Бешанковічы

гарадскі пасёлак у Беларусі

Бешанко́вічы[2] (трансліт.: Biešankovičy) — гарадскі пасёлак у Віцебскай вобласці Беларусі, цэнтр Бешанковіцкага раёна. Прыстань на левым беразе ракі Дзвіна. Месціцца за 51 км ад Віцебска, 38 км ад чыгуначнай станцыі Чашнікі на лініі Орша — Лепель. Вузел аўтамабільных дарог на Віцебск, Шуміліна, Лепель, Чашнікі, Сянно.

Гарадскі пасёлак
Бешанковічы
Агульны выгляд Бешанковічаў
Агульны выгляд Бешанковічаў
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Заснаваны
1460
Першая згадка
Гарадскі пасёлак з
Вышыня цэнтра
142 м
Насельніцтва
  • 6 904 чал. (1 студзеня 2024)[1]
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2131
Паштовы індэкс
211361
Аўтамабільны код
2
СААТА
2205551000
Бешанковічы на карце Беларусі ±
Бешанковічы (Беларусь)
Бешанковічы
Бешанковічы (Віцебская вобласць)
Бешанковічы

Назва правіць

Узнікненне бешанкоўскай назвы датуецца першай паловай XIV стагоддзя, калі пры вялікім князю літоўскім Казіміры на ўсходзе і поўдні з абарончымі мэтамі рассяляліся (надзяляліся землямі) літоўскія баяры, і яна была перанесеная перасяленцамі з-пад Ліды, дзе вядомы тапонім Бешанкі.

Пра гэта сведчаць такія назвы ў наваколлі Бешанковічаў, як Бачэйкава, Тарантова, Толміншчына, Рапшына, якія паходзяць ад літоўскіх імёнаў тыпу Bačeika, Taranta, Tolminas, Rapšys, а таксама тапонімы Баяры і Ліцвякі.

Пра час перасялення гаворыць згадка дзяцей і ўнукаў баярына Бачэйкі ў канцы XIV стагоддзя.

Пасяленне літоўскіх баяраў у раёне Бешанковічаў мела радыяльны характар: пасярэдзіне — Толміншчына (адзіная назва ў мясцовасці, якая паходзіць ад прэстыжнага ў раннелітоўскім баярскім асяроддзі двухскладовага імя Tolminas, ад toli «далёка» і mintis «думка»), наўкола — згаданыя адыменныя паселішчы, яшчэ далей — кола паселішчаў, некаторыя з якіх маюць другаснае адназоўнае паходжанне: Гайнаўшчына, Радунь, Лелюкі (цяпер — Люлюкі), а таксама Бешанковічы. Яны прынесеныя з мясцін, дзе на той час захоўвалася літоўскамоўнае насельніцтва: Гайна (ля Лагойска), Радунь, Лелюкі, Бешанкі (усе ля Ліды).

Назва лідскіх Бешанкоў, у сваю чаргу, паходзіць ад балцкага (літоўскага) антрапоніма тыпу Bešys або Bešėnas. Аналагі — балцкія тапонімы Bešiai (Літва, ля Коўна), Bēšoni (Латвія, ля Аглоны)[3].

Падобным чынам утварыўся і тапонім Мерачоўшчына ў басейне Ясельды.

Паводле іншай версіі, тапонім Бешанковічы ўтварыўся ад слова «бешань» — моцная плынь у сярэдзіне ракі[4]. На думку географа В. Жучкевіча, у аснове назвы Бешанковічаў магло быць прозвішча Бешанковіч. Такога прозвішча, аднак, ён не зафіксаваў, і ў сваім «Кароткім тапанімічным слоўніку Беларусі» не падаў[5].

Гісторыя правіць

Вялікае Княства Літоўскае правіць

Паводле падання, спачатку Бешанковічы месціліся вышэй па цячэнні Дзвіны, на левым беразе, на месцы цяперашніх Мількавічаў. Пазней былі перанесены на 6,5 км ніжэй[6].

Паводле гісторыка Аляксея Сапунова, населены пункт упершыню ўпамінаецца ў 1447 годзе, калі вялікі князь «Казімір у памяць выратавання сваёй жонкі ў 20-ы дзень ліпеня ад утаплення загадаў пабудаваць у Беларусі шэсць цэркваў у імя святога Ільі-прарока»[7]. Гісторык Восіп Турчыновіч называе 1460 год, калі «у памяць выратавання каралевы Елісаветы ад утаплення 20 ліпеня ў дзень прарока Ільі Казімір загадаў пабудаваць у Беларусі некалькі цэркваў праваслаўных па берагах рэк Дзвіны, Дняпра і Сажа: у Віцебску, Бешанковічах, Магілёве, Крычаве, Оршы і Чэрыкаве, падараваў гэтым храмам у карыстанне перавозы»[8]. У пачатку XVI стагоддзя вёска Бешанковічы ўваходзіла ў склад Крывінскай воласці Полацкага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага і належала Друцкім-Сакалінскім.

У 1605 годзе Бешанковічы перайшлі да Язерскіх, з 1615 года — у валоданні аршанскага маршалка М. Адравонжа. У 1630 годзе Бешанковічы набыў ваявода віленскі Казімір Леў Сапега, неўзабаве паселішча атрымала статус мястэчка, а ў 1634 годзе магдэбургскае права. Пры Сапегах Бешанковічы разбудаваліся, у мястэчку штогод праводзіліся 2 кірмашы, самы вядомы быў Петрапаўлаўскі, які пачынаўся 29 чэрвеня (дзень святых Пятра і Паўла) і стаяў 4 тыдні. Штогод на яго з’язджалася да 4—5 тысяч чалавек. У 1650 годзе Казімір Леў Сапега збудаваў тут касцёл.

У 1656 годзе пасля смерці Сапегі Бешанковічы перайшлі ў спадчыну яго стрыечнай пляменніцы Ганне Сапега, якая была жонкай Станіслава Нарушэвіча. З канца XVII ст. праз шлюб іх дачкі Яаны Тэадоры з Янам Агінскім Бешанковічы перайшлі ва ўласнасць Агінскім, пры якіх у мястэчку пабудаваны першыя камяніцы. У Паўночную вайну (1700—1721) у 1708 годзе тут размяшчаліся маскоўскія войскі, тры разы мястэчка наведаў маскоўскі цар Пётр I. З сярэдзіны XVIII ст. Бешанковічы — горад (места), у якім было каля 1,5 тысячы двароў; цэнтр ганчарнага і мылаварнага рамёстваў, вырабу гонты; працаваў гасціны двор. Князь Міхал Казімір Агінскі 2 лютага 1762 года выдаў мяшчанам ліст, якім вызваляў іх ад значнай часткі паншчыны, акрамя згону за млын. Міхал Казімір Агінскі збудаваў у горадзе палац, заклаў парк з некалькімі экзотамі, вадаёмамі, гаспадарчымі пабудовамі.

 
Палац Храптовічаў. Напалеон Орда, 1876 г.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Бешанковічы былі падзелены на 2 часткі, задзвінская частка Бешанковічаў з 500 дварамі апынулася ў складзе Расійскай імперыі. Граніца праходзіла па Дзвіне, праз што была пабудавана галоўная мытня. У 1783 годзе Агінскі зрабіў даравальны запіс, паводле якога Бешанковічы сталі ўласнасцю Іахіма Храптовіча. З 1785 года пачаўся эканамічны заняпад Бешанковічаў, прычынай былі некалькі пажараў і перавод галоўнай мытні ў Полацк і Талачын. На 1785 год на частцы Вялікага Княства Літоўскага было 1000 двароў, дзейнічалі касцёл і царква.

Пад уладай Расійскай імперыі правіць

 
Праект царквы, 1863 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бешанковічы цалкам апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Расійскія ўлады панізілі статус паселішча да мястэчка Лепельскага павета Віцебскай губерні; у гэты час больш за чвэрць ягоных жыхароў займаліся толькі сельскай гаспадаркай. У вайну 1812 года з 11 ліпеня да 20 кастрычніка Бешанковічы займалі французскія войскі, некалькі дзён тут месціўся штаб Напалеона. У верасні 1821 года на агляд расійскай гвардыі ў мястэчка прыязджаў расійскі імператар Аляксандр I.

На 1868 год у Бешанковічах 392 будынкі; працавалі народнае вучылішча, 2 гарбарныя заводы, бровар, 115 крам, у наваколлі 17 вадзяных і ветраных млыноў. Ужо ў сярэдзіне XIX стагоддзя галоўныя вуліцы былі брукаванымі. З 1881 года Дзвіной з Улы на Віцебск рэгулярна хадзіў параход, а з 1892 года — 4 параходы. Паводле вынікаў перапісу 1897 года, у мястэчку было 1099 будынкаў. У пачатку XX стагоддзя — 7 мураваных і 1243 драўляныя дамы, пошта, тэлеграф, царкоўна-прыходская школа, 3 народныя вучылішчы, 127 крам, лякарня.

Найноўшы час правіць

26 лістапада 1917 года ўладу ў мястэчку захапілі бальшавікі. Пасля лютаўскага наступлення 1918 года нямецкіх войскаў Бешанковічы апынуліся ў прыфрантавой паласе. У сувязі з заняццем немцамі большай часткі Лепельскага павета яго выканаўчы камітэт часова быў пераведзены ў Бешанковічы.

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бешанковічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня маскоўскія бальшавіцкія ўлады адабралі мястэчка разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР; у Лепельскім (1919—1923) і Бачэйкаўскім паветах (1923—1924).

У 1924 годзе ў выніку першага ўзбуйнення Бешанковічы вернуты ў склад БССР. З 1924 года цэнтр Бешанковіцкага раёна Віцебскай акругі (да 1930 года), з 1938 года — гарадскі пасёлак у Віцебскай вобласці.

У Другую сусветную вайну з 6 ліпеня 1941 года да 25 чэрвеня 1944 года пад акупацыяй Германіі.

7 чэрвеня 1966 года ў мяжу гарадскога пасёлка Бешанковічы ўключана вёска Стрэлка[9].

Насельніцтва правіць

  • 1552 — 34 двары
  • 1750 — 5,5 тыс. чал.
  • 1897 — 4 423 чал.[10]
  • 1939 — 4,3 тыс. чал.[10]
  • 1969 — 4,7 тыс. чал.[10]
  • 2004 — 8,2 тыс. чал.
  • 2008 — 7,9 тыс. чал.
  • 2009 — 7,9 тыс. чал.
  • 2010 — 7,3 тыс. чал.
  • 2016 — 6 701 чал.[11]
  • 2017 — 6 647 чал.[12]

Эканоміка правіць

Прадпрыемствы лёгкай (ільнозавод), харчовай прамысловасці (малочны завод), камбінат будматэрыялаў. Вядомыя як цэнтр традыцыйных ганчарных вырабаў, так званай бешанковіцкай керамікі (фабрыка мастацкіх вырабаў). Гасцініца (вул. Камуністычная, 22). Дом паляўнічага.

Культура і адукацыя правіць

Дзейнічаюць Бешанковіцкі гісторыка-краязнаўчы музей і сярэдняя школа.

Славутасці правіць

 
Свята-Ільінская царква
 
Пантонны мост

Страчаная спадчына правіць

Вядомыя асобы правіць

Заўвагі правіць

  1. Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаБелстат, 2024.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
  3. Алесь Мікус. Адкуль Бешанковічы // Arche. № 2. 2021. Стар. 50-53.
  4. Архіўная копія (руск.)(недаступная спасылка). Бешенковичский районный исполнительный комитет. Архівавана з першакрыніцы 26 мая 2012. Праверана 8 снежня 2022.
  5. Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Мн., 1974. Стар. 27-28.
  6. Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Бешанковіцкага раёна / БелСЭ; [Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Мастак А. М. Хількевіч]. — Мн.: БелСЭ імя П. Броўкі, 1991. — 423 с.: іл. — С. 18. — ISBN 5-85700-053-X.
  7. Витебская губерния: историко-географический и статистический обзор / Сост. по программе и под ред. В. М. Долгорукова. Вып. 1: История. Природа. Население. Просвещение. — Витебск: Губернская типография, 1890. — [2], 387 с., [16] л. ил., цв. карт. — С. 32.
  8. Турчинович, И. В. Обозрение истории Белоруссии с древнейших времен / сочинение О. Турчиновича. — СПб.: издание В. А. Исакова, 1857. — XII, 303 с. — С. 115.
  9. Рашэнне выканкома Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 7 чэрвеня 1966 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1966, № 22 (1142).
  10. а б в Беларусь: Энцыклапедычны даведнік / Рэдкал.: Б. І. Сачанка і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  11. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  12. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.

Літаратура правіць

  • Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Долготович Б. Д. Почётные граждане белорусских городов: биограф. справочник / Б. Д. Долготович. — Мн.: Беларусь, 2008. — С. 71—72. — 368 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-01-0784-8. (руск.)

Спасылкі правіць