Гросуатэр (культура)

Культура Гросуатэр (англ.: Groswater culture) — археалагічная культура палеаэскімосаў, якая ў сярэдзіне III тысячагоддзя да н. э. — пачатку II тысячагоддзя да н. э. ахоплівала ўзбярэжжа паўвострава Лабрадор і вострава Ньюфаўндленд.

Гросуатэр
Каменны век
Геаграфічны рэгіён Паўночная Амерыка
Лакалізацыя Ньюфаўндленд і Лабрадор, Квебек
Датаванне сярэдзіна III тысячагоддзя да н.э. — пачатак II тысячагоддзя да н.э.
Носьбіты палеаэскімосы
Тып гаспадаркі паляванне, рыбалоўства
Пераемнасць
Індэпэндэнс I Дорсет (культура)

Даследаванне правіць

Культура Гросуатэр у якасці самастойнай была вызначана амерыканскім археолагам Вільямам Фіц'ю на аснове знаходак на астравах заліва Гросуатэр на паўвостраве Лабрадор.

Паходжанне правіць

Першыя палеаэскімосы з'явіліся на поўначы Лабрадора ў першай палове 3 тысячагоддзя да н. э. і, відавочна, належалі да культуры Індэпэндэнс I. У другой палове 3 тысячагоддзя да н. э. пачалося распаўсюджванне носьбітаў культуры Гросуатэр, якія выціснулі з узбярэжжа індзейцаў, прадстаўнікоў Марской архаічнай культуры. Яе пачатак і фарміраванне пакуль застаюцца спрэчнымі. Археолагі мяркуюць, што з'яўленню гросуатэрцаў папярэднічаў перыяд змяньшэння колькасці насельніцтва ў выніку кліматычных зменаў. Яны ў роўнай ступені могуць быць нашчадкамі носьбітаў Індэпэндэнс I і мігрантамі з поўначы.

Матэрыяльная спадчына правіць

Асноўным заняткам палеаэскімосаў культуры Гросуатэр была здабыча марскіх сысуноў, у першую чаргу ластаногіх. Разам з гэтым, яны палявалі на марскіх птушак, наземных звяроў, займаліся рыбалоўствам і збіральніцтвам. На поўначы вострава Ньюфаўндленд былі знойдзены мікралітычныя прылады працы, у тым ліку скрэблы, лёзы гарпуноў, нажы, сякеры і г. д. Гросуатэрцы па-майстэрску апрацоўвалі крэмень і косць.

Для палеаэскімосаў Гросуатэр былі характэрны сезонныя перамяшчэнні. Так, раскопкі на поўначы Ньюфаўндленда арганізаваны на месцы летніх стаянак, дзе вялася здабыча цюленяў. Стаянкі ўяўлялі сабою часовыя паселішчы, што складаліся з некалькіх аднакамерных круглявых зямлянак дыяметрам 3 м — 3,25 м. Яны ўзводзіліся на прыморскіх тэрасах. Падлога ў іх была роўнай, крыху ніжэй за паверхню навакольнага грунту. Агменем знутры не карысталіся. Паглыбленні з тоўстым пластом попелу былі знойдзены непадалёк. Відавочна, насельнікі зямлянак на гэтым месцы рабілі першасную перапрацоўку здабычы. Сцены стаялі на вапняковым падмурку. Уваход рабіўся з боку акіяна. Знутры жытлы асвятляліся з дапамогай каменных свяцілень, якія запраўлялі тлушчом.

Знікненне правіць

Каля 1900 г. да н. э. паселішчы культуры Гросуатэр пачынаюць знікаць. Пазней на іх месцы з'явіліся прадстаўнікі палеаэскімоскай культуры Дорсет. Некаторыя даследчыкі звязваюць знікненне з новымі кліматычнымі зменамі і наступам індзейцаў Марской архаічнай культуры. Існуе таксама версія асіміляцыі з боку носьбітаў Дорсет. Раскопкі на Лабрадоры паказваюць, што дзве палеаэскімоскія культуры маглі суіснаваць у адзін час.

Спасылкі правіць