ГАЗ-АА

Мадэль аўтамабіляў

ГАЗ-АА (вядомы таксама як «палу́тарка») — савецкі грузавы аўтамабіль, грузападымальнасцю 1,5 т. Выпускаўся з 1932 па 1950 год. Усяго выпушчана 985 000 асобнікаў ГАЗ-АА, ГАЗ-ММ і іх мадыфікацый.

ГАЗ-АА / ГАЗ-ММ
Вытворца Горкаўскі аўтамабільны завод
Месца вытворчасці Горкі Сцяг СССР
Гады выпуску 19321950
Колавая формула 4х2
Храналогія
ГАЗ-51
Фотагалерэя на Wikimedia Commons ГАЗ-АА / ГАЗ-ММ на Вікісховішчы

Уяўляў сабой ліцэнзійную копію амерыканскага грузавіка Ford Model АА узору 1929, але пасля неаднаразова быў мадэрнізаваны.

У перыяд свайго выпуску аўтамабілі ГАЗ-АА і ГАЗ-ММ з'яўляліся самымі распаўсюджанымі ў СССР. Да 1951 года кожны другі выраблены ў СССР аўтамабіль быў стандартным бартавым грузавіком ГАЗ-АА[1].

Супрацоўніцтва з Ford Motors Company правіць

 
Ford Model AA

Неабходнасць у масавым грузавым аўтамабілі ўзнікла ў Савецкім Саюзе ў канцы 1920-х гадоў. Першыя амерыканскія грузавыя аўтамабілі Форд-АА узору 1927  (англ.) пачалі паступаць у СССР ужо ў першай палове 1928 года[2]. У 19281929 гадах ўзоры аўтамабіляў «Форд АА» прайшлі ўсебаковыя выпрабаванні з мэтай выбару аптымальнай канструкцыі для вытворчасці.

З канца 1928 года пачаліся перамовы прадстаўнікоў СССР з Ford Motor Company і GMC. Дарэчы, перамовы былі і з іншымі кампаніямі аб продажы ліцэнзіі на выпуск падобных аўтамабіляў, але яны неслі хутчэй функцыю псіхалагічнага ўздзеяння на Форд дзеля атрымання больш выгадных умоў пагаднення[1].

У выніку ў Дзірборне (ЗША) 31 мая 1929 года быў падпісаны дагавор тэрмінам на 9 гадоў. З боку СССР дагавор быў падпісаны намеснікам старшыні ВСНГ СССР В.Межлаўкам і старшынёй «Амторга» С. Г. Бронам, а з амерыканскага боку — Генры Фордам.

Паводле дамовы савецкі бок атрымаў ад Ford Motor Company тэхнічную дапамогу пры пабудове і пуску новага завода, права на навучанне ў ЗША савецкіх спецыялістаў і практыкантаў ў колькасці 50 чалавек штогод. Таксама па дамове, у СССР за два гады павінны былі пабудаваць завод з поўным цыклам вытворчасці аўтамабіляў мадэляў «А» і «АА», а таксама некаторых мадыфікацый на іх базе. Савецкі бок таксама абавязаўся паведамляць Форду аба ўсіх паляпшэннях ў мадэлі, якія ўводзяцца савецкімі інжынерамі. У якасці аплаты савецкі бок браўся набыць на працягу чатырох гадоў 72 000 камплектаў дэталяў, з якіх да моманту пуску новага завода будзе праводзіцца зборка. Агульная сума паставак — 72 млн савецкіх рублёў [3](30 млн. долараў) [2].

У 1935 годзе супрацоўніцтва ГАЗа і Ford Motor Company было спынена[1].

Гісторыя правіць

Ford Model AA правіць

Першая сотня аўтамабіляў была сабрана ў СССР у Харкаве ў снежні 1929 года.

Затым, у пачатку 1930 года, для зборкі з амерыканскіх машынакамплектаў быў часова запушчаны «1-ы аўтазборачны завод» у Ніжнім Ноўгарадзе. У канцы таго ж года да яго далучыўся пабудаваны ў Маскве «2-і аўтазборачны завод ім. КІМ». Усяго ў зборцы аўтамабіляў мадэлі «АА» было задзейнічана ў агульнай складанасці шэсць заводаў[1]. У 19291931 гадах сіламі Харкаўскага, Ніжагародскага і Маскоўскага аўтазборачных заводаў з камплектаў, якія паступілі са Злучаных Штатаў, было сабрана 18 460 штук Ford Model AA.

НАЗ-АА / ГАЗ-АА / ГАЗ-ММ правіць

 
ГАЗ-АА на савецкай паштовай марцы

29 студзеня 1932 года з канвеера Ніжагародскага аўтамабільнага завода сышоў першы грузавы аўтамабіль НАЗ-АА[4]. Першыя 3,5 тысячы машын НАЗ-АА з-за недахопу штампавальнага абсталявання былі выпушчаныя з кабінай на драўляным каркасе, абшытым фанерай.

З кастрычніка 1932 машына атрымала паўнавартасную металічную кабіну і практычна ў нязменным выглядзе выпускалася дзесяць гадоў.

У канцы 1932 года Ніжні Ноўгарад быў перайменаваны ў Горкі, і з пачатку наступнага года на заводзе марку аўтамабіляў змянілі на «ГАЗ». Тады ж з'явілася і эмблема: металічны авал з буйным надпісам «ГАЗ», пад ёй дробнымі друкаванымі — «ім. Молатава», з сярпом і молатам па баках.

У 1938 годзе ГАЗ-АА быў мадэрнізаваны — усталявалі больш магутны рухавік, уніфікаваны з легкавой мадэллю ГАЗ-М-1. Абноўлены аўтамабіль атрымаў пазначэнне ГАЗ-ММ. Па сутнасці, ГАЗ-ММ уяўляў мадыфікацыю з новым рухавіком і каробкай перадач. У 1940 годзе абодва варыянты «палутаркі» выпускаліся паралельна, а цалкам на мадэль ММ завод перайшоў толькі ў 1942 годзе, калі была згорнутая вытворчасць легкавых аўтамабіляў. Знешніх адрозненняў паміж ГАЗ-АА і ГАЗ-ММ не было.

У 1939 годзе зборку «палутарак» перадалі з КІМа на былы Растоўскі аўтарамонтны завод.

ГАЗ-ММ-В правіць

 
спрошчаны ГАЗ-ММ 1943 года[5]

Пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны з-за недахопу тонкай халоднакатанай сталі і шэрагу камплектуючых, якія пастаўляліся іншымі прадпрыемствамі, канструкцыя ГАЗ-ММ была перагледжана зыходзячы з сыравінных і тэхналагічных магчымасцяў ваеннага часу. Спецыяльныя індэксы спрошчаным аўтамабілям не прысваіваліся[3], аднак часта ўжываецца ўмоўнае пазначэнне ГАЗ-ММ-В[6].

Машына падвергнулася максімальнаму спрашчэнню. Аўтамабіль пазбавіўся металічнай кабіны, дзвярэй, буфера, перадачы задняга ходу, пярэдніх тармазоў і адной фары. Метал, дзе змаглі, замянілі дрэвам. Ветравое акно падзялілі напалову для замены ў выпадку рамонту на любы тып шкла. Платформа абсталёўвалася толькі заднім адкідвальным бортам[5][7].

З 1943 года паступова пачалі вяртаць аўтамабілю яго камплектнасць. Вярнуліся дзверы — спачатку дашчаныя, а пазней і стандартныя металічныя. Вярнуліся пярэднія тармазы, бампер, фара. Да канца вайны машына практычна здабыла сваё першапачатковае грамадзянскае аблічча, аднак да канца выпуску так і засталіся гнутыя пярэднія крылы і дах, абабіты дэрмацінам.

За гады вайны Горкаўскі аўтазавод вырабіў 102 300 грузавікоў[8].

Пасля вайны правіць

У 1947 годзе, каб часткова разгрузіць Горкаўскі аўтазавод, частку машынакамплектаў пачалі адпраўляць для зборкі ва Ульянаўск, дзе пасля наладзілі і поўны цыкл вытворчасці.

На ГАЗе апошняя «палутарка» сышла з канвеера 10 кастрычніка 1949 года[9]. З 1932 года на Горкаўскім аўтазаводзе было выпушчана 829.808 аўтамабіляў ГАЗ-АА і ГАЗ-ММ. Пасля выпуск да 1951 года працягваўся ва Ульянаўску.

Усяго было выпушчана 985 000 асобнікаў ГАЗ-АА, ГАЗ-ММ і іх мадыфікацый.

Мадыфікацыі правіць

ГАЗ-410 правіць

 
ГАЗ-410

ГАЗ-410 (на пачатку выпуску меў назву ГАЗ-С1) — самазвал на шасі ГАЗ-АА і ГАЗ-ММ, грузападымальнасць 1,2 т. Аўтамабіль меў ўсталяваны на скарочанай раме металічны кузаў, які адкідваўся назад пад уздзеяннем сілы цяжару.

З 1936 па 1950 год быў выраблены 13 751 аўтамабіль. У цяперашні час вядомы толькі адзін ацалелы асобнік ГАЗ-410[10].

ГАЗ-ААА правіць

ГАЗ-ААА — трохвосевы (6х4) грузавы аўтамабіль падвышанай праходнасці, грузападымальнасць 2,0 т. Выпускаўся з 1934 па 1943 год. Выпушчана 37 373 аўтамабілі ГАЗ-ААА[11].

Хоць фармальна ГАЗ-ААА быў уніфікаваны з ГАЗ-АА, але фактычна з'яўляўся новай машынай — дэталі ГАЗ-ААА на 80 % адрозніваліся ад дэталяў ГАЗ-АА, што было выклікана неабходнасцю адмовы ад стандартных агрэгатаў з мэтай узмацнення тых ці іншых частак[12]. Арыгінальнымі былі: рама, масты і падвеска вазку, карданныя валы, радыятар, грузавая платформа і інш.

На базе ГАЗ-ААА серыйна таксама выпускаліся штабны аўтобус ГАЗ-05-193 (1936—1945)[13][14], а таксама серыйныя бранеаўтамабілі БА-6 (19361938, 394 адз.), БА-10А (19381939) і БА-10М (19391941, агулам 3 331 адз.).

Аўтобусы правіць

 
ГАЗ-03-30 на савецкай паштовай марцы
  • ГАЗ-03-30 — аўтобус малога класа на шасі грузавікоў ГАЗ-АА і ГАЗ-ММ. Колькасць месцаў — 17. Выпускаўся ў перыяд 19331941 і 19451950 гадах. Усяго выраблена 18 613 аўтобусаў[15][16]. ГАЗ-03-30 быў самым масавым айчынным аўтобусам даваеннага перыяду і першых пасляваенных гадоў, шырока прымяняўся не толькі як службовы і экскурсійны, але і як гарадскі на рэгулярных маршрутах.
  • ГАЗ-55 — санітарны аўтобус[17]. Прызначаны для перавозкі дзесяці сядзячых параненых або шасці насілак. Выпускаўся з 1938 па 1945 год. Выраблена 9 130 аўтобусаў[18].

Газагенератарныя аўтамабілі правіць

 
ГАЗ-42
  • ГАЗ-42 — газагенератарная мадыфікацыя. У якасці паліва выкарыстоўваліся драўляныя калодачкі. Магутнасць рухавіка 35-38 к.с., грузападымальнасць — 1,0 т. Гады выпуску: 1938—1949. Выпушчана 33 840 аўтамабіляў[16].
  • ГАЗ-43 — газагенератарная версія на вугалі. Адрознівалася меншымі габарытамі газагенератарнай ўстаноўкі. Выпускалася малымі партыямі ў 1938—1941 гадах.

ГАЗ-44 правіць

ГАЗ-44 — газабалонавая версія на звадкаваным нафтавым газе. Балоны з газам размяшчаліся пад грузавой платформай. Першы савецкі серыйны аўтамабіль, што працуе на газавым паліве[19]. Выпушчаны малой прамысловай партыяй у 1939 годзе.

Падвышанай праходнасці правіць

 
ГАЗ-60 (мадэль у маштабе 1:10)
  • ГАЗ-60 — серыйная паўгусенічная мадыфікацыя.

Рухач аўтамабіля ўяўляў сабой дзве пары двускатных колаў з цэпавым прывадам ад стандартнага задняга моста і здымнай прагумаванай стужкай з фрыкцыйным зачапленнем аб шыны.

У 1939—1940 гады было выраблена 2 015 усюдыходаў[20].

  • ГАЗ-65 — мадыфікацыя падвышанай праходнасці з гусенічна-колавым рухачом з прывадам ад стандартных задніх колаў. У 1940 годзе была выпушчаная доследна-прамысловая партыя, якая паказала поўную непрыдатнасць дадзенай схемы для ўмоў рэальнай эксплуатацыі аўтамабіляў як ва ўмовах фронту, так і тылу (расход паліва перавышаў 60 л/100 км).

Канструкцыя правіць

У адрозненне ад амерыканскага Ford AA, на савецкім ГАЗ-АА быў узмоцнены картар счаплення, рулявы механізм, усталяваны паветраны фільтр. Была спраектавана новая грузавая платформа.

Асновай ГАЗ-АА служыла ланжэронавая рама, на якой усталёўваліся даволі лёгкія кузаў і кабіна. Пярэдняя частка кабіны (крылы, капот і рашотка радыятара) была ўніфікаваная з аўтамабілем ГАЗ-А[8].

Пад капотам размяшчаўся радны 4-цыліндравы рухавік з рабочым аб'ёмам 3,3 літра, які развіваў магутнасць 42 к.с. Падача паліва з бензабаку ажыццяўлялася самацёкам.

Скрынка перадач была чатырохступеністай без сінхранізатараў. Пярэдняя і задняя восі былі падвешаныя да рамы праз рысоры: спераду стаяла адна папярочная, ззаду — дзве падоўжныя: перавернутая рысора замацаваная цэнтрам на раме, пярэднім канцом праз завушніцу — да рамы, а заднім канцом — да моста. Тармазы — механічныя з тросавым прывадам на ўсе колы.

Мадэрнізаваны аўтамабіль ГАЗ-ММ атрымаў 50-моцны рухавік — такі ж самы, што ставіўся на легкавы ГАЗ-М-1  (руск.). Акрамя рухавіка, падвергнуліся змяненню і некаторыя іншыя вузлы: рулявы механізм, мацаванне задніх рысор. З'явіліся новыя буксірны прыбор і мацаванне запаснога кола, слабы карданны шарнір быў заменены на больш надзейны тыпу «Спайсер».

 
 
 
Кабіна Пярэдні мост на папярочна размешчанай паўэліптычнай рысоры Задні мост на падоўжных паўэліптычных рысорах

Тэхнічныя характарыстыкі правіць

Тэхнічныя характарыстыкі
Мадыфікацыя: ГАЗ-АА ГАЗ-ММ[21] ГАЗ-ААА[11]
Выпуск: 1932-1940 1938-1950 1934-1943
Тып: Бартавы грузавы аўтамабіль
Колавая формула: 4x2 6x4
Грузападымальнасць: 1500 кг 2000 кг
Габарытныя памеры
Даўжыня: 5335 мм 5335 мм
(спрошчаны ГАЗ-ММ-В — 5250 мм)
5335 мм
Шырыня: 2040 мм
Вышыня: 1870 мм 1900 мм 1970 мм
Колавая база: 3340 мм 2730 + 940 мм
Дарожны прасвет: 200 мм 230 мм
Рухавік
Тып: Бензінавы, чатырохцыліндравы, радны
Аб'ём: 3285 см³
Магутнасць: 40 к.с. 50 к.с. 40 к.с.,
з 1936 года — 50 к.с.
Скрынка перадач
Тып: Механічная, 4 наперад, 1 назад. Механічная, 8 наперад, 2 назад
2-хуткасная раздатачная скрынка
Эксплуатацыйныя звесткі
Макс. хуткасць: 70 км/г 70 км/г 65 км/г
Выдатак паліва: 19,5 л/100 км 19,5 л/100 км 25 л/100 км

Падчас Вялікай Айчыннай вайны правіць

 
Вайскоўцы ўсталёўваюць аэрастат загароды, Масква, 20 чэрвеня 1942 года, фота Уладзіміра Граноўскага

Напярэдадні вайны ГАЗ-АА складаў 67 % усяго аўтапарка савецкай арміі. На 23 чэрвеня 1941 года ў Чырвонай арміі налічвалася 151 000 «палутарак»[1]. Да таго ж, з пачаткам вайны на фронт была дадаткова мабілізавана чвэрць ад агульнага ліку аўтамабіляў.

Маштабная мабілізацыя грузавога транспарту дала магчымасць у самыя кароткія тэрміны перакінуць з аддаленых куткоў краіны вялікія падмацаванні ваенных частак. У кузаве ГАЗ-АА можна было перавозіць 16 чалавек. Для перавозкі байцоў звычайныя грузавыя платформы абсталёўваліся здымнымі папярочнымі лаўкамі. Пры транспарціроўцы грузаў яны ўкладваліся на дно кузава. На ГАЗ-АА ставілі чатыры такія лаўкі. У непагадзь кузаў накрываўся тэнтам. Калі на аўтамабілі перавозілі станкавы кулямёт, то колькасць пасадачных месцаў памяншалася на два, а пры перавозцы яго ў баявым палажэнні — на чатыры. Пры неабходнасці грузавік мог перавозіць і зброю: у кузаве ГАЗ-АА размяшчалася палкавая гармата з перадком і разлікам.

ГАЗ-AA і ГАЗ-ММ таксама шырока ўжываліся і ў якасці шасі для спецнадбудоў. У кузавах гэтых машын усталёўвалі буйнакаліберныя кулямёты ДШК, счацвяроныя зенітныя ўсталёўкі «4М», першыя сістэмы запуску турбарэактыўных снарадаў МТВ, а шасі выкарыстоўваліся для палявых рамонтных майстэрняў тыпу А (ПМ-3), палівазапраўшчыкаў БЗ-42, бензаперапампоўваючых станцый БПС, сістэм радыёвыяўлення РУС-1, электрастанцый, аэрадромных стартэраў, аэрастатных лябёдак і інш.

Санітарныя аўтобусы ГАЗ-55 паўсюдна выкарыстоўваліся для перавозкі параненых.

 
Манета Расіі «Ленінград» з выявай палутаркі, якая прарываецца ў блакаду праз возера

Выключна важную ролю ГАЗ-АА сыграў падчас блакады Ленінграда — «палутарка» была асноўным транспартам Дарогі жыцця — лядовай трасы, якая злучала Ленінград з Вялікай зямлёй. Дзякуючы сваёй лёгкай вазе, грузавікі курсіравалі па лёдзе Ладажскага возера да самага пачатку таяння, дастаўляючы грузы ў блакаваны горад, у той час як больш цяжкія машыны правальваліся пад лёд і танулі[5]. Забяспечваючы сувязь абложанага горада з навакольным светам, грузавікі штодня перавозілі ў абодва бакі каля 6 тыс. тон грузаў[22].

На аўтамабілі лягла асноўная нагрузка па дастаўцы ў акружаны Ленінград прадуктаў харчавання і боепрыпасаў і вывазу з яго знясіленых людзей. Толькі ў 1941 годзе было эвакуявана больш за 0,5 млн чалавек, дастаўлена прадуктаў харчавання і фуражу — больш за 271 тыс. тон, боепрыпасаў і ўзбраення — 32 тыс. тон, гаручазмазачных рэчываў — 35 тыс. тон, вугалю — 23 тыс. тон. Усяго — 361 тыс. тон розных грузаў[23].

Эксплуатацыя правіць

У 1932—1950 гадах ў народную гаспадарку краіны і войска паступіла 908.000 стандартных грузавікоў ГАЗ-АА. З іх 40 тысяч былі ў выглядзе шасі для розных спецыяльных установак, ільвіная доля якіх прыйшлася на хлебныя фургоны, пажарныя лінейкі, перасоўныя майстэрні. Яшчэ 37 тысяч машын было сабрана ў выглядзе газагенератарных і газабалонавых версій.

Пасля зняцця з вытворчасці, аўтамабіль яшчэ 5 год знаходзіўся на ўзбраенні Савецкай Арміі[9]. Асобныя экзэмпляры ГАЗ-АА і ГАЗ-ММ эксплуатаваліся аж да 70-х гадоў.

Зноскі

  1. а б в г д "Десять фактов из жизни "Полуторки"". «Комтранс». № 1 (93): 74–77. 2012.
  2. а б http://denisovets.ru/gaz/gazpages/nazaa.html
  3. а б Одиноков, Р. (1998). Полуторка. «Фортуна». {{cite book}}: Шаблон цытавання мае пусты невядомы параметр: |month= (даведка)
  4. http://abw.by/archive/200/v-hronog/ Архівавана 22 мая 2013.
  5. а б в http://old.avtomir.com/cars/garagegrandparent/38/(недаступная спасылка)
  6. Кочнев, Е.Д. (2008). Энциклопедия военных автомобилей. - 2-е изд., Перераб. и доп. М.: ООО «Книжное издательство "За рулем"». pp. 640 с. ISBN 5-9698-0040-6. {{cite book}}: Шаблон цытавання мае пусты невядомы параметр: |month= (даведка)
  7. «ГАЗ-ММ»: спасший миллионы жизней // Автомир : часопіс. — 2010. — № 20. — С. 28.(недаступная спасылка)
  8. а б ГАЗ-АА. «DeAgostini». №79. 2012. ISSN 2071-095X. {{cite journal}}: Адсутнічае або пусты |title= (даведка)
  9. а б http://www.abw.by/archive/519/mv-gaz-aa1/ Архівавана 18 мая 2013.
  10. Дзмітрый Дашко Опрокидка малой механизации // Грузовик-пресс : часопіс. — 2012. — № 3.
  11. а б ГАЗ-ААА // За рулём : часопіс. — 1981. — № 4. — С. 34.
  12. Соколов, М. (2012). Вездеходы СССР 1918–1945 гг. М.: «Эксмо». p. 176. ISBN 978-5-699-58257-0. {{cite book}}: Пададзена больш чым адно значэнне |pages= і |page= specified (даведка); Шаблон цытавання мае пусты невядомы параметр: |month= (даведка)
  13. ГАЗ-05-193 // За рулём : часопіс. — 1981. — № 5–6. — С. 54.
  14. http://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz03195.html
  15. http://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz0330.html
  16. а б ГАЗ-42 // За рулём : часопіс. — 1982. — № 3. — С. 34.
  17. http://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz55.html
  18. ГАЗ-55 // За рулём : часопіс. — 1981. — № 7. — С. 34.
  19. ГАЗ-44 // За рулём : часопіс. — 1984. — № 8. — С. 34.
  20. Падерин И. Полуторка. История ГАЗ-АА во множестве вариантов и фотографий.. — 2012. — С. 63. — 78 с. (руск.)
  21. ГАЗ-ММ // За рулём : часопіс. — 1981. — № 9. — С. 34.
  22. http://lenoblast.bezformata.ru/listnews/pamyatnika-polutorka-virivayushayasya-iz/2674504/ Архівавана 4 сакавіка 2016.
  23. http://voenavto.com/index.php?option=com_content&view=article&id=6:gazaa&catid=13:history&Itemid=27 Архівавана 4 сакавіка 2016. ВаенАўта — У Ніжагародскім Крамлі ўсталяваны помнік легендарнай «паўтаратонцы» ГАЗ-АА (руск.)

Літаратура правіць

  • Одиноков, Р. (1998). Полуторка. «Фортуна». {{cite book}}: Шаблон цытавання мае пусты невядомы параметр: |month= (даведка)
  • Кочнев, Е.Д. (2008). Энциклопедия военных автомобилей. - 2-е изд., Перераб. и доп. М.: ООО «Книжное издательство "За рулем"». pp. 640 с. ISBN 5-9698-0040-6. {{cite book}}: Шаблон цытавання мае пусты невядомы параметр: |month= (даведка)
  • "Десять фактов из жизни "Полуторки"". Часопіс «Комтранс». № 1 (93): 74–77. 2012.

Спасылкі правіць