Галінды (лац.: Galindae, пруск. Galindis) — старажытныя балцкія насельнікі сучаснай тэрыторыі Мазовіі (Польшча).

Галінды
Рассяленне балтаў у X—XII стст.
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Галіндыя
Мова галіндская
Рэлігія політэізм
Блізкія этнічныя групы яцвягі, прусы

Назва правіць

Назва галіндаў найімаверней гідранімічнага паходжання, ад назвы краю *Galinda (Галінда), якая ад не захаванай да сёння рачной назвы тыпу *Galinda.

У рачной назве Галінда корань Gal- звязаны з балцкім гняздом каранёў gal- : gel- : gil- з семантыкай глыбіні, паглыбленасці. Адсюль літоўскае galvis «сажалка на месцы старога рачнога рэчышча», gelmė «глыбіня», gilus «глыбокі»[1]. Назва ракі Галінда значыла «Глыбокая (рака)».

Той жа корань Gal- і ў яцвяжскай назве ракі Голда[pl] (у басейне Нарава), з другой асновай -da ад яцвяжскага *udā «вада, рака»[2].

У галіндскай назве корань пашыраны пашыральнікам -nd-, які таксама ў літоўскіх гідронімах тыпу Gilandė, Krūvanda, Tarandė. Ён выкарыстоўваецца ў літоўскім назва- і словаўтварэнні (lask-ioti «боўтацца, матацца» — lask-ind-a «абадранец»)[3].

Назвы многіх рэгіёнаў, утвораныя ад назваў балцкіх плямёнаў, звязаныя менавіта з гідронімамі, якія найчасцей таксама не захаваліся і не ідэнтыфікуюцца. Назвы Натангія (іншая з прускіх земляў), Нальша, Яцвязь, Судовія (зямля роднасных яцвягам судоваў)[4], Селія[5], Латыголь[6], імаверна і Літва, а таксама назва дагістарычных неўраў, звязваюцца з гідронімамі з асновамі Nat-ang-, Nal-š-, Jat-(а)v-, Sūd-(а)v-, Sel-, Lat-, Liet-(u)v-[7], Nau-r-[8]. Мяркуецца, што на адпаведных рэчках маглі знаходзіцца сакральна-рэлігійныя цэнтры пэўнага рэгіёна (племені).

Гісторыя правіць

Упершыню назву галіндаў (грэч. Γαλίνδαι) узгадваў Пталемей (II ст. н. э.) сярод народаў Усходняй Еўропы. У сярэднявеччы храністы называлі Галіндыю часткай зямель прусаў (зараз тэрыторыя Мазовіі ў Польшчы). Археолагамі выяўлены рэшткі паселішчаў і некропаляў 1 — пач. 2 тыс. н. э., якія сведчаць, што мясцовыя жыхары займалася пераважна земляробствам і паляваннем. У V—VI стст. склаўся даволі развіты культурны цэнтр галіндаў у раёне сучаснага горада Ольштын. Яго насельнікі апрацоўвалі жалеза, бронзу, срэбра, выраблялі складаныя ювелірныя ўпрыгожванні. Ужо ў той час існавала сацыяльная няроўнасць. Галінды гандлявалі з суседнімі землямі. Іх рамесныя вырабы знаходзяць амаль па ўсёй тэрыторыі Прыбалтыкі, Паўночнай і Паўночна-Усходняй Польшчы.

Відавочна, у VII—VIII стст. галінды былі аслаблены сутыкненнямі з суседзямі-балтамі і прыйшоўшымі ў гэтыя краі славянамі, а ў XII ст. або самым пачатку XIII ст. перасяліліся ў землі прусаў і яцвягаў. Пад час заваявання Прусіі тэўтонамі Галіндыя ўжо амаль не мела насельніцтва. Пазней на месца галіндаў прыйшлі каланісты з іншых месц, у тым ліку з Германіі.

Праблема вызначэння правіць

У сучаснай гістарыяграфіі няма адзінага меркавання, ці з’яўляліся галінды асобным народам ад прусаў або яго часткай. Хаця храністы называлі Галіндыю часткай Прусіі, у склад апошняй яны памылкова залічвалі таксама землі яцвягаў. Той факт, што назва галіндаў праіснавала вельмі доўгі гістарычны час, сведчыць пра тое, што яны хутчэй складалі самастойную этнічную еднасць.

Голядзь правіць

Некаторыя паказваюць на блізкасць галіндаў да балцкага племені голядзь, якое існавала да канца XII ст. на тэрыторыі сучаснай Расіі. Часам галіндаў нават называюць заходнімі галіндамі, а голядзь — усходнімі галіндамі. Падабенства назваў сапраўды можа паказваць на адзінства паходжання і больш шырокую тэрыторыю рассялення да ўварвання славян, але ў пач. 2 тыс. н. э. іх культуры ўжо былі досіць рознымі, каб сведчыць пра поўную еднасць.

Мова правіць

Мова галіндаў была непісьменнай і да нашага часу не дайшла. На тэрыторыі Польшчы захаваўся толькі шэраг тапонімаў (Galinde, Galland, Halindy), якія, як мяркуюць, маюць галіндскае паходжанне.

Заўвагі правіць

  1. V. Mažiulis. Prūsų kalbos etimologijos žodynas. Vilnius, 2013. C. 207—208, 239.
  2. K. Būga. Jotvingių žemės upių vardų galūnė -da. // Tauta ir žodis. — 1923. — Т. 1. — С. 100.
  3. P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 101—102.
  4. V. Mažiulis. Prūsų kalbos etimologijos žodynas. Vilnius, 2013. C. 207—208, 296—289, 649, 890.
  5. Топоров В. Н. Еще раз о неврах и селах в общебалтийском этноязыковом контексте (народ, земля, язык, имя). Из истории и.-евр. *neur-: *-nour- и *sel- (неумирающая память об одном балтийском племени) // Балто-славянские исследования. XVII. Москва, 2006. С. 479—482.
  6. K. Karulis. Latviešu etimoloģijas vārdnīca. Rīga, 2001. C. 504—507.
  7. Vanagas A. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius: Mokslas, 1981. — С. 105, 137, 182, 185, 221—232, 295, 319.
  8. Топоров В. Н. Еще раз о неврах и селах в общебалтийском этноязыковом контексте (народ, земля, язык, имя). Из истории и.-евр. *neur-: *-nour- и *sel- (неумирающая память об одном балтийском племени) // Балто-славянские исследования. XVII. Москва, 2006. С. 453—462.

Спасылкі правіць