Віа дэі Форы Імперыялі

Віа дэі Форы Імперыялі (Via dei Fori Imperiali, першапачаткова Via dell’Impero) — шырокі праспект у цэнтры Рыма ад П’яцца Венецыя да Калізея, пабудаваны ў 1932 годзе па загадзе Беніта Мусаліні. Прамая вуліца шырынёй 30 і даўжынёй 850 м аддзяляе асноўны рымскі форум ад імператарскіх форумаў. Знаходзіцца ў раёне Монці.

Віа дэі Форы Імперыялі
Фашысцкі ваенны парад на Віа дэль Імпера

Гісторыя правіць

Аж да Сярэднявечча на месцы сучаснага праспекта знаходзіліся руіны антычных збудаванняў, але потым былі збудаваны хрысціянскія цэрквы і кляштары. У канцы XVI стагоддзя па загадзе кардынала Мікеле Банелі, які нарадзіўся ў Александрыі, гэта тэрыторыя была кардынальна перабудавана. Створаны тут квартал атрымаў назву Александрыйскага (Alessandrino).

Сучасная вуліца была пракладзена ў 1924—32 гг. па-над раскопкамі антычных імператарскіх форумаў (Траяна, Аўгуста, Нервы), часткова разваліны форумаў можна бачыць па баках вуліцы. Пры будаўніцтве былі разбураны пастамент статуі-калоса Нерона і руіны антычнага фантана. Працы суправаджаліся поўным разбурэннем квартала, які знаходзіўся тут раней. Па ідэі Мусаліні Віа дэі Форы Імперыялі павінна была сімвалічна злучаць Калізей з Плошчай Венецыі — цэнтрам новай фашысцкай імперыі. Адкрыццё пад назвай вуліцы Імперыі (via dell’Impero) адбылося 9 красавіка 1932 года.

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны вуліца была пераназвана ў Віа дэі Форы Імперыялі. Кожны год 2 чэрвеня тут праводзіцца ваенны парад у гонар Дня Італьянскай Рэспублікі. З 1980-х гадоў не раз уздымалася пытанне аб ліквідацыі вуліцы, з прычыны таго, што яна падзяляе на дзве часткі археалагічную зону і замінае раскопкам. У наш час Віа дэі Форы Імперыялі адкрыта для аўтамабільнага транспарту і толькі па нядзелях ператвараецца ў пешаходную зону.

Літаратура правіць

  • Henze, Anton. Kunstführer Rom. — Stuttgart: Reclam, 1994. — ISBN 3-15-010402-5.
  • Sovraintendenza Comunale ai Musei Gallerie Monumenti e Scavi, Gli anni del Governatorato (1926—1944), Collana Quaderni dei monumenti, Roma, Edizioni Kappa, 1995. ISBN 88-7890-181-4:
  • Silvana Rizzo Medugno, Archeologia e arredo urbano in via dei Fori Imperiali tra il 1870 e il 1945, pp. 47-52.
  • Valter Vannelli, Le case dei Mercati Traianei tra la piazza del Foro, via Alessandrina e via di Campo Carleo: premesse su via dei Fori Imperiali, pp. 25-38.

Спасылкі правіць