Давыд Гарадзенскі

староста гарадзенскі, вялікалітоўскі палкаводзец

Давыд (каля 12831326) — староста гродзенскі, военачальнік вялікага князя літоўскага Гедзіміна.

Давыд Гарадзенскі
Нараджэнне 1283
Смерць 1326
Дзеці Патрыкей Давыдавіч
Дзейнасць арыстакрат, палкаводзец
Званне ваявода

Біяграфія правіць

Паходжанне невядома. На думку Васіля Тацішчава, быў сынам пскоўскага князя Даўмонта і гэта меркаванне пашырана, але пацвярджэнняў гэтаму няма. У нямецкіх хроніках называецца кашталянам або старостам Гарадзенскага замка, у Пскоўскім летапісе — князем.

Упершыню Давыд згадваецца ў хроніцы Пятра Дусбурга пад 1314 годам, калі ўзначальваў паспяховую абарону Новагародка ад ордэнскага нападу. У 1319 годзе ўзначальваў паход вялікалітоўскага войска супраць Ордэна ў Прусію. У 1323 годзе двойчы прыходзіў на дапамогу Пскову супраць Ордэна ў Лівоніі, а таксама ўзначальваў паход у Добжынскую зямлю супраць Ордэна ў Прусіі. У 1324 годзе крыжаносцы знішчылі яго маёнтак Давыдзішкі ў Літве. У 1324 годзе вадзіў вялікалітоўскае войска ў Мазовію. У 1326 годзе на дапамогу польскаму каралю Уладзіславу Лакатку ў паход супраць маркграфства Брандэнбургскага, дзе быў забіты ў мазавецкім рыцарам Анджэем Гостам. Паводе адной з версій, Гост мог быць падкуплены крыжакамі[1]. Паводле іншай, гэта мог быць паядынак адзін на адзін у выніку нейкай спрэчкі[2].

У літаратуры ўкаранілася легенда аб тым, што Давыд быў непераможны ў бітвах з крыжакамі, хоць у Хроніцы Пятра з Дусбурга ёсць інфармацыя аб адбітай у атрада Давыда здабычы.

Паводле Мацея Стрыйкоўскага, быў жанаты з дачкой вялікага князя Гедзіміна.

Паводле папулярнай гарадской легенды мог быць пахаваны ў Гродне каля Барысаглебскай (Каложскай) царквы.

Памяць правіць

 
Помнік Давыду Гарадзенскаму каля Каложскай царквы

Імём Давыда Гарадзенскага названая вуліца ў гістарычным цэнтры Гродна[3]. У Каложскім парку ў 2003 годзе ўсталяваны камень-валун у яго гонар (скульптар Панцялееў)[4].

У красавіку 2017 года ў Гродне выбралі эскіз помніка Давыду Гарадзенскаму, на конкурсе перамог праект Сяргея Аганава[5]. У скульптуры Давыд Гарадзенскі стварае адзінае цэлае з канём, закрываючы яго сваім плашчом, у руцэ трымае меч, за спінай шчыт з крыжам. На помніку ёсць выявы гродзенскага Старога замка і Каложскай царквы. Выгляд Давыда Гарадзенскага невядомы, таму скульптар не выяўляў дэталёва яго твар. Помнік пастаўлены ў 2018 годзе на скрыжаванні вуліц Замкавай і Давыда Гарадзенскага[6][7].

 
Помнік Давыду на вуліцы Замкавай у Гродне.

У 2018 годзе вытворца гадзіннікаў «Луч» выпусціў абмежаваную серыю гадзіннікаў «Волат», прысвечаную постаці Давыда Гарадзенскага[8].

Першай спробай напісаць біяграфію Давыда стала кніга «Давыд Гарадзенскі. Герой і легенда» Мікалая Малішэўскага, якая выйшла ў 2019 годзе[9][10].

Зноскі

  1. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5. — Мінск, 1997. С. 565
  2. Давыд Гарадзенскі: што ведаем насамрэч і што прыдумалі «ўдзячныя нашчадкі» пра героя, якому хочуць паставіць помнік. Hrodna.life.
  3. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 91. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  4. Давыд Городенский. Монументальная память г. Гродно.
  5. У Гродне афіцыйна адкрылі помнік Давыду Гарадзенскаму. Hrodna.life.
  6. «Я понимал, что шансов победить у меня ноль»: как в Гродно выбирали лучший эскиз памятника Давыду Городенскому(недаступная спасылка) (руск.)
  7. belsat.eu
  8. «Луч» выпустил лимитированную серию часов в честь знаменитого полководца ВКЛ. Салідарнасць.
  9. У Гродне прэзентавалі кнігу пра Давыда Гарадзенскага. Hrodna.life.
  10. Н. Н. Малишевский. Давыд Городенский. Герой и легенда. — Гродно: ЮрСаПринт, 2019. — 198 с.

Спасылкі правіць

 
У Вікіцытатніку ёсць старонка па тэме Давыд Гарадзенскі

Д — Давыд Гарадзенскі. 5 фактаў пра гарадзенскага старасту які не атрымаў ніводнай паразы ад крыжакоў