Гаралае Балота — гістарычны раён Гомеля, на месцы якога цяпер знаходзіцца вуліца Перамогі. Тут было сапраўднае балота з густымі зараснікамі балотных раслін і хмызняку. Па балоце людзі ездзілі на лодках, выкарыстоўваючы яго як сродак зносін паміж маленькімі крывымі вулачкамі. Галоўнай сярод іх была Паштовая.

Меркаваны абшар раёна Гарэлае Балота (паводле плана 1910 г.).
Меркаваны абшар раёна Гарэлае Балота (паводле плана 1910 г.).

Дакладныя межы раёна акрэсліць праблематычна, бо ў краязнаўчых апісаннях пачатку ХХ ст. яны не ўказваліся[1]. Аднак з улікам іншай назвы раёна — Палескі пераезд[1] — і асаблівасцямі размяшчэння ўласна балота (планы Гомеля 1910, 1913 гг.[2][3]) можна меркаваць, што ён знаходзіўся ў акрэсе вул. Палескай, адрэзках вул. Магілёўскай, Паштовай, Генеральскай, Вакзальнай і ўчастка Лібава-Роменскай чыгункі ад вакзала да Палескага пераезда. Апроч іх да раёна адносіліся вул. Паваротная (Гусеўская), Веткаўская, Балотная, Безыменная, адрэзкі вул. Рагачоўскай, Артылерыйскай, Гімназічнай, Мінскай, Лібаўскай і завул. Слясарны[2][3].

Гісторыя правіць

У XIX — пачатку XX стагоддзя Гарэлае Балота было сапраўдным балотам, назва якога фіксуецца не пазней за 1838 г.[4] Але ў дагістарычныя для горада часы на яго месцы было вялікае возера — верагодны пасляледніковы вадаём. Пясчаныя асадкавыя пароды, прынесеныя ў апошнюю ледавіковую эпоху, лёгка вымываліся некалькімі ручаямі або невялікімі рэчкамі, якія выцякалі з возера. 3 цягам часу рэчышчы гэтых вадатокаў ператварыліся ў значныя яры, асабліва глыбокія і крутыя на схілах высокага правага берага ракі Сож.

У 1911 г. мясцовасць вызначалася як «прыстойна распланаваная» і забудаваная добрымі дамамі, у некаторых з якіх мелася тэлефонная сувязь, але на вуліцах панавала жудасная гразь, вялікія лужыны гнілой вады не знікалі з некаторых вуліц нават улетку[1][5]. Уласна балота, як і стаўленне дя яго жыхароў раёна, каларытна апісваліся краязнаўцамі канца ХІХ — пачатку ХХ ст. Апісанне 1884 г.[6]

Адным бокам горад прылягае да смярдзючага балота, якое мае ці не вярсту ў перыметры, дзе, што ў сухмень, што ў дождж, заўсёдна пануюць шкодныя выпарэнні; але цэлыя статкі свіней знаходзяць там сабе цудоўную купальню.

Апісанне 1911 г.[1]:

Тут жа, амаль у цэнтры горада, шырокае «гарэлае балота» густа парасло хмызняком, асакой, трыснягом. У ім купаюцца свінні, качкі, гусі, бабы палошчуць бялізну, дзятва ловіць чарапах! Абывацелі так ужо зрадніліся са сваім балотам, так прызвычаіліся да спеву жаб, што калі б «Гарэлае балота» высахла, яны абавязкова пашкадавалі б аб ім.

Нягледзячы на тое, што на планах Гомеля 1910 і 1913 гадоў паўднёва-ўсходні канец балота ўпісваецца ў кут вул. Мінскай і Гімназічнай, яно часам перасягала гэтую адзнаку і праяўлялася нават на скрыжаванні вул. Генеральскай з Гімназічнай: у чэрвені 1911 года, без увагі на спёку звыш за +30 °C, там стаяла балота, дарма што распараджэннем гарадской управы мясціну адмыслова закладалі лазой[7].

Станам на 1913 год у меркаваным абшары раёна знаходзіліся таварная станцыя, фанеры завод Генахава і Хазанава, маслабойня Яшпана і Гурвіча, мукамольня З. Б. Пеўзнера ( з «узорнай паравой хлебапякарняй» і хлебнай крамай пры ёй[5]), будынкі 2-га рускага грамадскага сходу («общественного собрания») і яўрэйскага малітоўнага дома «Рош-Піно»[3].

У час Першай сусветнай вайны на базе фанернага завода Генахава размясціўся эвакуіраваны ў Гомель Варшаўскі гарадскі арсенал[8].

У перыяд Вялікай Айчынай вайны з’яўлялася месцам звоза падбітай тэхнікі. Пасля вайны было высушана і на яго месцы пабудаваны вуліца Перамогі (сёння — праспект Перамогі; часткова супадае з колішняй вул. Паштовай) і вакзал.

Галерэя правіць

Зноскі

Спасылкі правіць