Узляны

вёска ў Пухавіцкім раёне
(Пасля перасылкі з Вёска Вузляны)

Узля́ны[1] (трансліт.: Uzliany, руск.: Узляны) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці, на левым беразе ракі Вушанка. Уваходзіць у склад Пярэжырскага сельсавета. Месціцца за 35 км на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, 6 км ад чыгуначнага прыпынку Седча на лініі Мінск — Асіповічы.

Вёска
Узляны
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Ранейшыя назвы
Паляны, Вузляны
Насельніцтва
  • 275 чал. (2010)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1713
Паштовы індэкс
222844
Аўтамабільны код
5
Узляны на карце Беларусі ±
Узляны (Беларусь)
Узляны
Узляны (Мінская вобласць)
Узляны

Назва правіць

 
Узляны з дарогі на Азярычына.
 
Цэнтральная вуліца.

Паводле географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Узляны мае балцкае паходжанне і адпавядае літоўскаму uzlos — гаць, насціл з жэрдак на гразкай дарозе[2]. Другая распаўсюджаная назва паселішча — Вузляны, існуе версія пра паходжанне назвы ад слова вузел, бо вёска стаіць на скрыжаванні дарог, «звязвае» паміж сабой шматлікія паселішчы.

Геаграфія і экалогія правіць

Знаходзіцца на паўночна-заходнім ускрайку Пухавіцкай раўніны на яе мяжы з Мінскім узвышшам. Па ўсходзе тэрыторыя населенага пункту абмежаваная меліяраванай нізінай уздоўж ракі Вушанка, па поўначы і паўднёвым захадзе ― раней забалочанымі нізінамі з меліярацыйнымі каналамі. На паўднёвым захадзе дамінуючыя вышыні да 180 ― 190 м з г. Селішчы (196 м) ва ўрочышчы Цагельня. На поўдні ― былая забалочаная нізіна, на якой да 1990-х гадоў ажыццяўлялася торфараспрацоўка.

На месцы ранейшай здабычы торфу праведзена рэкультывацыя кар’ера з яго абвадненнем. У выніку ў непасрэднай блізкасці ад вёскі на паўднёвым кірунку ад вуліцы Дамавая ўтвораны разліў «Узляны-Маліннікі» ці Узлянскі разліў плошчай 145 га, які з’яўляецца трэцім па велічыні вадаёмам Пухавіцкага раёна і адным з аб’ектаў, які, дзякуючы сваёй фаўне, карыстаецца папулярнасцю сярод рыбаловаў і паляўнічых.

На паўднева-ўсходнім ускрайку вёскі знаходзіцца пруд Вузляны з абсталяваным пляжам, які амаль штогод уключаецца ў пералік паверхневых водных аб’ектаў, якія выкарыстоўваюцца для рэкрэацыі[3].

На ўсход ад вёскі па правым беразе ракі Вушанка раней размяшчаўся кар’ер для здабычы пяску і пясочна-гравійнай сумесі, які быў рэкультываваны з высадкай на яго месцы хвойных дрэваў. Разам са знаходзячымся далей лесам Барок былы кар’ер уключаны ў паляўніча-гаспадарчую зону ўстановы «Пухавіцкая РПС» РДГА «БТПР»[4].

Гісторыя правіць

Вялікае Княства Літоўскае правіць

У 1-й палове XV ст. вёска ўваходзіла ў склад Бакштанскай воласці, якая належала заможнаму магнацкаму роду Кезгайлаў. У 1447 годзе частка гэтых уладанняў з Ігуменам (суч. Чэрвень) і 2000 жыхароў воласці, а таксама з Узлянамі і суседнімі Азярычынам, Пярэжырамі, Лешніцай і Такарняй, перададзена біскупам віленскім[5].

Упершыню ў афіцыйных дакументах згадваецца ў 2-й палове XVII ст. Узляны дзяліліся на дзве паловы: у мястэчку Узляны пражывала ў асноўным яўрэйскае насельніцтва, у сяле Паляны — пераважала беларускае. Першая згадка пра сяло Паляны адносіцца да пачатку XVII ст. Гэта было невялікае паселішча.

У 1-м дзесяцігоддзі XVIII ст. узлянскай яўрэйскай супольнасцю пабудавана драўляная сінагога[6], асаблівасцю якой быў выраблены рэзчыкам па дрэву Баерам Бен Ісраэлем Арон-ха-Кодэш, дзе захоўвалася Тора супольнасці[7].

У 1771 годзе біскуп віленскі Ігнацы Якуб Масальскі аддзяліў Узляны ад парафіі пярэжырскай, фундаваў тут царкву Покрыва Багародзіцы.

Пад уладай Расійскай імперыі правіць

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) — у Расійскай імперыі, у Пярэжырскай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні. Расійскія ўлады адабралі маёнтак у Касцёла і перадалі яго генералу Пятру Аляксеевічу Ісленеву, які ў 1803 годзе саступіў гэтую маёмасць генералу Адаму Длускаму. Апошні ў 1805 годзе перадаў Узляны Паўлу Сакеру, які быў родам з Курляндыі. У 1829 годзе ў Міхала, сына Паўла Сакера, маёнтак набыў Ярэма Стрэнкоўскі. У 1840 годзе ўдава Стрэнкоўская падзяліла Узляны паміж сваімі дочкамі — Зузанай, жонкай Івана Лапава (Яна Лапы), і Юліяй, жонкай Багуслава (Арцёма Георгіевіча) Копцава (Копаця). Копцавым дасталіся Узляны, а другая палова, названая ў народзе «Зузанполем» ад пабудаванага фальварка, належала Лапавым. У гэты ж час каля 200 яўрэяў «аселі» ў гэтай мясцовасці. Займаліся яны пераважна рознічным гандлем, бо мястэчка атрымала прывілей на нядзельны торг[8].

У сярэдзіне XIX ст. рабінам ва Узлянах быў Ш. Штылбанс, які з’яўляўся адным з найбольш шанаваных іўдзейскіх святароў і меў афіцыйны тытул «гаон»[7]. Пасля яго смерці ў 1870 годзе іўдзейскую супольнасць узначаліў яго сын П. Штылбанс (1848―?).

У 1886 годзе 73 двары, 624 жыхары, ёсць праваслаўная царква, вінакурны завод, яўрэйская малітоўная школа. У канцы XIX ст. сярод землеўладальнікаў Узлян значыліся Філіпіна Мацвееўна Копаць, дваранка, каталічка — маёнтак Узляны Пярэжырскай воласці, 300 дзесяцін зямлі, Міхал Паўлавіч Трафімаў, ганаровы грамадзянін, праваслаўны — маёнтак Сузанполь (Зузанполе), 200 дзесяцін зямлі[9].

У 1897 годзе ў вёсцы 135 двароў, 805 жыхароў, 2 хлебазапасныя магазіны; сяло — 76 двароў, 570 жыхароў, другая вёска — 75 двароў, 562 жыхары, маёнтак — 3 двары, 67 жыхароў. У 1898 годзе пабудаваная новая (драўляная) Пакроўская царква. У 1903 годзе адкрытая царкоўна-прыходская школа[10].

У пачатку XX ст. на месцы сучаснага населенага пункта было 2 вёскі з назвай Узляны. У 1909 годзе вёскі Узляны: 1 — 75 двароў, 502 жыхары; 2 — 76 двароў, 570 жыхароў; мястэчка — 105 двароў, 876 жыхароў, праваслаўная царква, сінагога, паштова-тэлеграфнае аддзяленне; маёнтак — 3 двары, 67 жыхароў; праводзіліся штотыднёвыя таржкі[10]. У 1914 годзе ва Узлянах дзейнічала Дзяржаўная ашчадная каса № 117 пры Мінскім аддзяленні Дзяржаўнага банка.

У 1917 годзе ў мястэчку — 102 двары. 690 жыхароў, у сяле — 78 двароў, 438 жыхароў; у вёсцы — 103 двары, 521 жыхар; у маёнтку — 39 жыхароў[10].

Найноўшы час правіць

 
Помнік загінулым яўрэям.
 
Помнік на месцы бою 4 ліпеня 1944 года.

З лютага да снежня 1918 года вёска акупаваная войскамі Германскай імперыі[10].

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Узляны абвешчаныя часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі ўвайшлі ў склад БССР. З снежня 1919 года да ліпеня 1920 года вёска акупаваная войскамі Польшчы[10].

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі тут створана працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1922 годзе вучылася каля 70 дзяцей, працавалі 2 настаўнікі. 3 20 жніўня 1924 года цэнтр Узлянскага сельсавета Самахвалавіцкага раёна Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года); з 18 студзеня 1931 года ў Пухавіцкім, з 12 лютага 1935 года ў Рудзенскім, з 6 ліпеня 1935 года ў Смілавіцкім, з 11 лютага 1938 года ў Рудзенскім раёнах[10]. У 1933 годзе былі калгасы імя Сталіна і імя Леніна, 2 млыны, шавецкая майстэрня, 2 кузні. З 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці[10].

У Другую сусветную вайну з 28 чэрвеня 1941 года была акупавана войскамі нацысцкай Германіі. 8 кастрычніка 1941 года нямецкая адміністрацыя здзейсніла забойства 375 мірных жыхароў — яўрэяў, якія жылі ў Вузлянах. Дзейнічала антыфашысцкае падполле, у ваколіцах вёскі — савецкая партызанскай брыгада «Беларусь». 4 ліпеня 1944 года пры савецкім вызваленні раёна каля вёскі ў баі адзначыліся салдаты 5-й батарэі 220-га знішчальна-супрацьтанкавага артылерыйскага палка 48-й арміі пад камандаваннем гвардыі капітана Антона Леанцюка, якія, паводле савецкай гістарыяграфіі, з узводам прыдадзеных танкаў у ходзе 3-гадзіннага бою адбілі 6 варожых атак, забілі больш за 600 салдат і афіцэраў, 2 самаходна-артылерыйскія ўстаноўкі, 4 мінамёты, 9 аўтамашын і бронетранспарцёраў, 6 кулямётаў. Антону Леанцюку, гвардыі сяржантам Дзмітрыю Чапусаву, Афанасію Чарняку, Яфрэму Курачкіну[d] і гвардыі малодшаму сяржанту Васілю Токараву (пасмяротна) прысвоена званне Героя Савецкага Саюза[10].

З 8 красавіка 1957 года ў Навапольскім сельсавеце Рудзенскага раёна[11]. З 20 студзеня 1960 года ў Пухавіцкім раёне[12], з 1 красавіка 1960 года ў Пярэжырскім сельсавеце[13]. У 1960 годзе ў вёсцы 120 жыхароў. У 1970 годзе 166 двароў, 447 жыхароў, цэнтр калгаса імя Куйбышава[10]. У 1980-х гадах і пазней дзейнічалі базавая школа, дзіцячы яслі-сад, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, ашчадная каса, дом культуры з музеем, магазін раённага спажывецкага таварыства і комплексны пункт бытавога абслугоўвання[10].

У 2002 годзе ў вёсцы 151 двор, 399 жыхароў. Мясцовая сельскагаспадарчая вытворчасць ажыццяўляецца калгасам (з 2003 года ― калгасам-камбінатам) «Барацьба» з цэнтрам у Зазерцы, пераўтвораным у 2010 годзе ў ААТ «Зазерка»[14]. З 2005 года ва Узлянах зарэгістравана і функцыянуе ТАА «Ліцейны двор», якое займаецца вытворчасцю мастацкіх кампазіцый з каляровых і чорных металаў. Да 28 мая 2013 года вёска была цэнтрам Узлянскага сельсавета[15].

У 2000-х ― 2010-х гадах у вёсцы спыніў сваю работу шэраг устаноў. У 2016 годзе адбылося закрыццё дзіцячага сада і школы, адукацыйныя паслугі насельніцтву аказваюцца на базе дзяржаўнай установы адукацыі «Грабенская базавая школа». У 2020 годзе двухпавярховы цагляны будынак узлянскай базавай школы прададзены на аукцыёне суб’екту гаспадарання для арганізацыі вытворчасці экалагічна бяспечнай фарбы для малявання і пластыліна для дзіцячай творчасці[16].

Насельніцтва правіць

  • 1886 год — 73 двары, 624 жыхары
  • 1897 год — 690 жыхароў
  • пачатак XX ст.: 1-я вёска — 75 двароў, 502 жыхары; 2-я вёска — 76 двароў, 502 жыхары; маёнтак — 3 двары, 67 жыхароў; мястэчка — 105 двароў, 867 жыхароў
  • 1917 год — 5 населеных пунктаў з назвай Узляны: мястэчка — 102 двары, 690 жыхароў; сяло — 78 двароў, 438 жыхароў; вёска (яна ж Паляны) — 103 двары, 521 жыхар; два маёнткі — 78 жыхароў
  • 1970 год — 166 двароў, 447 жыхароў
  • 1999 год — 436 жыхароў
  • 2002 год — 151 двор, 399 жыхароў
  • 2010 год — 275 жыхароў

Інфраструктура правіць

Эканоміка правіць

  • Механічныя майстэрні
  • Ашчадная каса
  • Комплексны прыёмны пункт побытавага абслугоўвання
  • Крама

Адукацыя правіць

  • Дашкольная ўстанова
  • Базавая школа

Культура правіць

  • Бібліятэка
  • Дом культуры

Медыцына правіць

  • Фельчарска-акушэрскі пункт
  • Втерынарны ўчастак

Славутасці правіць

Страчаная спадчына правіць

Вядомыя асобы правіць

  • Давід Сарноў (1891—1971) — амерыканскі сувязіст і бізнесмен, адзін з заснавальнікаў радыё і тэлевяшчання ў ЗША.
  • Юджын Лаянс (1898—1985) — амерыканскі журналіст і пісьменнік, стрыечны брат Давіда Сарнова.
  • Міхаіл Гебелеў (1905—1942) — кіраўнік падполля ў Мінскім гета.
  • Васіль Барташэвіч (1915—2009) — жывапісец.
  • Давід Гершановіч (1920—2007) — доктар геолага-мінералагічных навук.
  • Соф’я Наркевіч, дзяв. Паўловіч (1928—2009) — свінарка калгаса імя Куйбышава, Герой Сацыялістычнай Працы (1966), дэпутатка Вярхоўнага Савета БССР.
  • Міхал Богуш-Шышка (1811, Варонічы — 1877, Альхова), культурны дзеяч, архівіст, перакладчык, гісторык, лінгвіст. Пахаваны на Вузлянскіх могілках.
  • Дзмітрый Плышэўскі (?—1937) — святар, у 1999 годзе як святамучанік прылічаны Беларускім экзархатам Рускай праваслаўнай царквы да мясцовашанаваных святых, уключаны ў спіс навамучанікаў i спаведнікаў Расійскіх. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года быў прызначаны святаром у Палянскую (Вузлянскую) царкву Покрыва Прасвятой Багародзіцы, падчас узмацнення антырэлігійнай палітыкі быў упершыню арыштаваны ў 1930 годзе ва Узлянах, а пасля закрыцця храма і пераводу ў Смалявічы арыштаваны ў верасні 1937 года i рэпрэсаваны за «контррэвалюцыйную дзейнасць».

Спіс вуліц правіць

  • Давіда Сарнова вуліца
  • Дамавая вуліца
  • Новы завулак
  • Палявая вуліца
  • Садовая вуліца
  • Цэнтральная вуліца[17]

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Вузля́ны
  2. Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 383.
  3. Сіротка, Дз. «Не ведаючы броду, не лезь у ваду»: некалькі простых рэкамендацый аматарам адпачыць паблізу вадаёмаў / Дз. Сіротка // Пухавіцкія навіны, 04.05.2021 [1]
  4. Карта-схема "Учреждение «Пуховичская РОС» РГОО «БООР» // Республиканское государственно-общественное объединение «Белорусское общество охотников и рыболовов». [2]
  5. Jelski A. Ozieryczyn. Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. T. VII. — Warszawa, 1892. — С. 788.
  6. Wooden Synagogues of Poland in the 17th and 18th Century. Uzlyany (англ.). WE REMEMBER! SHALOM! (1 марта 2003).
  7. а б Смиловицкий Л. По следам еврейских кладбищ Беларуси. Узляны. Мастерская Журнал-газета истории, традиции, культуры (5 марта 2020).
  8. Jelski A. Uźlany // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XII: Szlurpkiszki — Warłynka (польск.). — Warszawa, 1892. S. 869
  9. Список землевладельцев Минской губернии, Мн., 1889
  10. а б в г д е ё ж з і Узляны // Гарады і вёскі Беларусі. Т. 8 : Мінская вобласць, кн. 4 / Т.У. Бялова (галоўны рэдактар) і інш. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. — С. 190. — 528 с. — ISBN 978-985-11-0735-9.
  11. Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 8 красавіка 1957 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1957, № 5.
  12. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Аб ліквідаванні некаторых раёнаў Беларускай ССР ад 20 студзеня 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 2.
  13. Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 1 красавіка 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 10.
  14. Кацярына Вернікоўская. ААТ «Зазерка» адзначае 90-гадовы юбілей. Пухавіцкія навіны (20 марта 2020).
  15. «Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Архівавана 31 сакавіка 2016. (руск.)
  16. Здание бывшей школы продано на аукционе в Пуховичском районе // БелТА. Рэжым доступу: https://www.belta.by/regions/view/zdanie-byvshej-shkoly-prodano-na-auktsione-v-puhovichskom-rajone-399322-2020/
  17. Спіс вуліц і іншых элементаў ўнутранага адраса(недаступная спасылка). Нацыянальнае кадастравае агенцтва Рэспублікі Беларусь. Архівавана з першакрыніцы 11 красавіка 2021. Праверана 12 лютага 2020.

Літаратура правіць

  • Узляны // Гарады і вёскі Беларусі. Т. 8 : Мінская вобласць, кн. 4 / Т.У. Бялова (галоўны рэдактар) і інш. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. — С. 190. — 528 с. — ISBN 978-985-11-0735-9.
  • Памяць : Пухавіцкі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [укладальнік А. А. Прановіч; рэдкалегія: А. М. Карлюкевіч і інш.]. — Мінск : Беларусь, 2003. — 748 с. — 3000 экз. ISBN 985-01-0251-9
  • Jelski A. Uźlany // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Tom XII: Szlurpkiszki — Warłynka. — Warszawa. — 1892. — С. 868—869. — 960 с.

Спасылкі правіць