пэўнай ступені пераемнікамі ліберальна-кансерватыўнай плыні «краёўцаў».

Паралелі назвы правіць

Афіцыйная гістарычная навука і ідэалогія Расійскай імперыі XIX — пачатку XX ст. для апраўдання (легітымацыі) валодання землямі былога Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (т.зв. «паўночна-заходнімі губернямі») імкнулася максімізаваць і падкрэсліць вялікую ролю «рускага» насельніцтва і праваслаўя ў працэсе фармавання, характара і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Саму дзяржаву расійскія гісторыкі (Мікалай Дашкевіч, Фёдар Леантовіч, Уладзімір Антановіч, Мацвей Любаўскі, Іван Лапо, Аляксандр Праснякоў і інш.) азначалі ў сваіх працах неалагізмам «Літоўска-Руская дзяржава» альбо «Літоўска-Рускае княства»[32][33].

З пачатку XX ст. ідэолагі беларускага нацыянальна-дэмакратычнага і сацыялістычнага рухаў, многія з якіх сталі і гісторыкамі, выпрацоўвалі ўласны погляд на гісторыю і характар Вялікага Княства Літоўскага, што сфармаваўся ў многім на адукацыйнай глебе расійскіх універсітэтаў і пад уплывам расійскай гістарыяграфічнай традыцыі: напрыклад, вучнем Уладзіміра Антановіча быў Мітрафан Доўнар-Запольскі, а вучнем Мацвея Любаўскага — Уладзімір Пічэта[32]. Калі ў сваім нарысе «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910) Вацлаў Ластоўскі называе Вялікае Княства Літоўскае ў рэчышчы расійскай традыцыі «Літоўска-Рускім гасударствам», толькі зрэдку ўжываючы азначэнні наўзор «літоўска-беларускія баяры, паслы», то хутка дзеячы беларускага нацыянальна-дэмакратычнага і сацыялістычнага рухаў пачалі выкарыстоўваць новы тэрмін — «Літоўска-Беларускае княства»: напрыклад, Янка Купала ў сваім артыкуле «Ці маем мы права выракацца роднай мовы?» (газета «Наша ніва», №15 1914 г.) карыстаецца тэрмінам «Літоўска-Беларускае княжства» для абазначэння сярэднявечнага Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага[34]. А ў 1919 г. гісторыкі Мітрафан Доўнар-Запольскі («Асновы дзяржаўнасці Беларусі», 1919 г.), Усевалад Ігнатоўскі («Кароткія нарысы гісторыі Беларусі», 1919 г.), Аляксандр Цвікевіч («Беларусь. Палітычны нарыс», 1919 г.) выдаюць свае знакавыя працы з выкарыстаннем тэрмінаў «Літоўска-Беларускае княства», «Літоўска-Беларускае гаспадарства» і «Вялікае Княства Літоўска-Беларускае»[32][35]. У 1919 г. у газеце «Беларусь» (№33 1919 г.) Янка Купала апублікаваў свой артыкул «Незалежнасць», дзе двойчы выкарыстоўвае тэрмін «Вялікае Літоўска-Беларускае княжства» адносна сярэднявечнага Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага[36].

Беларускі гісторык Алег Дзярновіч лічыць, што звязванне гісторыі і пераемнасці традыцый сучаснай Беларусі і беларусаў толькі з тэрмінам «Русь» у гісторыі і складзе назвы Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага з'яўляецца непаўнавартасным і памылковым[37].

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa... С. 62—76; Szpoper, D. Gente Lithuana... С. 240—241.
  2. Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa... С. 62—76, 141; Szpoper, D. Gente Lithuana... С. 240—241.
  3. Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 141.
  4. Jurkowski, R. Rada Polska … С. 72.
  5. Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох... С. 7—8, 10—12; Brzoza, Cz. Skirmunt Roman... С. 185.
  6. Jurkowski, R. Rada Polska … С. 76, 78—79.
  7. Галоўным жаданнем было, паводле слоў удзельніка дэлегацыі Ежы Асмалоўскага  (польск.) (1872—1952), каб Беларусь «была б толькі адарвана ад Расіі, была б толькі пад уплывамі Захада», бо Захад успрымаўся ў першую чаргу як цывілізаваны і развіты капіталістычны свет, а Расія як краіна, дзе перамагалі сацыялістычныя і негуманныя палітычныя сілы. Гл.: Jurkowski, R. Rada Polska … С. 79.
  8. Jurkowski, R. Rada Polska … С. 78—79.
  9. Jurkowski, R. Rada Polska … С. 79.
  10. Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох... С. 34—35; Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 208.
  11. Калі 21 лютага 1918 г. нямецкія войскі без бою ўвайшлі ў Мінск, то ў прывітальнай прамове на Віленскім вакзале мінскія маянткоўцы (Ігнат Віткевіч, Эдмунд Івашкевіч, Чэслаў Крупскі і іншыя члены МТСГ і Польскай рады Мінскай зямлі), сярод якіх прысутнічалі Раман Скірмунт і Павел Аляксюк, выказалі ўдзячнасць нямецкаму генералу Гофману «за вяртанне грамадскага парадку, дапамогу ў аддзяленні ад бальшавіі і супольнае жыццё з народамі Захада з апорай на нямецкую дзяржаву». Гл.: Jurkowski, R. Rada Polska … С. 81.
  12. Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі... С. 197.
  13. Гісторыя Беларусі. Т. 5. Беларусь у 1917—1945 гг… С. 99—101; Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі... С. 200—201; Łatyszonek, O. Białoruskie formacje wojskowe 1917—1923 Архівавана 27 верасня 2020.... С. 81.
  14. Гісторыя Беларусі. Т. 5. Беларусь у 1917—1945 гг… С. 99—101.
  15. Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі... С. 202—205.
  16. Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі... С. 206, 209.
  17. Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А.Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — С.451—452.
  18. Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А.Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — С.452.
  19. а б Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох... С. 42.
  20. Łatyszonek, O. Białoruskie formacje wojskowe 1917—1923 Архівавана 27 верасня 2020.... С. 86.
  21. Дакладная дата звароту невядома.
  22. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 208—209.
  23. Захар Шыбека. Чаму Вільня не стала сталіцай БНР?(недаступная спасылка)
  24. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 208—209.
  25. Паводле звестак гісторыка Захара Шыбекі, у час падання звароту граф Ежы Чапскі назваў сябе беларусам. Гл.: Захар Шыбека. Чаму Вільня не стала сталіцай БНР?(недаступная спасылка)
  26. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 208—209; Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі... С. 208; Smaliańczuk, A. Białorusini w gronie krajowców.
  27. Smaliańczuk, A. Białorusini w gronie krajowców.
  28. Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А.Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — С.485.
  29. Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 52.
  30. Gierowska-Kałłaur, J. Zarząd cywilny Ziem Wschodnich... S. 28.
  31. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 220—221.
  32. а б в Казакевіч, А. Вялікае Княства Літоўскае як ідэалагічная рэальнасць Архівавана 16 красавіка 2012..
  33. Такую тэрміналогію ўжываюць і некаторыя сучасныя расійскія гісторыкі, напрыклад, Андрэй Юр'евіч Дварнічэнка.
  34. Купала, Янка. Поўны збор твораў: у 9 т. — Т. 8. — С. 36.
  35. Тэрмін «Вялікае Княства Літоўска-Беларускае» выкарыстоўвае Цвікевіч. Гл.: Цвикевич, А. Беларусь: политический очерк (перевод с белорусского)... С. 5.
  36. Купала, Янка. Поўны збор твораў: у 9 т. — Т. 8. — С. 76—78.
  37. Дзярновіч, А. Пошукі Айчыны: «Літва» і «Русь» у сучаснай беларускай гістарыяграфіі Архівавана 21 верасня 2022..

Літаратура правіць

  • Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922) / К. Гамулка ; пераклад з польскай мовы. — Вільня, 2008. — 256 с.
  • Гісторыя Беларусі : у 6 т. / А. Вабішчэвіч [і інш.]; рэдкал. М. Касцюк (гал. рэд.) і інш. - Мінск : Экаперспектыва, 2007. — Т. 5. Беларусь у 1917—1945 гг. — 613 с.
  • Дзярновіч, А. Пошукі Айчыны: «Літва» і «Русь» у сучаснай беларускай гістарыяграфіі Архівавана 21 верасня 2022. / А. Дзярновіч // Палітычная сфера. — 2012. — №18—19 (1—2). — С. 30—53. [1]
  • Казакевіч, А. Вялікае Княства Літоўскае як ідэалагічная рэальнасць Архівавана 16 красавіка 2012. / А. Казакевіч // Arche. — 2003. — № 5. — C. 43—60.
  • Купала, Янка. Поўны збор твораў: у 9 т. / Янка Купала. — Т. 8. Артыкулы, нататкі, выступленні. Калектыўныя творы. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2002. — 462 с.
  • Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917—1920 гг.) / У.Ф. Ладысеў, П.І. Брыгадзін. — Мінск : БДУ, 1999. — 128 с.
  • Раюк, А.Р. Беларускі палітычны кансерватызм канца XIX – пачатку XX ст. Архівавана 3 сакавіка 2022. / А.Р. Раюк // Научные труды Респ. ин-та высш. школы. Истор. и псих.-пед. науки : сб. науч. ст.: в 3 ч. / РИВШ ; редкол. : В.А. Гайсёнок [и др.]. — Минск : РИВШ, 2020. — Вып. 20. — Ч. 2. — С. 178—184.
  • Раюк, А.Р. Статус Беларусі ў свядомасці мясцовых каталіцкіх дваран-кансерватараў канца XIX — пачатку XX ст. / А.Р. Раюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2020. — Вып. 27. — С. 337—342.
  • Цвикевич, А. Беларусь: политический очерк (перевод с белорусского) / А. Цвикевич. — Берлин : Издание Чрезвычайной дипломатической миссии БНР, 1919. — 33 с.
  • Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002) / З. Шыбека. — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — 490 с.
  • Brzoza, Cz. Skirmunt Roman / Cz. Brzoza, K. Stepan // Polski Słownik Biograficzny. — Warszawa etc.: Ossolineum, 1998. — T. XXXVIII/2. — Zesz. 157: Skimbrowicz Hipolit — Skowroński Ignacy. — S. 184—187.
  • Gierowska-Kałłaur, J. Zarząd cywilny Ziem Wschodnich (19 lutego 1919 — 9 września 1920) / J. Gierowska-Kałłaur. — Warszawa : Neriton, 2003. — 455 s.
  • Jurkowski, R. Rada Polska Ziemi Mińskiej wobec I Korpusu polskiego gen. J. Dowbór-Muśnickiego / R. Jurkowski // Знакамітыя мінчане: Матэрыялы Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 ліст. 2006 г. / Польскі Ін-т у Мінску; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: Польскі Ін-т у Мінску, 2007. — С. 65—81.
  • Łatyszonek, O. Białoruskie formacje wojskowe 1917—1923 Архівавана 27 верасня 2020. / O. Łatyszonek. — Białystok : Białoruskie Towarzystwo Historyczne, 1995. — 273 s.
  • Smaliańczuk, A. Białorusini w gronie krajowców — інтэрнэт-версія артыкула Аляксандра Смаленчука са сборніка «Ostatni obywatele Wielkiego Księstwa Litewskiego» (red. Tadeusz Bujnicki i Krzysztof Stępnik. Wyd. Uniwersytetu Marii Curie-Składowskiej, Lublin, 2005)
  • Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934) / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 2009. — 487 s.
  • Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.

Спасылкі правіць