Докшыцы

горад у Беларусі
(Пасля перасылкі з Горад Докшыцы)

До́кшыцы[2] (трансліт.: Dokšycy) — горад у Віцебскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Докшыцкага раёна, у вярхоўях р. Бярэзіна. Размешчаны за 200 км ад Віцебска, 12 км ад чыгуначнай станцыі Параф’янава на лініі Маладзечна — Полацк, аўтамабільнымі дарогамі злучаны з Вілейкай, Ушачамі, Глыбокім, Лепелем і Бягомлем. Насельніцтва 6 827 чал. (2017)[3].

Горад
Докшыцы
Вуліца цэнтральнай часткі Докшыцаў
Вуліца цэнтральнай часткі Докшыцаў
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Першая згадка
Вышыня цэнтра
204 м
Насельніцтва
  • 6 759 чал. (1 студзеня 2023)[1]
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2157
Паштовы індэкс
211720
Аўтамабільны код
2
СААТА
2221501000
Афіцыйны сайт
Докшыцы на карце Беларусі ±
Докшыцы (Беларусь)
Докшыцы
Докшыцы (Віцебская вобласць)
Докшыцы

Назва правіць

Назва Докшыцы балцкага адыменнага паходжання.

Паходзіць ад антрапоніма тыпу літоўскага Dakšas, Dokšas, латышскага Dakša. Корань Dak-, які тут з антрапанімічным фармантам -š-, таксама ў антрапоніме Dakanis. Яны звязаныя з літоўскім dakyti, dakanoti «трапаць, растрэпваць; дзерці, раздзіраць»[4].

Паходжанне назвы Докшыцы ад балцкага антрапоніма падтрымліваў В. Жучкевіч. Ён падаваў беларускія прозвішчы балцкага паходжання Докаш, Докіш і тлумачыў іх праз значэнне «лахманы»[5].

Антрапонім тыпу Dakšas значыў «растрэпа» (неахайны чалавек).

Такім самым чынам утварыліся і назвы Смаргонь і Кушляны — ад антрапонімаў Smurgis «смаркач» (хто сморкаецца) і Kušlys «сляпец» (хто падслепаваты).

Докшыцкую назву таксама звязвалі з прускімі тапонімамі Dexiten, Dechsen[6][7].

Таксама існуе зусім адвольнае меркаванне, што назва Докшыцы ўтварылася ад кельцкага «док» — месца малацьбы[8].

У прывілеях вялікіх князёў (на лаціне) згадваюцца як Doxiczane[9], так зборна называліся докшыцкія жыхары («дакшычане»).

Гісторыя правіць

Перыяд Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай правіць

Докшыцы ўзніклі не пазней за XIV ст., як сяло ў складзе Харэцкай воласці, частка якой належала віленскаму ваяводзе Войцеху Манівіду, удзельніку Грунвальдскай бітвы. Упершыню Докшыцы ўзгадваюцца ў грамаце вялікага князя літоўскага Вітаўта, выдадзенай 13 студзеня 1407 г. у Вільні. У ёй Манівід атрымаў пацверджанне на сёлы і сялян-даннікаў у Харэцкай воласці, сярод якіх названы даннікі «доксычане» (doxyczane). Пасля смерці Манівіда (1423) Докшыцы перайшлі да яго сына Яна (Івашкі) Манівідавіча, у 1485 г. — да Войцеха, сына Яна (Івашкі). Пасля яго смерці (1475) спадкаемцамі манівідавай спадчыны сталі дзве сястры — Ядвіга (жонка Алехны Судзімонтавіча) і Соф’я (жонка Мікалая Радзівілавіча). Пры падзеле спадчынай уласнасці частка двароў у Докшыцах дасталася Ядвізе, частка — Соф’і.

У далейшым Докшыцы зведалі яшчэ большае драбленне паміж уласнікамі. Доля Ядвігі адышла да яе дачкі Соф’і, якая ў канцы XV ст. выйшла замуж за князя Аляксандра Юр’евіча Гальшанскага, а пасля смерці (1517) была падзелена паміж чатырмя яе дочкамі і сынам Паўлам, віленскім біскупам. З іх доля ў Докшыцах дасталася Ганне Гальшанскай (жонка Мікалая Юр’евіча Паца), потым яе сынам. Доля ж Соф’і Радзівілавай перайшла да яе чатырох сыноў — Мікалая, Яна, Юрыя і Войцеха. Пасля смерці апошняга з іх (1519) адбыўся чарговы падзел уладанняў. Частка даннікаў з Докшыц адышла да старэйшага з братоў — Мікалая Мікалаевіча Радзівіла, пазней віленскага ваяводы (памёр у 1521 г.). Яго спадкаемцамі сталі жонка Альжбета і тры сыны — Мікалай, Ян і Станіслаў, якія ў 1526 г. падзялілі бацькоўскія ўладанні.

У 1536 г. сярод спадчыны Мікалая Мікалаевіча Радзівіла ўспамінаюцца «докшыцкія людзі», памер іх штогадовай даніны складаў 36 пудоў мёду. З трох братоў Радзівілаў апошні, Ян, памёр у 1542 г., пасля чаго гэтага частка Докшыц перайшла ва ўласнасць трох яго дачок. Да 1565 г. дзве з іх памерлі бяздзетнымі. Бацькоўская спадчына адышла да трэцяй сястры — Ганны, якая была жонкай (з 1554 г. удавой) Станіслава Пятровіча Кішкі. У 1560 г. ёй належалі 48 двароў (службаў) у Докшыцах, дзе ў той час ужо існавала царква.

Род князёў Гальшанскіх, уладальнікаў судзімонтаўскай часткі Докшыц, згас са смерцю біскупа Паўла ў 1555 г. Спадчына адышла да нашчадкаў па жаночай лініі. Імі сталі дзве дачкі Ядвігі Гальшанскай ад шлюбу з Янам Літаворам Храбтовічам, а таксама дзеці Ганны Гальшанскай. Судзімонтаўская спадчына была падзелена паміж імі на невялікія долі. Адзін з сыноў Ганны Гальшанскай і Мікалая Паца, Дамінік, у 1557 г. прадаў частку даннікаў «на Руси в Довкишчах» Станіславу Садоўскаму, служэбніку Ганны Кішчынай. Апошняя ў красавіку 1560 г. купіла долю Садоўскага ў Докшыцах за 300 літоўскіх грошай, а праз шэсць месяцаў падаравала докшыцкіх даннікаў («отчизных» і купленных «на вечность») служэбніку Пятру Скалдзіцкаму. У 1561 г. Ганна набыла ў Станіслава Мікалаевіча Паца са згоды яго братоў Мікалая, Дамініка і Паўла («маючи от всее братии моц») іх долю ў Докшыцах, якая налічвала «полтори службы» людзей. Заставалася яшчэ адна частка Докшыц, што належала сястры Ганны Гальшанскай Ядвізе, потым дачцэ апошняй Ганне і яе мужу Юрыю Осціку. У 1569 г. іх сын Мікалай Юр’евіч Осцік падараваў гэту частку Докшыц свайму зяцю, князю Льву Сангушку-Кашырскаму. Далейшы след яе не прасочваецца.

Паводле адміністрацыйнай рэформы, якая была праведзена ў Вялікім Княстве Літоўскім (1565—1566), Докшыцы ўваходзілі ў склад Менскага павета. У час Інфлянцкай вайны (1558—1582) ваколіцы Докшыц з’яўляліся адной з апорных баз войск Рэчы Паспалітай. Пасля смерці (1600) Ганны Кішчынай Докшыцы належалі яе сыну Станіславу Кішку (памёр у 1617 г.), а фактычна сынам апошняга. З іх Станіслаў Станіслававіч Кішка (каля 1577 — 1626) перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва і пазней стаў жамойцкім біскупам, у 1608 г. ён заснаваў у Докшыцах драўляны касцёл і падараваў яму фальварак Туркі.

У 1621 г. Докшыцы атрымалі статус мястэчка, а ў 1622 г. Станіслаў Кішка падараваў асноўную яго частку (на правым беразе р. Бярэзіна) з навакольнымі вёскамі Дамашы і Таргуны капітулу жамойцкага біскупства. Левабярэжную частку Докшыц у сярэдзіне XVIII ст. набыў у спадкаемцаў Кішкаў менскі кашталян Юдзінскі, які потым прадаў яе Антонію Гутаровічу.

У час вайны (1654—1667) Докшыцы моцна пацярпелі. У 1655 г. праз беларускія землі па лініі Слуцк — Менск — Докшыцы — Дзісна планавалася правесці мяжу паміж Масквой і Швецыяй, але маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч адмовіўся ад прапановы шведскага боку. У Паўночную вайну (1700—1721) Докшыцы ў 1708 г. апынуліся на шляху руху шведскага корпуса генерала А. Левенгаўпта. Шведы спалілі мястэчка і касцёл. У 1745 г. пачалося будаўніцтва новага касцёла (асвячоны у 1753 г.), пры якім у 1781 г. са згоды Папы Рымскага Пія VI пачало працаваць брацтва св. Тройцы.

У складзе Расійскай імперыі правіць

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Докшыцы былі далучаны да Расійскай імперыі, сталі цэнтрам Докшыцкага павета. У 1795 г. яны атрымалі статус горада, 22 студзеня 1796 г. — герб: у зялёным полі два ўзгоркі, на якіх ляжаць збаны, з іхніх гарлавін цякуць сярэбраныя крыніцы, якія адзначаюць рэкі Вілію і Бярэзіну. З 1797 г. Докшыцы ў складзе Барысаўскага павета Мінскай губерні, заштатны горад, які хутка зноў стаў называцца мястэчкам. Уладанні жамойцкага біскупства, канфіскаваныя расійскім урадам, былі перададзены генерал-маёру расійскіх войск В. Мілашэвічу.

У 1800 г. мястэчка налічвала 152 двары, з якіх Мілашэвічу належалі 106 (35 хрысціянскіх і 71 яўрэйскіх), 42 двары (у тым ліку 12 яўрэйскіх) складалі частку ўдавы Людвігі Гутаровічавай і называліся Докшыцкай Слабадой. Яшчэ 4 двары былі заселены чыншавай шляхтай і належалі плябаніі мясцовага касцёла. Усяго насельніцтва складала 1118 чал. (507 мужчын і 611 жанчын). У мястэчку існавалі яўрэйская школа і 2 уніяцкія царквы (па адной у частках Мілашэвіча і Гутаровічавай), якія ў 1843 г. былі ператвораны ў праваслаўныя. У Докшыцах штогод праводзіўся кірмаш у дзень Святой Тройцы, у Докшыцкай Слабадзе — у дзень Узвіжання Святога Крыжа.

 
Сядзіба. А. Адам, 1812

Маёнтак Мілашэвіча ахопліваў шэраг навакольных вёсак (Валасатку, Вецяры, Плітніцу, Таргуны і інш.). Пазней ён быў вернуты ў скарб. У 1812 г. скарбавая частка мястэчка налічвала 99 двароў. Докшыцкая Слабада (Лісоўшчына) была ў той час уласнасцю Ігнацыя і Бенядзікта Пяткевічаў. У час вайны 1812 года праз Докшыцы ў ліпені прайшлі войскі віцэ-караля Італіі Я. Багарнэ, а ў кастрычніку — адступаючыя часткі корпуса генерала К. Ф. Врэдэ, якія разрабавалі мястэчка. У час паўстання 1830-31 у красавіку — маі 1831 г. каля Докшыц адбыліся баі вілейскіх паўстанцаў С. Радзішэўскага з царскімі войскамі.

У 1824 г. у мястэчку дзейнічала суконная майстэрня Давіда Шапіры. У ёй працавалі тры майстры і чатыры рабочыя, якія абслугоўвалі 2 ткацкія станкі. Д.Шапіру (купцу 3-й гільдыі) належалі ў Докшыцах 3 крамы. Пасля скасавання прыгоннага права ў 1861 г. Докшыцы сталі цэнтрам аднайменнай воласці. У 1863 г. тут была пабудавана новая праваслаўная царква на сродкі, адпушчаныя ўрадам. У склад прыхода акрамя праваслаўных вернікаў Докшыц уваходзілі жыхары навакольных вёсак Альхоўка, Валасатка, Дамашы, Загарані, Кожына, Козікі, Крыкуны, Лапуты, Лаці, Плітніца, Свіное, Таргуны, Туркі і Янкі.

У 1868 г. у Докшыцах пражывала 1613 жыхароў (801 мужчына і 812 жанчын), у тым ліку 310 праваслаўных, 241 католік, 12 магаметан, 1050 яўрэяў, сярод месцічаў — 62 рамеснікі; меліся 1 мураваны і 266 драўляных дамоў, мураваная царква, драўляны касцёл, 4 яўрэйскія малітоўныя дамы, 22 лаўкі, 17 шынкоў, 3 бровары і паравы млын. У Докшыцах штотыднёва праходзілі кірмашы (больш значныя праводзіліся ў аўторак на масленічным тыдні і ў свята Прачыстай 15 жніўня), на якіх пераважна прадаваліся азімае і яравое збожжа, лён, буйная рагатая жывёла, коні розныя тавары і інш.

Да 1870-х гг. у Докшыцах дзейнічалі магістрат (ратуша) і дума (потым — гарадское спрошчанае кіраванне), у 2-й палове 19 ст. размяшчаліся валасное праўленне, кватэра прыстава 3-га стана Барысаўскага павета, паштовая станцыя, працавала народнае вучылішча. На працягу XIX ст. канчаткова сфармавалася вулічная сетка Докшыц (цэнтральныя Барысаўская, Даўгінаўская, Глыбоцкая і Полацкая вуліцы, да іх прымыкалі — Ветраная, Сянная, Татарская і інш.). У канцы 19 ст. ў Докшыцах пачалі дзейнасць пазыка-ашчаднае і пажарнае таварыствы.

Паводле перапісу насельніцтва 1897 года ў Докшыцах пражывала 3642 жыхары (у 1904 г. — 4103), сярод якіх 119 дваран, 6 святароў, 30 купцоў, 3124 мешчаніны, 337 сялян, 14 іншаземцаў. Па веравызнанні — 439 праваслаўных, 1 старавер, 361 католік, 4 пратэстанты, 75 магаметан, 2762 іўдзеі. Агульная пісьменнасць жыхароў складала 40,6 % (усяго па губерні — 17,8 %). У 1904 г. ў Докшыцах налічвалася 435 драўляных і 1 мураваны дамоў, 2 гасцініцы, 2 сукнавальні (працавалі 3 рабочыя), 1 аптэка і 2 аптэкарскія крамы. З 1902 г у Докшыцах працавала 2-класнае пачатковае вучылішча (з 1907 г. — 4-класнае, з 1913 г. — вышэйшае пачатковае).

У пачатку XX ст. ў Докшыцах і наваколлі была вядома батлейка Патупчыка (асабліва папулярнымі з’яўляліся пастаноўкі «Мікіта» і «Земскі Арскі»).

Першая сусветная і Грамадзянская вайна правіць

У час Першай сусветнай вайны Докшыцы былі прыфрантавым горадам (а ў верасні 1915 г. ненадоўга займаліся германскімі войскамі). У снежні 1917 г. у Докшыцах была ўсталявана савецкая ўлада. У лютым — лістападзе 1918 г. горад акупаваны германскім войскамі. У сакавіку 1918 г. Докшыцы ўваходзяць у склад абвешчанай БНР. З 20 жніўня 1919 да ліпеня 1920 гг. Докшыцы былі заняты польскімі войскамі. Докшыцы з ваколіцамі былі зонай баявых дзеянняў пад час бітвы на Бярэзіне (1920).

У складзе Польскай Рэспублікі (1921—1939 гг.) правіць

Паводле Рыжскага мірнага дагавора (1921) Докшыцы знаходзіліся ў складзе Польскай Рэспублікі, з’яўляліся цэнтрам гміны Дзісенскага павета Віленскага ваяводства. У 1924—1939 гадах на тэрыторыі Докшыцкай гміны дыслакавалася 4-я памежная рота «Докшыцы».

Перыяд Беларускай ССР правіць

З 1939 г. Докшыцы ў складзе БССР, у Вілейскай вобласці, 3,6 тыс. жыхароў. 15 студзеня 1940 г. Докшыцы афіцыйна атрымалі статус горада, сталі цэнтрам раёна.

Вялікая Айчынная вайна правіць

У Вялікую Айчынную вайну Докшыцы з 9 ліпеня 1941 г. былі акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі ў горадзе і раёне 4931 чал. У Докшыцах стаяў вайсковы гарнізон, які неаднаразова падвяргаўся нападу партызан. 29 мая 1942 г. было ліквідавана гета з 2653 чал. яўрэйскай нацыянальнасці[10]. Горад вызвалены 2 ліпеня 1944 г.

Пасляваенны перыяд правіць

У снежні 1962 — студзені 1965 гг. Докшыцы ўваходзілі ў склад Глыбоцкага раёна. У 1959 г. тут пражывала 2,1 тыс. жыхароў, у 1971 г. — 3,9 тыс.

Насельніцтва правіць

  • XVIII стагоддзе: 1800 год — 1 118 чал.
  • XIX стагоддзе: 1868 год — 1 613 чал.; 1897 год — 3 642 чал, з іх паводле стану 119 шляхты, 6 духоўнага стану, 30 купцоў, 3 124 мяшчан, 337 сялян, 14 іншаземцаў; паводле веры 439 праваслаўных, 361 каталік, 1 старавер, 4 пратэстанты, 75 магаметанаў, 2 762 іўдзеі.
  • XX стагоддзе: 1904 год — 4 103 чал.; 1921 год — 3 004 чал.; 1939 год — 3,6 тыс. чал.; 1959 год — 2,2 тыс. чал.; 1971 год — 3,9 тыс. чал.; 1991 год — 7,2 тыс. чал.[11]; 1993 год — 7,4 тыс. чал.[12]
  • XXI стагоддзе: 2004 год — 7,0 тыс. чал.; 2006 год — 6,9 тыс. чал.[13]; 2008 год — 6 912 чал.; 2009 год — 6 628 чал. (перапіс)[14]; 2016 год — 6 906 чал.[15]; 2017 год — 6 827 чал.[3]

Эканоміка правіць

Прадпрыемствы харчовай прамысловасці.

  • КУВП «Докшыцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў»
  • Докшыцкі філіял ААТ «Лепельскі МКК»
  • Філіял «Докшыцкі хлебазавод» РУВП «Віцебскхлебпрам»

Ахова здароў'я правіць

У горадзе дзейнічае Докшыцкая раённая цэнтральная бальніца.

Транспарт правіць

Праз Докшыцы праходзяць аўтамабільныя дарогі Р3 (Лагойск — Глыбокае — граніца Латвіі), Р29 (Ушачы — Вілейка) і Р86 (Багушэўск (ад М8) — Лепель — Мядзел).

Места мае рэгулярнае аўтобуснае злучэнне з Мінскам, Віцебскам і інш.

Культура правіць

Дзейнічаюць гарадскі цэнтр культуры, дом рамёстваў, 2 бібліятэкі.

У горадзе праводзіцца «Фестываль дзвюх рэк»[16].

Адукацыя правіць

У Докшыцах працуюць:

  • сярэдняя школа № 1 г. Докшыцы;
  • сярэдняя школа № 2 г. Докшыцы;
  • яслі-сад № 1 г. Докшыцы;
  • яслі-сад № 2 г. Докшыцы;
  • яслі-сад № 3 г. Докшыцы;
  • яслі-сад № 4 г. Докшыцы;
  • ДУДА «Докшыцкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі».

Мас-медыя правіць

У месце выдаецца раённая газета «Родныя вытокі».

Забудова правіць

Генеральны план Докшыц (1977) улічвае захаванне гістарычнага планавання. Асноўная тэрыторыя горада знаходзіцца на правым беразе Бярэзіны. Тут размяшчаецца адміністрацыйна-грамадскі цэнтр. Забудова пераважна 1-павярховая, ёсць групы 2—3-павярховых секцыйных будынкаў. З 2010-х гадоў пачалося пашырэнне горада праз пабудову 4-х павярховых дамоў.

Турыстычная інфармацыя правіць

У Докшыцах дзейнічае дом рамёстваў (у колішняй драўлянай царкве Св. ап. Іаана Багаслова). Спыніцца можна ў гасцініцы «Докшыцы».

Славутасці правіць

Страчаная спадчына правіць

Галерэя правіць

Вядомыя асобы правіць

Зноскі правіць

  1. Численность населения на 1 января 2023 г. и среднегодовая численность населения за 2022 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаНациональный статистический комитет Республики Беларусь, 2023.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
  3. а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  4. Lietuvių pavardžių žodynas. A-K. Vilnius, 1985. C. 447—448, 510.
  5. В. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 104.
  6. Т. Кашкурэвіч. Касмаграфія і тапаграфія ў крыўскіх легендах пра камяні-краўцы ды пра паходжанне рэк Вялля (Нярыс) і Бярэзіна // Druvis. № 1. 2005. С. 43.
  7. В. Н. Топоров. Прусский язык. A-D. Москва, 1975. С. 326.
  8. Докшыцкі раён (руск.)(недаступная спасылка). Витебский областной исполнительный комитет (28 лістапада 2010). Архівавана з першакрыніцы 10 мая 2012. Праверана 6 кастрычніка 2015.
  9. В. Насевіч. У складзе Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Докшыцкага раёна / Рэдкал. Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]; уклад. А. В. Скараход; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2004.
  10. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 1с/р-370. — Воп. 1. — Спр. 483. — Л. 15.
  11. Докшицы // Большой энциклопедический словарь (руск.) / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. — ISBN 5-85270-262-5.
  12. Вячаслаў Насевіч. Докшыцы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 267.
  13. Докшицы // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
  14. Перепись населения — 2009. Витебская область Архівавана 18 верасня 2010. (руск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  15. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  16. Фестиваль двух рек. (руск.) 12 жніўня 2022. Сайт Докшыцкага раённага выканаўчага камітэта
  17. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — С. 239.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць