Вялікая Айчынная вайна. 1944 год

роспіс Міхаіла Савіцкага

«Вялікая Айчынная вайна. 1944 год» — роспіс, выкананы беларускім мастаком Міхаілам Савіцкім у 1971 годзе для інтэр’ера будынка Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. У 1973 годзе за гэтую працу Савіцкі ўдастоены Дзяржаўнай прэміі СССР[1]. Пры зносе старога будынка музея ў 2014 годзе роспіс акуратна знялі і адрэстаўравалі. Цяпер роспіс захоўваецца ў фондах музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, паколькі спецыфічная планіроўка новага будынка музея не дазваляе яго экспанаваць[2].

Міхаіл Савіцкі
Вялікая Айчынная вайна. 1944 год. 1971
Матэрыял тэмпера, эргаліт
Памеры 750 × 660 см
Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Мінск

Манументальная жывапісная кампазіцыя памерам 6,6×7,5 м[3]займала тарэц другога і трэцяга паверхаў, насупраць лесвіцы. Роспіс выкананы сінтэтычнай тэмперай па эргаліце[1], прыбітым да сцяны.

Актыўна працавала ў інтэр’еры, мэтанакіравана настройваючы на ўспрыманне экспазіцыі музея[4]. Кампазіцыя пабудавана на складанай дынаміцы накіраваных углыбіню і набягаючых кругавых рытмаў, якія сюжэтна можна вызначыць як «Круг фронту», «Круг тылу» і «Круг жыцця, што адраджаецца». Цэнтрам кампазіцыі, яе сэнсавым і драматычным ядром з’яўляецца выява групы жанчын у жалобе, якія ўвасабляюць боль па загінуўшых, надзею па перамогу, працяг жыцця. Гэтая група вылучана маштабна і як бы пастаўлена на п’едэстал. Навокал яе палыхае полымя вайны, самкнутыя шчыльным кальцом ірвуцца ў атаку воіны, зладжаным строем адпраўляюцца на фронт атрады маладых салдат. Жанравыя сцэны, размешчаныя ўнізе кампазіцыі, адлюстроўваюць адраджэнне разбуранай вайной гаспадаркі, сустрэчы на вызваленай зямлі. Тэма вайны паказана ў кампазіцыі ў агульначалавечым маштабе, разам з тым у ёй прысутнічае перажытае асабіста мастаком, што надае вырашэнню тэмы асаблівы гуманістычны сэнс[1].

Зноскі