Гакаўні́ца (чэшск.: hakovnice, ням.: Hakenbuechse) — цяжкая ручная агнястрэльная зброя, якая ўжывалася ў 14—18 ст. Мела пад ствалом ці пад ложам крук гак (адсюль назва), які служыў для гашэння аддачы пры стрэле (гэтым крукам зброя чаплялася за трывалую перашкоду, напрыклад, за верх муру).[1] Калібр 14—24 і да 30 мм.

Гакаўніца з арсеналу крэпасці Шафхаўзен, 1425.

Крукі, якія далі назву тыпу, з'явіліся каля 1400 года, а ў дакументах зафіксаваныя ў 1418 годзе (акты брунсвікскага арсеналу).[2] Гакаўніцы падзяляліся на цяжкія або падвойныя (абслугоўваліся 2 людзьмі; з цяжкіх гакаўніц стралялі абавязкова з апоры) і лёгкія або паўгакаўніцы[3] (абслугоўваліся 1 — 2 людзьмі і называліся таксама ручніцамі)[2].

Ствалы жалезна-каваныя, чыгунна-літыя і інш., нярэдка васьмікантовыя; у тыповай чэшскай гакаўніцы 15 ст. — даўжэйшыя за ствалы заходнееўрапейскіх (30 калібраў). Ствол мацаваўся на драўлянай ложы, пачаткова — прымітыўнай канструкцыі (брус — працяг ствала, або просты брус; з лёгкай гакаўніцы раней стралялі з-пад пахі або кладучы ложа на плячо). Агульная даўжыня лёгкай гакаўніцы 2-й пал. 15 ст. у Польшчы — каля 1 м, калібр 20-25 мм, запальная адтуліна — збоку[4].

Куля гакаўніцы — свінцовая. Стрэл рабіўся распаленым жалезным прутом або кнотам, пазней з'явіліся прасцейшыя кнотавыя замкі[5]. У 17 — 18 ст. гакаўніцы мелі кнотавыя замкі са спружынамі; існавалі гакаўніцы з колавымі і крамянёвымі замкамі.[1]

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. а б Кабельскі, С.179.
  2. а б Кабельскі, С.28.
  3. Кабельскі, С.31.
  4. Кабельскі, С.39.
  5. Кабельскі, С.30.

Літаратура правіць

  • Stanisław Kobielski. Polska broń palna, 1975. — 201 с.: іл.